Клопат пра беларускую спадчыну – наша агульная справа, і мы прапануем падтрымаць яе ахвяраваннем, каб вярнуць Беларусі сапраўдную гісторыю.

Гаворка ідзе пра вяртанне страчаных каштоўнасцяў, ушанаванне памяці выбітных беларусак і беларусаў, актуалізацыю забытых імёнаў, стварэнне медыйных прадуктаў, якія ўзмацняць нашу ідэнтычнасць і ўмацуюць вобраз Беларусі як еўрапейскай краіны.  

У нашых штодзённых працоўных планах – развіццё мапы і з’яўленне на ёй новых кропак, працяг Youtube-серыяла “Гэта топ!”, пошук беларускіх артэфактаў на аўкцыёнах і ўсталяванне мемарыяльных шыльдаў. Сярод запланаваных праектаў на найбліжэйшы час, у прыватнасці дзеля ўшанавання памяці, – усталяванне мемарыяльных дошак у гонар галоўнай мецэнаткі беларускага Адраджэння пачатку ХХ стагоддзя княгіні Магдалены Радзівіл і аднаго з айцоў-заснавальнікаў БНР Івана Луцкевіча. 

Мы маем некалькі мадэляў супрацы з ахвярадаўцамі, і вы можаце абраць тую, якая пасуе вам найбольш.

ВІДЫ ПАДТРЫМКІ

Мы ўдзячныя за кожнае ахвяраванне, але найбольш каштоўныя для нас – рэгулярныя. Дзякуючы нават малым перыядычным сумам у нас з’яўляецца магчымасць планаваць і займацца доўгатэрміновымі праектамі.

Напрыклад, мы можам скіраваць свае высілкі ў справу ўшанавання спадчыны праз мемарыяльную шыльду ці помнік. Наша роля палягае ў тым, каб падрыхтаваць усю неабходную інфармацыю і сфармуляваць прапанову; правесці кансультацыі і ўзгадніць з усімі зацікаўленымі бакамі, у тым ліку з мясцовымі органамі ўлады; выбраць мастака ці вытворцу; арганізаваць выраб; вырашыць транспартна-лагістычныя і шматлікія іншыя пытанні ды нарэшце зладзіць прыгожае і ўрачыстае адкрыццё.

Рэалізацыя такіх праектаў можа трываць некалькі месяцаў, а ў некаторых выпадках – нават некалькіх гадоў. Кошт таксама залежыць ад шмат якіх акалічнасцяў, у тым ліку ад краіны, дзе плануецца ўшанаванне, віду (шыльда, помнік, кенатаф), мастака-вытворцы і лагістыкі.

Таму доўгатэрміновыя праекты вымагаюць сталага фінансавага прытоку. Ён не мусіць быць ашаламляльным, але мае быць стабільным.

Усе нашы ахвярадаўцы, асабліва сталыя фундатары, з’яўляюцца часткай вялікай супольнасці, якую аб’ядноўвае ідэя захавання спадчыны і стварэння на яе падмурку ўмоў для лепшай будучыні Беларусі.

Мы ўдзячныя не толькі за фінансавыя сродкі, але і за зваротную сувязь адносна нашай дзейнасці, каб зрабіць яе яшчэ больш натхняльнай і карыснай для грамадства і краіны. Таму пішыце нам свае водгукі і прапановы – мы шануем ваша меркаванне.

Падтрымліваем ідэі і праекты ў галіне культурнай дыпламатыі з фокусам на культурнай спадчыне. Прасоўваем яе як сродак міжнароднага паразумення і паглыблення адносін.

Усталёўваем помнікі і шыльды ў гонар выбітных беларусаў і беларусак за мяжой, робім тэматычныя выставы і мерапрыемствы. Называем беларускім усё, што мае беларускія карані. Шукаем і набываем нацыянальныя культурна-гістарычныя каштоўнасці за мяжой для перадачы ў музеі Беларусі.

Калі вы хочаце ахвяраваць сродкі праз крыпта-гаманец, то вы таксама можаце гэта зрабіць.
Калі хочаце здзейсніць нешта большае за звычайны данат ці маеце любыя ідэі – напішыце нам. Мы дамовімся на сустрэчу ў анлайн- ці афлайн-фармаце, каб вырашыць усе пытанні.