
Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Польшчы тры гістарычныя фотаздымкі 1930-х гадоў, звязаныя з радзімай Тадэвуша Касцюшкі – Косавам і Мерачоўшчынай.
Галоўная знаходка – фатаграфія шыльды з барэльефным партрэтам Касцюшкі. Гэты памятная табліца калісьці ўпрыгожвала дом у Мерачоўшчыне, дзе Тадэвуш нарадзіўся. Набыты здымак мае памер усяго 10х14 см. Ён датаваны 1936 годам і можа быць адзінай вядомай выявай мемарыяльнай шыльды.
На двух іншых фотаздымках аўтарства палескага дакументальнага фатографа Юзафа Шыманчыка зафіксаваны суседні палац Пуслоўскіх, што знаходзіцца ў Косаве побач з Мерачоўшчынай. Гэта адзін з самых пазнавальных архітэктурных помнікаў Беларусі. На першым фота бачны фрагмент палацавага фасада, на другім – агульны выгляд будынка з яго характэрнымі вежамі.
Асабліва цікавы стан палаца на фотаздымках. На адным з іх бачныя выбітыя вокны і часткова разбураныя інтэр’еры. Гэта дазваляе ўбачыць помнік не толькі як архітэктурную славутасць, але і як сведку драматычных падзей ХХ стагоддзя.
Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:
“У гэтым выпадку слова “вяртанне” мае літаральны сэнс. Гэтыя фотаздымкі былі зробленыя ў Беларусі, захавалі сведчанні пра яе часовае польскае мінулае і цяпер вяртаюцца ў месца свайго ўзнікнення. Паколькі аўтар двух здымкаў Юзаф Шыманчык нарадзіўся і жыў у Косаве, а іх уладальнік Чэслаў Гаке працаваў там у 1930-я гады, то мы вяртаем яшчэ і частку спадчыны людзей, чые лёсы былі звязаныя з Беларуссю”.
Усе тры фотарарытэты былі набытыя на аўкцыёне ў Польшчы дзякуючы штомесячным ахвяраванням прыхільнікаў ініцыятывы. Наступныя зборы адкрытыя для ўсіх – падтрымаць іх можна праз форму.
У будучыні фотаздымкі будуць перададзеныя ў Музей-сядзібу Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне.
Кажа сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:
“Для нас асабліва важна, што такія знаходкі становяцца магчымымі дзякуючы рэгулярным ахвяраванням. Нават невялікія штомесячныя ўнёскі з часам ператвараюцца ў нешта трывалае – у выратаваныя артэфакты, вернутыя старонкі беларускай гісторыі, новыя музейныя набыткі. Гэта добры прыклад таго, як агульнымі намаганнямі можна рабіць справы, вынікі якіх застануцца надоўга. І кожны, хто падтрымлівае MALDZIS, мае да гэтых вынікаў непасрэднае дачыненне”.
Пра гісторыю, выяўленую на здымках
У 1746 годзе ў невялікім драўляным доме ў Мерачоўшчыне, непадалёк ад Косава, нарадзіўся Тадэвуш Касцюшка – будучы герой барацьбы за незалежнасць Злучаных Штатаў Амерыкі, кіраўнік паўстання 1794 года і адзін з самых вядомых ураджэнцаў беларускіх земляў. Сёння – 15 кастрычніка – адзначаецца 209 гадавіна з дня ягонай смерці.
У міжваенны час, калі Заходняя Беларусь знаходзілася ў складзе Польшчы, памяць пра Касцюшку на ягонай радзіме пачалі ўшаноўваць па-новаму. Дом, у якім ён нарадзіўся, адрамантавалі, а ў 1936 годзе ў ім адкрылі невялікі музей. Прыблізна ў гэты ж час на будынку з’явілася бронзавая шыльда з рэльефным партрэтам Касцюшкі і памятным надпісам. Менавіта гэты мемарыяльны знак і захаваў фотаздымак, які прыдбала ініцыятыва MALDZIS.
