Беларусь Напалеона Орды
Замкі, касцёлы, сядзібы, якія Напалеон Орда паспеў зафіксаваць раней, чым іх змянілі ці знішчылі войны і час.
Прадстаўленыя тут літаграфіі былі набытыя на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і Юлі Андрыянавай.
Асвея
Арыгінальны подпіс:
“Асвея належала мсціслаўскаму ваяводу графу Юзафу Гільзэну, пасля якога ў 1781-ым годзе гэтае ўладанне перайшло да роду Шадурскіх. Тут існавалі школы, пансіён для дзяўчат і шпіталь. Дзякуючы клопату ўладальнікаў, згодна з тастаментам Юзафа Гільзэна, некалькі тысяч маладых людзей абодвух палоў атрымалі школьную адукацыю”.
Старажытнае мястэчка на беразе Асвейскага возера на поўначы Беларусі вядомае з XV стагоддзя. У XVIII стагоддзі яно было важным культурным і асветніцкім цэнтрам Віцебшчыны. Сёння – гэта гарадскі пасёлак у Верхнядзвінскім раёне Віцебскай вобласці.
Упершыню Асвея згадваецца ў летапісах у 1503-ім годзе, калі вялікі князь літоўскі Аляксандр падпісаў дамову з маскоўскім князем Іванам III. У той час Асвея належала полацкаму ваяводу Станіславу Глябовічу. Род Сапегаў валодаў Асвеяй каля 150 гадоў.
З 1749-га года Асвея перайшла ва ўладанне да менскага ваяводы Яна Гільзэна – мецэната і аднаго з найбольш адукаваных магнатаў свайго часу. На ягоныя сродкі быў заснаваны кляштар місіянераў, пры якім быў адкрыты калегіум для навучання дзяцей-сірот з сялянскіх сем’яў. Быў таксама пабудаваны касцёл місіянераў, бачны справа на малюнку Напалеона Орды. У 1937-ым годзе святыню ўзарвалі.
Ян Гільзэн распачаў будаўніцтва палаца, якое завяршыў ягоны сын Юзаф Гільзэн у 1782-ім годзе. Палац меў 365 вокнаў – паводле колькасці дзён у годзе, а колькасць залаў адпавядала колькасці тыдняў, а 12 уваходаў сімвалізавалі месяцы, у тым ліку чатыры галоўныя ўваходы з чатырох бакоў свету. Да нашых дзён захаваліся толькі рэшткі сцен палаца.
Пасля смерці Юзафа Гільзэна ў Рыме ў 1786-ым годзе Асвея перайшла да ягонага пляменніка Яна Шадурскага. Той заклаў тут вялікі парк плошчай блізу 40 гектараў з сістэмай сажалак і пад’ёмным мостам.
Напалеон Орда пабываў у Асвеі ў 1876-ым годзе.
Бялынічы
Арыгінальны подпіс:
“Мястэчка на Друці. Раней уласнасць князёў Сапегаў. Касцёл айцоў кармелітаў, вядомы цудадзейным абразом Найсвяцейшай Панны Марыі, быў заснаваны Львом Сапегам, канцлерам Вялікага Княства Літоўскага, у 1623-ім годзе. Пазней перайшоў ва ўласнасць князёў Агінскіх”.
Бялынічы як вёска вядомыя з канца XVI стагоддзя. Цяпер гэта райцэнтр у Магілёўскай вобласці.
Стагоддзі таму мястэчка на Друці знаходзілася пад апекай канцлера Льва Сапегі. Менавіта ён зрабіў Бялынічы буйным рэлігійным цэнтрам, за што селішча называлі “мясцовай Чэнстаховай”. Сапега пабудаваў тут касцёл і кляштар кармелітаў з багатай гаспадаркай, а таксама падарыў абраз, які пазней стаў называцца цудатворным абразом Маці Божай Бялыніцкай і шанаваўся ўсімі хрысціянскімі канфесіямі.
У першай палове XVIII стагоддзя манастыр і касцёл згарэлі. У 1761-ым годзе быў закладзены мураваны касцёл. Яго дабудавалі і асвяцілі ў гонар Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ўжо ў часы, калі Бялынічамі валодалі Агінскія. Святыня ўмяшчала тры тысячы чалавек. Гэтую бажніцу ў 1870-ыя гады пабачыў і намаляваў Напалеон Орда.
У 1867-ым годзе, пасля паўстання Кастуся Каліноўскага, касцёл быў закрыты і перададзены праваслаўнаму духавенству. Пазней тут быў заснаваны праваслаўны манастыр.
Савецкія ўлады ператварылі святыню ў клуб, а пасля ў склад. Будынак перажыў Другую сусветную вайну, нягледзячы на тое, што тут ішлі баі. У 1960-ых ён быў узарваны.
Да нападу нацысцкай Нямеччыны на Савецкі Саюз абраз Маці Божай Бялыніцкай захоўваўся ў Магілёве і знік адтуль разам з крыжам Еўфрасінні Полацкай.
Высокае
Арыгінальны подпіс:
“Старажытнае гняздо князёў Сапегаў. Князь Аляксандр Сапега, канцлер вялікі літоўскі, залажыў у 1785-ым годзе кляштар ксяндзоў баніфратараў са шпіталем для хворых. Цяпер уласнасць графіні Марыі Патоцкай”.
Самы заходні горад Беларусі, які знаходзіцца ў Камянецкім раёне Берасцейскай вобласці. Да 1939-га года меў назву Высокае-Літоўскае. Упершыню згадваецца ў летапісах у XIV стагоддзі ў сувязі з тым, што яго наведаў вялікі князь Гедзімін.
З 1647-га года Высокім валодалі Сапегі, якія збудавалі тут магутны замак. Да нашых дзён ад яго захаваліся толькі земляныя валы, водныя каналы і руіны цэнтральнай брамы. У часы наведвання Высокага Напалеонам Ордам гэтая брама яшчэ была цэлым мураваным двухпавярховым будынкам з круглымі вежамі паабапал.
На літаграфіі Орды злева ў глыбіні бачны касцёл Святой Тройцы, заснаваны ў 1603-ім годзе. Ён шматразова перабудоўваўся, быў значна пашкоджаны ў Другую сусветную вайну, але захаваўся да нашых дзён.
Захаваўся таксама будынак узгаданага ў Ордавым подпісе “кляштара ксяндзоў баніфратараў са шпіталем для хворых”.
Графіня Марыя Патоцкая, якая валодала Высокім у часы візіту Напалеона Орды, вяла надзвычай актыўную і вельмі паспяховую гаспадарчую дзейнасць. Селектыўнае насенне з уладанняў арыстакраткі здабывала залатыя медалі на міжнародных выставах у Парыжы і ў Чыкага.
Гейстуны
Арыгінальны подпіс:
“Уласнасць паэта Антонія Эдварда Адынца. Тут ён нарадзіўся ў 1804-ым годзе”.
Вёска ў Ашмянскім раёне Гарадзенскай вобласці. Вядомая як радзіма паэта, перакладчыка, мемуарыста і выдаўца Антонія Адынца. Быў удзельнікам таварыства філарэтаў, сябраваў з Адамам Міцкевічам, Тамашом Занам, Ігнатам Дамейкам і Ігнатам Ходзькам.
У 1870-ых гадах у сядзібе Адынца гасцяваў Напалеон Орда. Дом Адынцоў, які ён намаляваў, быў пабудаваны ў 1760-ым годзе і меў 8 пакояў.
Сядзіба не захавалася – у 1895-ым годзе, калі ёй ужо валодала дачка паэта, дом згарэў.
Геранёны
Арыгінальны подпіс:
“Геранёны, паводле старадаўніх хронік, былі перададзеныя вялікім князем Эрдзівілам адважнаму ваяводу Грумпію, чый сын Гаштольд стаў пачынальнікам знакамітага роду Гаштольдаў, што згас у 1542-ім годзе. Тут жыла Барбара Радзівіл, стаўшы жонкай Станіслава Гаштольда ў 1538-ым годзе. Цяпер уласнасць роду Мілеўскіх”.
Сёння Геранёны – гэта аграгарадок у Івейскім раёне. Сваю пісьмовую гісторыю селішча вядзе з 1403-га года. У 1529-ым годзе ў Геранёнах быў пабудаваны мураваны касцёл – адзін з найстарэйшых на тэрыторыі Беларусі. Менавіта ў ім Станіслаў Гаштольд узяў шлюб з Барбарай Радзівіл.
Гэты касцёл, які носіць імя святога Мікалая, у перабудаваным выглядзе трапіў на малюнак Напалеона Орды і дайшоў да нашых дзён.
На малюнку зафіксаваныя руіны замка, якія таксама можна ўбачыць і сёння. Гэта Геранёнскі замак, які быў узведзены пры бацьку Станіслава Гаштольда.
Род Корвін-Мілеўскіх атрымаў Геранёны ў валоданне пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Ад радавога палаца, пабудаванага Оскарам Корвін-Мілеўскім у XIX стагоддзі (палац заўважны на другім плане малюнка Орды), да нашых дзён захаваліся толькі дзве брамы і гаспадарчыя пабудовы.
Гомель
Арыгінальны подпіс:
“Адно з найбуйнейшых і найбагацейшых старостваў. Перад палацам тут стаіць конны помнік князю Юзафу Панятоўскаму, аўтарства Торвальдсэна, прызначаны для горада Варшавы і ўсталяваны за кошт вайсковага збору – па пяць грошаў з кожнага. Цяпер уласнасць князя Паскевіча”.
Напалеон Орда намаляваў палац Паскевічаў у 1877-ым годзе. Гэта галоўная славутасць Гомеля, заснаванага ў XII стагоддзі на правым беразе Сожа.
Палац абавязаны сваім узнікненнем графу Пятру Румянцаву, які распачаў яго будаўніцтва ў 1777-ым годзе. У XIX стагоддзі наступны ўладальнік Гомеля Іван Паскевіч перабудаваў палац і стварыў вакол яго маляўнічы парк.
Асаблівую ўвагу ў арыгінальным подпісе да свайго малюнка Напалеон Орда надае коннаму помніку князю Юзафу Панятоўскаму, нацыянальнаму герою Польшчы. Аўтар манумента – дацкі скульптар Бэртэль Торвальдсэн. Помнік заўважны на літаграфіі ў правай палацавай частцы на тэрасе.
Помнік першапачаткова прызначаўся для Варшавы, але пасля паўстання 1831-га года не быў там усталяваны і ў выніку апынуўся ў Гомелі, у княскім парку Паскевічаў, дзе прастаяў 82 гады.
Пасля Рыжскага міру 1921-га года помнік Панятоўскаму быў вернуты ў Варшаву. Арыгінальная скульптура была знішчаная падчас Другой сусветнай вайны. У пасляваенны час была створаная яе копія.
На сённяшні дзень помнік Панятоўскаму стаіць перад Прэзідэнцкім палацам у Варшаве. З 1870-га да 1917-га года на гэтым месцы стаяў помнік уладальніку гомельскага палаца Івану Паскевічу як фельдмаршалу, князю Варшаўскаму і намесніку Царства Польскага.
Палацавы комплекс Румянцавых-Паскевічаў захаваўся да нашых дзён. У 1919-ым годзе ён быў канфіскаваны савецкімі ўладамі. Пасля Другой сусветнай вайны ў ім размяшчаўся Палац піянераў. У нашыя дні тут знаходзіцца музей.
Грушаўка
Арыгінальны подпіс:
“Спадчына роду Рэйтанаў, цяпер уласнасць Юзафа Рэйтана”.
Вёска Грушаўка, што цяпер у Ляхавіцкім раёне Берасцейскай вобласці, вядомая з XVI стагоддзя. Належала Барбары Радзівіл.
З канца XVII стагоддзя грушаўскі маёнтак звязаны з родам Рэйтанаў, які мае прускае паходжанне. Дамінік Рэйтан быў наваградскім падкаморым і пабудаваў на ўскрайку Грушаўкі палац, вядомы з іншага малюнка Напалеона Орды. Гэты палац не захаваўся. На яго месцы быў пабудаваны драўляны палац, які стаіць да сёння.
У Грушаўцы ў 1740-ым годзе нарадзіўся Тадэвуш Рэйтан. Ён праславіўся тым, што на сойме ў Варшаве, які мусіў пацвердзіць першы падзел Рэчы Паспалітай, лёг крыжам перад выхадам са словамі: “Тапчыце мяне, але не тапчыце дзяржавы!” Гэты момант Ян Матэйка адлюстраваў на сваім знакамітым палатне, а Адам Міцкевіч уславіў Рэйтана ў паэме “Пан Тадэвуш”.
У сярэдзіне XIX стагоддзя ў Грушаўцы збіраліся паставіць помнік Тадэвушу Рэйтану, і помнік быў ужо адліты, але пасля паўстання 1863-га года царскія ўлады забаранілі яго ўсталяванне. І помнік быў перавезены і пастаўлены ў Кракаве.
Напалеон Орда бываў у Грушаўцы неаднаразова. На літаграфіі прэзентуюцца намаляваныя ім мураваныя флігелі, што размяшчаліся побач з аднапавярховым палацам. У адным з іх правёў свае апошнія гады Тадэвуш Рэйтан. За савецкім часам у гэтым флігелі зрабілі лазню, а потым будынак прыйшоў у заняпад.
Сядзібны комплекс Грушаўка адноўлены ў нашыя дні.
Дзевятня
Арыгінальны подпіс:
“Месца нараджэння знакамітага пісьменніка Ігната Ходзькі, які прыйшоў на свет у 1795-ым годзе, памёр 1-га жніўня 1861-га года”.
Маёнтак Дзевятня быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Знаходзіўся побач з вёскай Навасады – сёння яна ў Вялейскім раёне Менскай вобласці.
У гэтым маёнтку правёў большую частку свайго жыцця Ігнат Ходзька, пісьменнік і мемуарыст, аўтар “Літоўскіх малюнкаў”, “Запісак квестара”, “Літоўскіх паданняў”, у якіх апісаў беларускія мясціны, жыццё і побыт мясцовага насельніцтва.
Маёнтак Дзевятня складаўся з двух сумежных будынкаў: жылога дома і скарбніцы. Да нашых дзён маёнтак не захаваўся – быў знішчаны падчас Першай сусветнай вайны.
Жамыслаўль
Арыгінальны подпіс:
“Уласнасць роду Умястоўскіх. Палац узведзены Юзэфай Умястоўскай”.
Мураваны палац, што існуе і сёння ў вёсцы Жамыслаўль Івейскага раёна Гарадзенскай вобласці, пабудавала жонка Казіміра Умястоўскага – Юзэфа Умястоўская з Дунін-Раецкіх. Будаўніцтва вялося ў 1863–1877 гадах на месцы старога драўлянага сядзібнага дома.
Велічны палац быў пабудаваны паводле ўзору каралеўскай рэзідэнцыі Лазенкі ў Варшаве.
Сын Юзэфы – Уладзіслаў Умястоўскі – і ягоная жонка Яніна з Астрарог-Садоўскіх пасля наведвання Венецыі вырашылі пракласці блізу ракі Гаўі адмысловыя каналы і разбіць парк, які і назвалі “Венецыяй”.
Падчас Першай сусветнай вайны палац Умястоўскіх стаў здраўніцай для нямецкіх жаўнераў і быў разрабаваны імі – вывезлі з яго ўсе карціны і мэблю.
За савецкім часам у палацы месцілася кіраўніцтва саўгаса, клуб і бібліятэка. У 2013-ым годзе здарыўся пажар. У нашыя дні палац знаходзіцца ў стане заняпаду.
Камянец
Арыгінальны подпіс:
“Мястэчка знаходзіцца на ўскраіне Белавежскай пушчы недалёка ад Берасця-Літоўскага. Захавалася вежа ад замка, збудаванага Алексам для абароны ад яцвягаў блізу 1276-га года паводле загаду валынскага князя Уладзіміра”.
