MALDZIS вяртае “Вялікае майстэрства артылерыі” Казіміра Семяновіча

Гэта помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння.

Ініцыятыва MALDZIS выкупіла франкамоўнае выданне “Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая” (“Artis Magnae Artilleriae pars prima”) Казіміра Семяновіча, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1651-ым годзе. Гэтая праца, напісаная рукою беларуса, – помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння. 

Фота: Ірына Арахоўская

Упершыню кніга “Вялікае майстэрства артылерыі, частка першая” выйшла ў свет у Амстэрдаме ў знакамітым выдавецтве Яна Янсана (Johannes Janssonius) у 1650-ым годзе на лацінскай мове. 

Фота: Ірына Арахоўская

Набытае Maldzis выданне з’яўляецца французскім перакладам, які быў надрукаваны ў 1651-ым годзе яшчэ пры жыцці Семяновіча ў тым жа галандскім выдавецтве, што і лацінскі першадрук. У кнізе – 22 гравюры, якія ўтрымліваюць больш за 200 малюнкаў і схем, зробленых галандскім гравёрам Якабам ван Мёрсам паводле эскізаў аўтара.

Фота: Ірына Арахоўская

Асаблівасцю набытага старадрука з’яўляецца прадмова, напісаная Казімірам Семяновічам менавіта для франкамоўнага выдання. Гэта апошняе дакументальнае сведчанне жыцця нашага славутага суайчынніка – Семяновіч памёр у 1651-ым годзе ў нявысветленых дагэтуль абставінах.

Фота: Ірына Арахоўская

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

“Кніга “Вялікае майстэрства артылерыі” пісалася як падручнік для артылерыстаў і піратэхнікаў і здабыла славу самай грунтоўнай і аўтарытэтнай працы ў сваёй галіне ў Еўропе. Нягледзячы на захапленне артылерыяй і ракетамі, Казімір Семяновіч прытрымліваўся гуманістычнага светапогляду: лічыў войны найвялікшым няшчасцем для чалавецтва”.

Фота: Ірына Арахоўская

Кніга была набытая на аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мецэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі. 

Фота: Ірына Арахоўская

У будучыні кніга будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Да вяртання ў Беларусь яна будзе выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой. Старадрук можна будзе пабачыць на Фестывалі Мальдзіса, які пройдзе 7-га верасня ў Варшаве. 

Фота: Ірына Арахоўская

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:

“Казіміра Семяновіча можна аднесці да самых эрудаваных людзей свайго часу. Гэта зорка першай велічыні на небасхіле беларускай нацыянальнай навукі. Ягоныя даследаванні і чарцяжы, надрукаваныя ў “Вялікім майстэрстве артылерыі”, шмат у чым апярэдзілі час на стагоддзі. Яны ляглі ў аснову сучаснага касмічнага ракетабудавання і ў чымсьці застаюцца актуальнымі нават да сёння”. 

Фота: Ірына Арахоўская

Распакоўку кнігі вы можаце пабачыць у апошнім выпуску шоў “Гэта топ!”

Пра Казіміра Семяновіча і гісторыю стварэння “Вялікага майстэрства артылерыі”

Казімір Семяновіч, вайсковы інжынер і артылерыст Вялікага Княства Літоўскага. У прадмове да набытага Maldzis французскага выдання ён падпісаўся як літоўскі рыцар, генерал-лейтэнант артылерыі ў Каралеўстве Польскім.

Фота: Ірына Арахоўская

Паводле беларускіх гісторыкаў, Казімір Семяновіч нарадзіўся блізу 1600-га года каля Дуброўна ў Віцебскім ваяводстве. Ён паходзіў з роду дробных князёў Семяновічаў. 

Фота: Ірына Арахоўская

Як пісаў сам Семяновіч, ён цікавіўся артылерыяй з дзяцінства і вывучаў матэматыку, механіку, гідраўліку, архітэктуру, оптыку, тактыку, каб павялічыць свае веды.

Фота: Ірына Арахоўская

Удзельнічаў у войнах Рэчы Паспалітай з Масковіяй і з татарамі. Кароль Уладзіслаў Ваза накіраваў яго ў Галандыю для паглыблення ведаў. Пасля вяртання ў 1647-ым годзе Семяновіч быў прызначаны інжынерам артылерыі, а затым – намеснікам галоўнага камандзіра артылерыі Рэчы Паспалітай.

Фота: Ірына Арахоўская

У 1649-ым годзе зноў выехаў у Галандыю, дзе завяршыў напісанне першай часткі “Вялікага майстэрства артылерыі”, якую выдаў у 1650-ым годзе. Кніга была перавыдадзеная па-французску ў 1651-ым годзе, па-польску ў 1663-ім, па-нямецку ў 1676-ым, па-англійску ў 1729-ым, а пазней – на галандскай, дацкай ды іншых мовах. 

Фота: Ірына Арахоўская

Мэту выдання сваёй кнігі аўтар акрэслівае гэтак:

«…Выданнем гэтае працы я хацеў бы зрабіць паслугу маёй Радзіме і маім суайчыннікам, якія заўсёды выяўлялі вялікую схільнасць да гэтай навукі і якія цанілі яе болей, чым іншыя галіны вайсковай навукі».

Фота: Ірына Арахоўская

Змест кнігі надзвычай багаты. У ёй цытуюцца больш за 200 старажытных і сучасных аўтараў – ад матэматыкаў да класікаў грэцкай і рымскай літаратуры. Семяновіч упершыню прапанаваў шматступеньчатыя ракеты, прыдумаў своеасаблівую ракетную сістэму залпавага агню і вынайшаў крыло трохвугольнай формы, без якога немагчыма ўявіць сучасны звышгукавы знішчальнік.

Фота: Ірына Арахоўская

Казімір Семяновіч рыхтаваў і другую частку кнігі, пра што паведаміў у прадмове да першай часткі лацінамоўнага выдання. Аднак яна не ўбачыла свет, а рукапіс лічыцца згубленым. У пачатку XX стагоддзя ў польскім друку былі згадкі пра тое, што рукапіс Семяновіча бачылі ў бібліятэцы Артылерыйскага музея ў Пецярбургу.

Лёс Казіміра Семяновіча і ягоная кніга яднаюць Беларусь з Польшчай, Літвой і Нідэрландамі.

Пра MALDZIS і магчымасці падтрымаць ініцыятыву

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза еўрапейскай нацыі. 

Такія набыткі, як “Вялікае майстэрства артылерыі” Казіміра Семяновіча, “Жазло кіравання” Сімяона Полацкага, Трэці Статут ВКЛ, Радзівілаўская карта ці мапа Няпрэцкага, сталі магчымыя дзякуючы грамадскім ахвяраванням

MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы дзеля пошуку каштоўнасцяў, іх набыцця, ушанавання памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртання забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру.