MALDZIS шукае і набывае беларускія культурныя каштоўнасці для перадачы ў музеі Беларусі.

Сярод нашых набыццяў:

● Трэці Статут ВКЛ

Гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года, які выйшаў у свет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693-ім годзе на польскай мове паводле рэдакцыі 1648-га года, створанай у Варшаве.

Асаблівасцю гэтага выдання з’яўляецца ўключэнне ў яго прававых актаў, якія былі прынятыя ў Рэчы Паспалітай да 1690-га года.

Старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы і набыты на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў – Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж.

Разлічваем перадаць Статут у першую меркаваную сталіцу ВКЛ – Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей.

Выданне 1693-га года маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі. Яно ёсць, у прыватнасці, у Нацыянальнай бібліятэцы, Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

Арыгінальны Статут ВКЛ 1588-га года быў напісаны на “рускай мове”, якая з усіх найбольш блізкая да сучаснай беларускай. Першы польскі пераклад з’явіўся праз чвэрць стагоддзя пасля прывілею польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы, які 28-га студзеня 1588-га года і зацвердзіў Статут.

● Успаміны Крыштафа Завішы
“Успаміны Крыштафа Завішы, ваяводы менскага, 1666-1721”, надрукаваныя ў Варшаве ў 1862-ім годзе на польскай мове.

Кніга набыта на польскім аўкцыёне дзякуючы ахвяраванням з мэтай перадачы ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка.

Арыгінальная назва кнігі – “Pamiętniki Krzysztofа Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721)”. Гэтае выданне было зробленае паводле арыгінальнага рукапісу з заўвагамі Юліяна Барташэвіча. Выдалі яго на сродкі нашчадка Крыштафа Завішы – фундатара, археолага, збіральніка помнікаў беларускай даўніны, буйнога землеўладальніка з Меншчыны Яна Казіміра Завішы.

У кнізе апісаныя норавы і побыт беларускай шляхты канца XVII – пачатку XVIII стагоддзяў, змяшчаюцца цікавыя звесткі з тагачаснага жыцця ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а таксама іншых краін. 

“Успаміны” з’яўляюцца найбольш значнай працай у літаратурнай спадчыне Завішы.

● Ліст Роберта Зайчыка

 Арыгінальны ліст і кніга вядомага швейцарскага філосафа і гісторыка літаратуры Роберта Зайчыка. Спадзяёмся перадаць гэта ў Мсціслаў, у якім гэты навуковец нарадзіўся.

● Справаздача Яна Завішы

Справаздача аб кангрэсе па першабытнай антрапалогіі і археалогіі ў Бруселі ў 1872-ім годзе, складзеная вядомым археолагам, этнографам і фундатарам, бацькам Магдалены Радзівіл – графам Янам Завішам, які нарадзіўся ў Кухцічах. Разлічваем перадаць выданне ў краязнаўчы музей ва Уздзе.

● Артыкул з выявай пахвальні Манюшак

Артыкул з варшаўскага часопіса “Tygodnik Ilustrowany” за чэрвень 1872-га года з выявай пахавальні роду Манюшак на могілках у Радкоўшчыне. Плануем перадаць артыкул у музей Станіслава Манюшкі ў Смілавічах.

ПАДТРЫМАЦЬ НАС