Вяртанне культурных каштоўнасцей
MALDZIS шукае і набывае беларускія культурныя каштоўнасці для перадачы ў музеі Беларусі.
Сярод нашых набыццяў:
● Радзівілаўская карта
Гэта другое лацінскае выданне Радзівілаўскай карты, надрукаванае ў Амстэрдаме ў 1631-ым годзе ў атласе Вілема Блаў “Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis”. Фактычна гэта першая навуковая карта нашай краіны, які адначасова лічыцца шэдэўрам усходнееўрапейскай картаграфіі.

Карта была набытая ў Літве на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага.
У будучыні карта будзе перададзеная ў Нясвіжскі палац у якасці грамадскага падарунка.

Яна выкананая ў тэхніцы афарбаванай гравюры на медзі, склееная з чатырох частак, памер карты – 73,5 x 73,5 см. Дакладны маштаб – 1:1 293 000.
На адваротным баку набытай карты надрукаваны пачатак лацінскага тэксту пад назвай “Descriptio Lithuaniae” (“Апісанне Літвы”), што робіць гэтае выданне адметным сярод іншых амаль 20 выпускаў Радзівілаўскай карты, якія былі надрукаваныя з 1613-га да 1670-га года.
“Descriptio Lithuaniae” – гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне Вялікага Княства Літоўскага. Паходжанне гэтага апісання дагэтуль дакладна не высветленае і датуецца прыкладна 1574-1579 гадамі.

Першаўзор Радзівілаўскай карты быў створаны, верагодна, у Нясвіжы блізу 1603-га года, але да нашых часоў не дайшоў. Ініцыятарам стварэння і мецэнатам быў нясвіжскі князь і буйны дзяржаўны дзеяч Мікалай Крыштап Радзівіл (Сіротка), і ў выніку карта ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам.

Шырокую вядомасць карта набыла дзякуючы выданню 1613-га года ў Амстэрдаме ў картаграфічнай майстэрні Вілема Янсзона Блаў. Адзіная вядомая арыгінальная насценная Радзівілаўская карта 1613-га года знаходзіцца ў бібліятэцы герцагіні Ганны Амаліі ў Веймары (Нямеччына).

З 1631-га года адбітак Радзівілаўскай карты з клішэ выдання 1613-га года, выкананага галандскім гравёрам Геселем Герыцам, увайшоў у склад сусветнага атласа Вілема Блаў “Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis”.
Гэта Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года, які выйшаў у свет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693-ім годзе на польскай мове паводле рэдакцыі 1648-га года, створанай у Варшаве.

Асаблівасцю гэтага выдання з’яўляецца ўключэнне ў яго прававых актаў, якія былі прынятыя ў Рэчы Паспалітай да 1690-га года.

Старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы і набыты на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў – Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж.

Разлічваем перадаць Статут у першую меркаваную сталіцу ВКЛ – Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей.

Выданне 1693-га года маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі. Яно ёсць, у прыватнасці, у Нацыянальнай бібліятэцы, Цэнтральнай бібліятэцы Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама ў Полацкім музеі беларускага кнігадрукавання.

Арыгінальны Статут ВКЛ 1588-га года быў напісаны на “рускай мове”, якая з усіх найбольш блізкая да сучаснай беларускай. Першы польскі пераклад з’явіўся праз чвэрць стагоддзя пасля прывілею польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы, які 28-га студзеня 1588-га года і зацвердзіў Статут.


Кніга набыта на польскім аўкцыёне дзякуючы ахвяраванням з мэтай перадачы ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка.

Арыгінальная назва кнігі – “Pamiętniki Krzysztofа Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721)”. Гэтае выданне было зробленае паводле арыгінальнага рукапісу з заўвагамі Юліяна Барташэвіча. Выдалі яго на сродкі нашчадка Крыштафа Завішы – фундатара, археолага, збіральніка помнікаў беларускай даўніны, буйнога землеўладальніка з Меншчыны Яна Казіміра Завішы.

У кнізе апісаныя норавы і побыт беларускай шляхты канца XVII – пачатку XVIII стагоддзяў, змяшчаюцца цікавыя звесткі з тагачаснага жыцця ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а таксама іншых краін.

“Успаміны” з’яўляюцца найбольш значнай працай у літаратурнай спадчыне Завішы.
● Ліст Роберта Зайчыка
Арыгінальны ліст і кніга вядомага швейцарскага філосафа і гісторыка літаратуры Роберта Зайчыка. Спадзяёмся перадаць гэта ў Мсціслаў, у якім гэты навуковец нарадзіўся.

● Справаздача Яна Завішы
Справаздача аб кангрэсе па першабытнай антрапалогіі і археалогіі ў Бруселі ў 1872-ім годзе, складзеная вядомым археолагам, этнографам і фундатарам, бацькам Магдалены Радзівіл – графам Янам Завішам, які нарадзіўся ў Кухцічах. Разлічваем перадаць выданне ў краязнаўчы музей ва Уздзе.

● Артыкул з выявай пахвальні Манюшак
Артыкул з варшаўскага часопіса “Tygodnik Ilustrowany” за чэрвень 1872-га года з выявай пахавальні роду Манюшак на могілках у Радкоўшчыне. Плануем перадаць артыкул у музей Станіслава Манюшкі ў Смілавічах.