Старажытнае мястэчка на паўднёвым захадзе Беларусі каля Белавежскай пушчы. Цяпер гэта райцэнтр у Берасцейскай вобласці. Яго галоўны сімвал – Камянецкая вежа, найлепш захаваная і найвышэйшая абарончая вежа валынскага тыпу. Адзіная з тых, што некалі былі пабудаваныя на беларускіх землях.
Вежа была ўзведзеная ў 1276–1288 гадах на левым беразе ракі Лясной дойлідам Алексам на загад валынскага князя Уладзіміра Васількавіча. Яна была часткаю мураванага замка, прызначанага для абароны ад яцвягаў, і служыла сховішчам для людзей падчас варожай аблогі.
Больш за 700 гадоў вежа вытрымлівала вайсковыя атакі. Тут спыняліся на адпачынак уладары ВКЛ і польскія каралі.
У XVIII–XIX стагоддзях вежа моцна пацярпела ад разбору цэглы на гаспадарчыя патрэбы. Была зробленая спроба разабраць вежу цалкам, аднак гэта аказалася немагчымым з-за надзвычай трывалага муравання.
З 1960-га года ў Камянецкай вежы месціцца філіял Берасцейскага абласнога краязнаўчага музея.
Напалеон Орда пабываў у Камянцы і намаляваў мястэчка і вежу ў красавіку 1876-га года.
Крэва
Арыгінальны подпіс:
“Руіны знакамітага замка. Тут у дзяцінстве перад уступленнем на трон жыў вялікі князь Альгерд. Тут ёсць памятная ў гісторыі вежа, вядомая трагічнай смерцю вялікага князя літоўскага Кейстута ў 1382-ім годзе”.
Крэва з’яўляецца месцам шматлікіх гістарычных падзеяў, адным з асноўных сімвалаў сярэднявечнай гісторыі Беларусі. Сёння гэта аграгарадок у Смаргонскім раёне.
Крэва вядомае найперш дзякуючы аднаму з найстарэйшых мураваных замкаў Вялікага Княства Літоўскага. Замак быў пабудаваны ў XIV стагоддзі будучым вялікім князем літоўскім Альгердам, сынам Гедзіміна. Менавіта пры Альгерду, які тут жыў, ВКЛ узмацнілася і тэрытарыяльна значна пашырылася.
У 1382-ім годзе ў замкавай вежы загінуў малодшы брат Альгерда, вялікі князь Кейстут, якога забілі падчас дынастычнага канфлікту з Ягайлам. У 1385-ым годзе ў замку была падпісаная Крэўская унія, якая дала пачатак аб’яднанню ВКЛ з Польшчай.
Напалеон Орда пабачыў і зафіксаваў Крэўскі замак ужо ў выглядзе руін. Разбурэнне давяршыла Першая сусветная вайна.
У апошнія гады Крэўскі замак знаходзіцца ў стане кансервацыі і паступовай рэстаўрацыі.
Лагойск
Арыгінальны подпіс:
“Мястэчка вядомае з 1128-га года. У 1505-ым годзе татары знішчылі тутэйшы замак і забралі ў палон сыноў князя Сямёна Чартарыйскага. Ваявода падляскі Васіль Тышкевіч узяў у жонкі Аляксандру Чартарыйскую, дачку Сямёна. Ад гэтага часу Лагойск стаў уладаннем Тышкевічаў, зацверджаным для гэтага роду прывілеем Жыгімонта І з 1528-га года. Пасля разбурэння замка ў 1706-ым годзе шведамі граф Станіслаў Тышкевіч на замчышчы пабудаваў кляштар базыльянаў. Сёння гэта ўласнасць графа Оскара, сына графа Канстанціна, археолага і пісьменніка”.
Лагойскі палац, зафіксаваны на малюнку Напалеона Орды з боку ракі Гайны, быў пабудаваны ў 1814–1819 гадах графам Піем Тышкевічам, буйным збіральнікам культурнай спадчыны, які значна папоўніў музейны збор і галерэю роду Тышкевічаў.