На адваротным баку фатаграфіі ёсць рукапіснае тлумачэнне на польскай мове: “Шыльда на драўляным будынку ў Мерачоўшчыне каля Косава-Палескага. Зроблены здымак у 1936 годзе”.
Мемарыяльную табліцу, імаверна, сарвалі ў 1939 годзе – пасля ўваходу Чырвонай Арміі ў Заходнюю Беларусь і ўсталявання савецкай улады. Яе далейшы лёс невядомы.
Не перажыў вайну і сам дом Касцюшкі. У жніўні 1942 года ён быў спалены. Больш за шэсць дзесяцігоддзяў месцы нараджэння героя заставалася пустым. Толькі ў 2004 годзе дом аднавілі на старых падмурках і зноў адкрылі музей. Але бронзавая шыльда з партрэтам Касцюшкі так і не вярнулася.
Таму набыты MALDZIS здымак з’яўляецца ўнікальным візуальным сведчаннем пра былы помнік.
Яшчэ два набытыя здымкі паказваюць косаўскі палац Пуслоўскіх, размешчаны побач з Мерачоўшчынай. Неагатычны палац быў узведзены ў XIX стагоддзі на замову Вандаліна Пуслоўскага. Сваім кшталтам з дванаццаццю вежамі будынак нагадвае сярэднявечны замак. У міжваенны перыяд палац выкарыстоўваўся для розных адміністрацыйных і грамадскіх патрэб.
На адным з набытых фотаздымкаў бачны агульны выгляд палаца, на другім – яго фасад зблізку. На апошнім фота можна разгледзець выбітыя вокны і сляды пашкоджанняў.
Фатаграфіі адносяцца да 1930-х гадоў. На адваротным баку аднаго са здымкаў пазначаны 1936 год.
У 1944 годзе палац моцна пацярпеў ад пажару. У наступныя дзесяцігоддзі ён паступова ператвараўся ў руіны. Аднак у адрозненне ад гістарычнага дома Касцюшкі, яго сцены захаваліся. У нашыя дні палац быў адрэстаўраваны і зноў адкрыты для наведвальнікаў.
Пра тых, хто здымаў і захаваў
На адваротных баках усіх трох здымкаў захаваліся штампы “Archiwum płk. dr. Czesława Hake” – архіў палкоўніка доктара Чэслава Гаке. Акрамя таго, на фота з выявамі палаца таксама ёсць штампы – падцвярджэнні аўтарства фатографа Юзафа Шыманчыка, які быў родам з беларускага Косава і пражыў там больш за 30 гадоў.
Шыманчык – вядомы ў Польшчы і амаль зусім невядомы ў нас прафесійны фатограф Палесся міжваенных часоў. Ён здымаў палескія краявіды і жыццё мясцовых жыхароў.
Яшчэ больш нечаканай аказалася гісторыя Чэслава Гаке. Гэты польскі вайсковец, педагог і спартовец, які стаў удзельнікам Другой сусветнай вайны і афіцэрам Арміі Краёвай, у 1935–1937 гадах жыў і працаваў менавіта ў Косаве-Палескім.
Час знаходжання Гаке ў Косаве супадае з датаваннем фатаграфій, набытых ініцыятывай MALDZIS. Таму цалкам магчыма, што яны трапілі ў ягоны архіў яшчэ ў 1930-я гады, непасрэдна ў Косаве.
У аўкцыённым апісанні фотаздымка шыльды ў гонар Касцюшкі сцвярджалася, што яго зрабіў чалавек, які жыў у гэтых мясцінах у 1936–1937 гадах і сябраваў з уладальнікам суседняга палаца Пуслоўскіх. Ці быў гэтым чалавекам сам Чэслаў Гаке, яшчэ трэба высветліць.
Такім чынам, набытыя фатаграфіі захавалі не толькі выгляд гістарычных помнікаў, але і сляды людзей, дзякуючы якім гэтыя выявы дайшлі да нас. Як высвятляецца, усе яны былі звязаныя з Беларуссю – паходжаннем, творчасцю ці месцам працы.