MALDZIS набыў раннюю карціну Міхаіла Кікоіна

Гэта вяртанне ў беларускі кантэкст імя мастака родам з Гомеля.

Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі карціну знакамітага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва – Міхаіла Кікоіна, які паходзіў з Гомеля.

Набытая работа была выканана ў тэхніцы алейнага жывапісу на дошцы. Яна мае авальную форму і падпісаная аўтарам.  

Карціна носіць назву “Партрэт жанчыны”, датуецца 1918–1920 гадамі. Гэта ранні парыжскі перыяд творчасці мастака, калі ён яшчэ жыў у інтэрнаце бедных мастакоў “La Ruche” (“Вулей”) і толькі пачынаў набываць прызнанне.

Карціна Міхаіла Кікоіна, якую ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі. 27 кастрычніка 2026 года. Варшава, Польшча. Фота: Таццяна Капітонава / MALDZIS

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

“Вяртанне імёнаў мастакоў Парыжскай школы – гэта не толькі праца з мінулым і з нашай гістарычнай памяццю, калі мы аднаўляем забытыя ці невядомыя старонкі і постаці. Лёс і творчасць Кікоіна даюць нам новы доказ таго, што Беларусь была часткай еўрапейскай культуры і зрабіла значны ўнёсак у яе развіццё”.

Твор Кікоіна быў куплены на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай.

У будучыні набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунка. У гомельскіх музеях няма жывапісных твораў Кікоіна.

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

“Асаблівая каштоўнасць гэтай пакупкі ў тым, што яна належыць да ранняга парыжскага перыяду Кікоіна – таго часу, калі ў “Вуллі” фактычна нараджалася гісторыя Парыжскай школы. Такім чынам, гэта не проста твор вядомага мастака, гэта сведчанне моманту, калі фармавалася еўрапейскае мастацтва ХХ стагоддзя. І Кікоін быў адным з тых, хто яго ствараў”.

Лёс і спадчына Міхаіла Кікоіна яднаюць Беларусь з Францыяй, Літвой, Ізраілем і нагадваюць пра глабальны маштаб беларускай культуры.

Кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч і менеджарка Таццяна Капітонава з карцінай Міхаіла Кікоіна, якую ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі. 27 кастрычніка 2026 года. Варшава, Польшча. Фота: MALDZIS

Пра Міхаіла Кікоіна

Мастак нарадзіўся 14 траўня 1892 года ў габрэйскай сям’і Кікоінаў у Гомелі. Ягоны бацька працаваў у банку. Неўзабаве сям’я пераехала ў горад Рэжыцу Віцебскай губерні (цяпер латвійскі горад Рэзэкнэ). У 1904 годзе Кікоіны перабраліся адтуль у Менск.

З 1905 года Міхаіл вучыўся ў Менскім камерцыйным вучылішчы, а паралельна наведваў заняткі ў прыватнай мастацкай школе Якава Кругера. Тут ён пасябраваў з Хаімам Суціным.

У 1909 годзе Кікоін разам з Суціным супраць волі сваёй сям’і пераехаў у Вільню і паступіў у Віленскую мастацкую школу – у тыя часы галоўную навучальную ўстанову для жывапісцаў у нашым рэгіёне.

У Вільні адбылося знаёмства Кікоіна і Суціна з Пінхусам Крэменем – гэта быў пачатак шматгадовага сяброўства тройкі мастакоў.

Міхаіл займаўся і рэвалюцыйнай дзейнасцю – уступіў у габрэйскую сацыял-дэмакратычную партыю “Бунд”.

У 1912 годзе Кікоін пераехаў у Францыю, у Парыж, дзе пасяліўся ў “La Ruche” – знакамітым доме, створаным для маладых мастакоў мецэнатам Альфрэдам Бушэ.

Мастацтвазнаўца і дыпламат Уладзімір Шчасны пісаў (кніга “Художники Парижской школы из Беларуси. Эссе, биографии, путеводитель”), што Кікоін пражыў у “Вуллі” пятнаццаць гадоў. За гэты час ён ажаніўся, стаў бацькам дваіх дзяцей.

Пакінуць гэтае месца ён змог толькі пасля таго, як ягоныя карціны пачалі паспяхова прадавацца ў галерэях і салонах. На той момант яму было 36 гадоў. 

У 1919 годзе ў Парыжы ў галерэі “Cheron” адбылася першая персанальная выстава Кікоіна. Асноўнымі жанрамі ягонай творчасці былі пейзаж, нацюрморт і партрэт. 

У 1924 годзе Міхаіл Кікоін атрымаў французскае грамадзянства. У 1926 годзе ён набыў дом у вёсцы Анэ-сюр-Серэн у Бургундыі, куды на працягу многіх гадоў прыязджаў працаваць.

У 1939 годзе, пасля пачатку Другой сусветнай вайны, мастака прызвалі ў французскую армію, дзе ён служыў у рэзервовым палку ў Суасоне. Пасля капітуляцыі Францыі Кікоіна дэмабілізавалі, і ён вярнуўся ў Парыж. У 1941–1944 гадах, хаваючыся ад нацыстаў, разам з сям’ёй жыў у ваколіцах Тулузы.

З 1945 года Кікоін вярнуўся да творчасці. У 1950-я гады мастак здзейсніў некалькі падарожжаў па Іспаніі, Італіі і Вялікабрытаніі, наведаў Ізраіль.

У 1940–1960-я гады прайшоў шэраг персанальных выстаў Міхаіла Кікоіна, у тым ліку ў Манпелье, Нью-Ёрку, Парыжы, Ментоне, Страсбургу, Лондане, Бардо, Сен-Поль-дэ-Вансэ і іншых гарадах. 

Мастак памёр у Парыжы 4 лістапада 1968 года.

Працы Міхаіла Кікоіна захоўваюцца ў прыватных і музейных зборах у Францыі, ЗША, Японіі, Ізраілі ды іншых краінах свету. У Беларусі яны ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі і ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.

Вяртанне імя і мастацкай спадчыны Міхаіла Кікоіна ў беларускі культурны кантэкст з’яўляецца важным крокам да вяртання Беларусі яе належнага месца ў гісторыі сусветнага мастацтва.


Іншыя навіны