Ініцыятыва MALDZIS алічбоўвае рэдкія выданні, рукапісы і архіўныя зборы, ператвараючы іх у PDF-файлы і публікуючы на сайце ў адкрытым доступе. Такім чынам мы захоўваем спадчыну ад знікнення і робім яе даступнай усім.

Архіў парафіі з Гарадзеншчыны XIX стагоддзя

Гэта так званы капіярый – рукапісны зборнік службовых дакументаў і перапіскі першай паловы XIX стагоддзя з касцёла ў Вялікіх Эйсмантах, што ў Бераставіцкім раёне Гарадзенскай вобласці. 

Спампаваць і паглядзець алічбаваны архіў (1,7 ГБ)

У зборніку захаваліся распараджэнні свецкіх і касцёльных уладаў, звесткі пра жыццё парафіі і мясцовай супольнасці, трапляюцца прозвішчы мясцовых жыхароў, сустракаюцца згадкі пра метрычныя акты, асобныя сямейныя гісторыі, нататкі пра вакцынацыю ад воспы, будаўніцтва касцёла і шмат іншага. 

Большасць запісаў належыць настаяцелю парафіі і гарадзенскаму дэкану Міхалу Сезянеўскаму (1784–1850). Яны вяліся цягам 14 гадоў і датуюцца першай паловай XIX стагоддзя.

Рукапіс складзены на польскай мове, сустракаюцца запісы і на рускай мове.

Капіярый быў набыты на аўкцыёне ў Польшчы на сродкі мецэната ініцыятывы MALDZIS Іллі Пакроўскага

У будучыні кніга ў якасці грамадскага падарунка вернецца на сваё месца – у парафію імя Найсвяцейшай Панны Марыі і святога Яна Непамука ў Вялікіх Эйсмантах.

Ініцыятыва MALDZIS алічбавала асобнік кнігі “Нарач. Найбольшае возера ў Польшчы” (“Narocz. Najwieksze jezioro w Polsce”), якая была выдадзеная ў 1935 годзе ў Вільні. Аўтар кнігі – Ян Булгак – выбітны фатограф з беларускімі каранямі. 

Спампаваць і паглядзець алічбаваную версію кнігі

Гісторыя кнігі непарыўна звязаная з момантам адкрыцця Нарачы для шырокай публікі. У 1930-ых гадах гэты рэгіён быў ускраінай (“Крэсамі”), дзе польскія ўлады актыўна стваралі галоўны водны курорт краіны. Булгак прыехаў сюды, каб задакументаваць гэты пераход ад першабытнай дзікасці да цывілізаванага турызму. 

Кніга выйшла ў віленскім выдавецтве Станіслава Турскага і стала знакавым медыяпрадуктам свайго часу: гэта адначасова і лірычны дзённік, і практычны дапаможнік для тых, хто адважыўся здзейсніць авантурнае падарожжа “на край свету”.

Візуальнае напаўненне кнігі – гэта 38 аўтарскіх здымкаў, якія сёння маюць велізарную гістарычную каштоўнасць. На іх адлюстраваная Нарач да таго, як яе берагі абраслі тыпавой савецкай архітэктурай: тут і архаічныя рыбацкія чаўны, і турбазы ў працэсе будоўлі, і бясконцыя пустынныя пляжы. Булгак фатаграфаваў возера як жывую істоту, звяртаючы ўвагу на гульню святла на вадзе і драматычныя аблокі, што робіць кнігу мастацкім альбомам у той жа ступені, што і даведнікам.