
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла ў прыватнага калекцыянера ў Польшчы “Этнаграфічную карту беларускага племені” Яўхіма Карскага 1920 года выдання.
Упершыню карта з’явілася ў 1903 годзе ў фундаментальнай працы Карскага “Беларусы” і была створаная для навуковага даследавання тэрыторыі распаўсюджання беларускай мовы.
Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:
“Яўхім Карскі быў адным з найбольш аўтарытэтных славістаў Расейскай імперыі. Ягоная карта паказала прастору, на якой жывуць беларусы, а ў выніку ператварылася ў тое, пра што сам Карскі першапачаткова не думаў, – у адзін з пераканаўчых аргументаў у абгрунтаванні беларускай дзяржаўнасці і адным з арыенціраў для вызначэння межаў БНР”.
Карта была набытая на сродкі беларускага ахвярадаўцы, які пажадаў застацца ананімным. Плануецца, што ў будучыні яна будзе перададзеная ў Гарадзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей у якасці грамадскага падарунка.
У снежні ў Варшаве ў межах “Арт-кавярні MALDZIS” адбудзецца сустрэча з гісторыкам Цімохам Акудовічам, дзе можна будзе ўбачыць карту на ўласныя вочы і даведацца пра яе гісторыю. Сачыце за нашымі абвесткамі.
Кажа Рыгор Астапеня, сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS:
“Карта Карскага сведчыць пра момант, калі Беларусь пачынала набываць выразныя абрысы не толькі ў навуковых даследаваннях, але і ў палітычным уяўленні. Для нас важна, каб такія сведчанні заставаліся не толькі ў прыватных калекцыях, а станавіліся даступнымі беларусам. Набыўшы карту, мы вяртаем частку нашай гісторыі ў грамадскую прастору”.
Пра гісторыю карты
На пачатку XX стагоддзя Яўхім Карскі ставіў перад сабой задачу акрэсліць тэрыторыю распаўсюджання беларускіх гаворак. Пры складанні карты ён улічваў сукупнасць моўных асаблівасцей, у тым ліку характар акання і асаблівасці вымаўлення зычных.
Аднак у наступныя гады гэтая навуковая праца набыла палітычнае гучанне. У 1917 годзе для патрэб Часовага ўрада і будучага Устаноўчага сходу Карскі тэрмінова абнавіў сваю карту. Хаця неўзабаве ўлада змянілася, менавіта гэтая версія, якая пазней перавыдавалася ў 1918 і 1920 гадах, стала галоўным арыенцірам для беларускіх дзеячаў пры вызначэнні межаў Беларускай Народнай Рэспублікі. Пры гэтым, тэрыторыі, якія БНР уключала ў свае межы, не цалкам супадалі з абрысамі на карце Карскага. Дзеячы БНР разглядалі як частку дзяржавы і Берасцейшчыну, якую Карскі не адносіў да асноўнага беларускага моўнага арэала.
Набыты MALDZIS асобнік выйшаў у Маскве ў чэрвені 1920 года ў Картаграфічным аддзеле Корпуса ваенных тапографаў, выданне Беларускага пададдзела Аддзела асветы нацыянальных меншасцяў Народнага камісарыята асветы РСФСР. Гэта каляровая літаграфія ў маштабе 1:1 680 000, то бок адзін сантыметр на карце адпавядае 16,8 кіламетра на мясцовасці.
Пра Яўхіма Карскага
Яўхім Карскі нарадзіўся ў 1861 годзе ў вёсцы Лаша каля Горадні. Вучыўся ў Нежынскім гісторыка-філалагічным інстытуце, выкладаў у Вільні, а ў 1893 годзе перабраўся ў Варшаву. Тут ён стаў прафесарам, дэканам гісторыка-філалагічнага факультэта, а ў 1905 годзе – рэктарам Імператарскага Варшаўскага ўніверсітэта.
Пазней Карскі стаў акадэмікам і ўзначальваў Музей антрапалогіі і этнаграфіі ў Петраградзе.
Галоўнай справай ягонага жыцця было даследаванне беларускай мовы, літаратуры, фальклору і этнаграфіі. Ягоная шматтомная праца “Беларусы” стала адным з фундаментальных даследаванняў беларускай культуры.
У снежні 1917 года Карскі ўдзельнічаў у Першым Усебеларускім з’ездзе ў Мінску і быў абраны яго ганаровым старшынём.
Навуковая праца Яўхіма Карскага дапамагла зрабіць Беларусь бачнай на еўрапейскай карце – спачатку як асобную моўную і культурную прастору, а затым і як тэрыторыю, на якой паўстала ідэя ўласнай дзяржавы.