Копія надмагілля Баршчэўскага
Выраб копіі надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага. Праект рэалізаваны сумесна с дабрачынным фондам імя Марыі Магдалены Радзівіл.
Надмагільная пліта аднаго з стваральнікаў новай беларускай літаратуры была знойдзена ў красавіку 2019-га года ў Чуднаве (Украіна) на прыватным падворку прыкладна ў 600 метрах ад каталіцкіх могілак, дзе быў пахаваны пісьменнік.
У кастрычніку 2020-га года на сустрэчы з мэрам Чуднава кіраўнік Фонду імя Магдалены Радзівіл Алесь Сапега і экс-дыпламат Павел Мацукевіч атрымалі згоду ўкраінскага боку на рэстаўрацыю і часовую прэзентацыю надмагільнай пліты ў Беларусі. Пазней пліта вагой у 35 кг была дастаўленая ў Мінск.
Рэстаўрацыйныя працы ажыццявіў беларускі скульптар Ігар Засімовіч. Пасля рэстаўрацыі пліта ад красавіка да жніўня 2021-га года экспанавалася ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску ўжо разам са знакамітымі рэдкімі выданнямі Яна Баршчэўскага. Пазней пліта была вернутая ва Украіну.
Яшчэ падчас рэстаўрацыі надмагілля Яна Баршчэўскага ў Мінску з дазволу ўкраінскага боку скульптарам Ігарам Засімовічам быў адмыслова зроблены яе макет.
У кастрычніку 2023-га года на сродкі MALDZIS паводле макета была адлітая з чыгуну паўнавартасная копія. 13-га лістапада 2023-га года яна была перададзеная ў Расоны ў якасці падарунка ад ініцыятывы MALDZIS і фонду імя Магдалены Радзівіл.