Каля палаца быў закладзены парк. Аб’ёмную кампазіцыю палаца фармавалі тры злучаныя паміж сабою часткі: сярэдняя двухпавярховая і дзве бакавыя аднапавярховыя. Фасад сярэдняга палацавага корпуса вылучаўся глыбокім шасцікалонным порцікам. Шматлікая залы ў палацы былі адведзеныя пад музейныя зборы Тышкевічаў.
За савецкім часам Лагойскі палац і іншыя пабудовы былі прыстасаваныя для розных адміністрацыйна-гаспадарчых патрэб. Скляпенні палаца НКУС выкарыстоўвала як вязніцу, а ў часы Другой сусветнай немцы прызначылі іх для тых жа мэтаў. Напрыканцы вайны палац Тышкевічаў быў узарваны.
Ліда
Арыгінальны подпіс:
“Мястэчка вельмі старажытнае. Руіны замка, пабудаванага вялікім князем літоўскім Гедзімінам у 1323-ім годзе. У гэты замак прыязджалі вялікі князь Вітаўт, Ягайла, Аляксандр Ягелончык. Тут жыў татарскі хан Тахтамыш, а лідскім старастам быў Хаджы-Гірэй – будучы крымскі хан. Замак быў разбураны шведамі блізу 1710-га года”.
Лідскі замак быў пабудаваны ў гады найбольш моцнага націску крыжакоў. Яго ўзвялі на шляху ў глыб Вялікага Княства Літоўскага паводле загаду князя Гедзіміна ў 1323-ім годзе.
Цягам сваёй гісторыі замак неаднаразова быў разбураны. Апошні раз яго знішчылі шведы падчас Паўночнай вайны. Пасля гэтага замак ужо не аднаўляўся з-за страты ваеннага значэння. Фартыфікацыя была рэканструяваная ўжо ў нашыя дні.
Напалеон Орда пабачыў Лідскі замак без вежаў. Ці то сам Орда, ці то ўжо літограф Алаіз Місуровіч намаляваў круглую вежу, якой ніколі не існавала, і вынес яе за мяжу сцяны.
У нашыя дні была праведзеная рэстаўрацыя сценаў і вежаў Лідскага замка.
Побач з замкам на малюнку Орды бачны Крыжаўзвіжанскі касцёл, пабудаваны ў 1770-ым годзе. Касцёл існуе і сёння.
Арыгінал акварэлі, паводле якой была зробленая гэта літаграфія, страчаны.
Мір
Арыгінальны подпіс:
“Руіны цудоўнага замка, пабудаванага ў канцы XV стагоддзя Юрыем Іллінічам. Ягоны сын, не маючы спадкаемцаў, завяшчаў сваё ўладанне князю Мікалаю Крыштофу Радзівілу Сіротку ў 1568-ым годзе”.
Мірскі замак быў пабудаваны на пачатку XVI стагоддзя магнацкім родам Іллінічаў. Пазней ён належаў Радзівілам, Вітгенштэйнам, Святаполк-Мірскім.
Напалеон Орда зафіксаваў від з боку ракі Міранкі і выгляд Мірскага замка ў другой палове XIX стагоддзя. Малюнак адносіцца да аднаго з найлепшых твораў у спадчыне мастака. Але яго нельга разглядаць як дакумент: на вяршыні ўзгорка паўстае зубчасты сілуэт паўразбуранага замка з шмат’яруснымі байніцамі на сценах, пры гэтым ані зубцоў, ані такіх байніц замак ніколі не меў.
На той час, а малюнак быў зроблены мастаком у канцы 1860-ых гадоў, замак быў значны пашкоджаны. У прыватнасці, у 1812-ым годзе была ўзарваная паўночна-ўсходняя вежа, сцены былі разбураныя і спаленыя.
Рэстаўрацыйныя і кансервацыйныя працы ў Мірскім замку пачаліся яшчэ за савецкім часам.
Наваградак
Арыгінальны подпіс:
“Горад і замчышча вельмі знакавыя для гісторыі. Пасля вядомага нападу татараў у 1241-ым годзе вялікі князь літоўскі Эрдзівіл адбудаваў гэты горад і далучыў яго да Літвы. Тут, паводле паданняў некаторых гісторыкаў, прыняў хрышчэнне і каранаваўся на караля ў 1252-ім годзе Міндоўг. У 1422-ім годзе тут адбыўся шлюб Уладзіслава Ягайлы з Соф’яй, князёўнай Кіеўскай”.
Старадаўняе месца, адзін з найстаражытнейшых палітычных і культурных цэнтраў Вялікага Княства Літоўскага, першая сталіца ВКЛ.
Пасля разбурэнняў, нанесеных татарамі ў 1241-ым годзе падчас іхняга заходняга паходу, Наваградак быў адноўлены і ўключаны ў склад Вялікага Княства Літоўскага. У арыгінальным подпісе да літаграфіі Напалеона Орды здзяйсненне гэтага прыпісваецца вялікаму князю літоўскаму Эрдзівілу.
Лічыцца, што менавіта ў Наваградку князь Міндоўг прыняў хрысціянства і ў 1252-ім годзе быў каранаваны на караля Літвы (быў адзіным у гісторыі каралём ВКЛ).
У 1422-ім годзе ў Наваградку адбыліся шлюбныя ўрачыстасці вялікага князя літоўскага і караля польскага Уладзіслава Ягайлы і Соф’і Гальшанскай. Гэта адбылося ў фарным касцёле, што заўважны справа ад замка на малюнку Напалеона Орды і захаваўся да нашых дзён. Гэты шлюб паклаў пачатак каралеўскай дынастыі Ягелонаў.
Наваградскі замак будаваўся цягам XIV–XVI стагоддзяў, быў адным з наймагутнейшых на беларускіх землях.
Напалеон Орда маляваў замак у ліпені 1876-га года і застаў яго ўжо ў руінах. Але вежа, адлюстраваная на малюнку злева, выглядае яшчэ даволі трывалай. Аднак у 1916-ым годзе значная частка гэтай вежы, што носіць назву Шчытоўка, абрынулася.
Нясвіж
Арыгінальны подпіс:
“Горад, вядомы з 1224-га года. Блізу 1430-га года належаў Федзьку, літоўскаму князю, пасля стаў уласнасцю роду Кішкаў. Пасля Ганны Кішчанкі, жонкі Яна Радзівіла, кашталяна троцкага, перайшоў ва ўладанне Радзівілаў. Мікалай, званы Чорным, у 1549-ым годзе атрымаў тытул князя. Князь Мікалай Крыштаф, празваны Сіроткам, узвёў мураваны замак”.
Напалеон Орда пабываў у Нясвіжы ў ліпені 1876-га года і выканаў тут восем розных малюнкаў з пейзажамі горада.
На гэтай літаграфіі паказаная панарама Нясвіжа з відам з процілеглага боку ракі Ушы. Справа месціцца замкавы комплекс Радзівілаў, злева – касцёл і кляштар бернардзінцаў, замкавая вежа, фарны касцёл і званіца.
У 2005-ым годзе фрагмент менавіта гэтага малюнка Орды быў змешчаны на адваротным баку купюры вартасцю ў 100 тыс. рублёў, самай буйной на той момант у Беларусі.
Неўзабаве пасля наведвання Нясвіжа Напалеонам Ордам тут распачаліся маштабныя рамонтныя работы, вакол Радзівілаўскага палаца былі закладзеныя паркі, і яго аблічча змянілася.
У пасляваенныя гады ў замку размяшчаўся санаторый “Нясвіж”, і толькі ў 2000-ыя тут пачаліся рэстаўрацыйныя працы, якія вярнулі палацу былую веліч.
Скокі
Арыгінальны подпіс:
“Недалёка ад Берасця. Гэта месца нараджэння Юльяна Урсына Нямцэвіча, ваяра, пісьменніка і паэта. Нарадзіўся 16-га лютага 1757-га года. Памёр у Парыжы 21-га траўня 1841-га года”.
Радавая сядзіба Нямцэвічаў у Скоках пад Берасцем. Скокі перайшлі ў валоданне гэтага роду ў XVII стагоддзі. Мураваны палац, які намаляваў Орда, паўстаў у 1770-ыя гады на месцы старога дома, у якім нарадзіўся сябра і ад’ютант Тадэвуша Касцюшкі, пісьменнік Юльян Урсын Нямцэвіч.
