
Ініцыятыва MALDZIS сумесна са швейцарскім дабрачынным Фондам Марыі Магдалены Радзівіл рэалізавалі праект па вырабе падмурка і новай мемарыяльнай таблічкі для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне.
Падмурак быў створаны з беларускага валуна. Апрацоўка каменя і выраб інфармацыйнай шыльды былі здзейснены ў Мінску.
Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.
Урачыстае адкрыццё абноўленага помніка плануецца ўвосень.
Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:
“Гістарычная постаць, якую лічаць сваёй адразу некалькі краінаў, стала каталізатарам супрацы беларусаў з палякамі і швейцарцамі. Гэта сведчыць пра тое, што Тадэвуш Касцюшка нават сёння працягвае рабіць тое, чым займаўся ўсё жыццё – яднаць людзей дзеля агульнай справы”.
Рэалізацыя праекта вялася з 2024 года. Дзякуючы падтрымцы амбасадаркі Швейцарыі ў Беларусі Крысціны Хонэгер-Залатухінай праект быў узгоднены з мэрыяй Залатурна.
Ініцыятарам абнаўлення помніка выступіў кіраўнік Фонду Марыі Магдалены Радзівіл – Алесь Сапега, які і ўсталяваў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі яшчэ ў 2017 годзе.
Кажа кіраўнік Фонду Магдалены Радзівіл Алесь Сапега:
“Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіцца камень з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стане яшчэ і фізічнай”.
Вываз валуна з Беларусі быў здзейснены на пачатку 2026 года. Да адпраўкі ў Швейцарыю камень знаходзіўся на складзе польскай кампаніі DTA Customs Service Sp. z o.o. ў Бяла-Падлясцы. Яе прадстаўнікі – дырэктар Яраслаў Мысткоўскі і менеджар Марыюш Нічыпорук – аказалі значную падтрымку праекту, прапанаваўшы бясплатнае захаванне валуна і дапамогу ў афармленні транзітных дакументаў.
Такому прыязнаму стаўленню да праекта моцна паспрыялі прадстаўнікі Польскага фонду Касцюшкі (Polska Fundacja Kościuszkowska) – Лешэк Марэк Кшэсняк і Рышард Бось.
Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:
“Гэты праект нагадвае, што беларуская гісторыя глыбока ўкаранёная ў Еўропе, і сённяшнія падзелы гэтай сувязі не перарываюць. Сваёй падтрымкай такіх ініцыятываў нашыя мецэнаты выказваюць пашану як да нацыянальнай спадчыны, так і да нашай агульнай з Еўропай гісторыі”.
Варта нагадаць, што гэта не першы супольны праект ініцыятывы MALDZIS і Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Напрыканцы 2023 года была вырабленая копія надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага, знойдзенай у 2019 годзе ў Чуднаве. Пазней копія была перададзеная ў музей у Расонах у якасці грамадскага падарунка.