Сядзіба захавалася да нашых дзён, выстаяўшы цягам трох войнаў, чатырох паўстанняў і двух пажараў.
Упершыню гэты маёнтак быў няшчадна разрабаваны царскімі войскамі пасля паразы паўстання 1794-га года. Як пісаў Юльян Нямцэвіч ва ўспамінах, гэта адбылося “з такою заўзятасцю, што не толькі дом абдзерлі, але і коней, і іншых жывёлін забралі, нават не прапусцілі маленькага сабачку, якога разнеслі на піках”.
У пачатку XX стагоддзя палац Нямцэвічаў у Скоках стаў цэнтрам галоўных еўрапейскіх падзеяў: падчас Першай сусветнай вайны цягам амаль двух гадоў у гмаху месцілася стаўка галоўнакамандуючага Усходнім фронтам, баварскага прынца Леапольда. Менавіта ў Скокаўскім палацы 15-га снежня 1917-га года было падпісанае ваеннае перамір’е паміж Савецкай Расеяй з аднаго боку і Нямеччынай з саюзнікамі з іншага. Гэтае перамір’е спыніла вайну і пазней завяршылася падпісаннем знакамітага Берасцейскага міру.
Напалеон Орда намаляваў мураваны палац у Скоках у 1860-ых гадах. Адноўлены і адрэстаўраваны будынак з 2012-га года з’яўляецца музеем.
Смольгаў
Арыгінальны подпіс:
“Месца нараджэння паэта Людвіка Кандратовіча, вядомага пад псеўданімам Уладзіслаў Сыракомля. Нарадзіўся 17-га верасня 1822-га года. Памёр у Вільні 15-га верасня 1862-га года”.
Радзіма “лірніка вясковага” – паэта і пісьменніка Уладзіслава Сыракомлі. Вёска Смольгаў існуе і сёння, знаходзіцца ў Любанскім раёне Менскай вобласці.
Смольгаўскія землі з пачатку ХІV стагоддзя і цягам наступных чатырох стагоддзяў належалі Радзівілам, якія аддавалі іх, як і іншыя свае шматлікія маёнткі, у арэнду менш заможнай шляхце. Бацька Сыракомлі арандаваў адзін з двух фальваркаў, што існавалі блізу вёскі Смольгаў.
З жыццяпісу Сыракомлі вядома, што ягоная сям’я з’ехала са Смольгава, калі паэту не было яшчэ і двух гадоў.
Напалеон Орда пабываў тут у 1870-ых гадах. Намаляваны мастаком жылы дом з ганкам і чатырма слупамі суцэльна адпавядае архіўнаму інвентарнаму апісанню дома, у якім у 1823-ім годзе нарадзіўся Уладзіслаў Сыракомля.
Фальварак да нашых дзён не захаваўся.
Шаўры
Арыгінальны подпіс:
“Маёнтак Тэадора Нарбута, аўтара “Гісторыі Літвы”. Нарадзіўся ў 1784-ым годзе, памёр у 1864-ым годзе”.
Радавы маёнтак Нарбутаў побач з вёскай Шаўры.
Самыя знакамітыя з роду Нарбутаў – гісторык ВКЛ, аўтар 9-томнай “Гісторыі літоўскага народа”, археолаг Тэадор Нарбут, а таксама два ягоныя сыны: адзін з герояў і кіраўнікоў паўстання 1863–1864 гадоў Людвік Нарбут і вядомы лекар-навуковец ды мецэнат Станіслаў Нарбут.
Сядзібу, пабудаваную ў другой палове XVIII стагоддзя, знішчылі царскія ўлады з-за ўдзелу Нарбутаў у паўстанні – Людвік Нарбут стварыў адзін з першых паўстанцкіх атрадаў на беларускіх землях.
Вёска Шаўры існуе і сёння, знаходзіцца ў Воранаўскім раёне Гарадзенскай вобласці.
Арыгінал акварэлі, паводле якой была зробленая гэта літаграфія, страчаны.