Абнаўляем помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі

MALDZIS і Фонд Магдалены Радзівіл зрабілі падмурак з беларускага валуна і новую таблічку.

Ініцыятыва MALDZIS сумесна са швейцарскім дабрачынным Фондам Марыі Магдалены Радзівіл рэалізавалі праект па вырабе падмурка і новай мемарыяльнай таблічкі для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне.

Падмурак быў створаны з беларускага валуна. Апрацоўка каменя і выраб інфармацыйнай шыльды былі здзейснены ў Мінску.

Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.

Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Урачыстае адкрыццё абноўленага помніка плануецца ўвосень.

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

“Гістарычная постаць, якую лічаць сваёй адразу некалькі краінаў, стала каталізатарам супрацы беларусаў з палякамі і швейцарцамі. Гэта сведчыць пра тое, што Тадэвуш Касцюшка нават сёння працягвае рабіць тое, чым займаўся ўсё жыццё – яднаць людзей дзеля агульнай справы”.

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS

Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Рэалізацыя праекта вялася з 2024 года. Дзякуючы падтрымцы амбасадаркі Швейцарыі ў Беларусі Крысціны Хонэгер-Залатухінай праект быў узгоднены з мэрыяй Залатурна.

Ініцыятарам абнаўлення помніка выступіў кіраўнік Фонду Марыі Магдалены Радзівіл – Алесь Сапега, які і ўсталяваў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі яшчэ ў 2017 годзе. 

Павел Мацукевіч і Алесь Сапега перад перавозкай беларускага валуна для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Кажа кіраўнік Фонду Магдалены Радзівіл Алесь Сапега:

“Калі ў 2017 годзе мы ўсталёўвалі помнік, то думалі, што ствараем беларускі пункт на мапе Швейцарыі. Цяпер, калі пад помнікам з’явіцца камень з Беларусі, сувязь паміж нашымі краінамі стане яшчэ і фізічнай”. 

Вываз валуна з Беларусі быў здзейснены на пачатку 2026 года. Да адпраўкі ў Швейцарыю камень знаходзіўся на складзе польскай кампаніі DTA Customs Service Sp. z o.o. ў Бяла-Падлясцы. Яе прадстаўнікі – дырэктар Яраслаў Мысткоўскі і менеджар Марыюш Нічыпорук – аказалі значную падтрымку праекту, прапанаваўшы бясплатнае захаванне валуна і дапамогу ў афармленні транзітных дакументаў. 

Такому прыязнаму стаўленню да праекта моцна паспрыялі прадстаўнікі Польскага фонду Касцюшкі (Polska Fundacja Kościuszkowska) – Лешэк Марэк Кшэсняк і Рышард Бось.

Злева направа: Яраслаў Мысткоўскі, Марыюш Нічыпорук і Павел Мацукевіч. Унізе: Рышард Бось. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS
Помнік Тадэвушу Касцюшку, які з'явіўся там у 2017 годзе. Залатурн, Швейцарыя. Фота: MALDZIS

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

“Гэты праект нагадвае, што беларуская гісторыя глыбока ўкаранёная ў Еўропе, і сённяшнія падзелы  гэтай сувязі не перарываюць. Сваёй падтрымкай такіх ініцыятываў нашыя мецэнаты выказваюць пашану як да нацыянальнай спадчыны, так і да нашай агульнай з Еўропай гісторыі”.

Варта нагадаць, што гэта не першы супольны праект ініцыятывы MALDZIS і Фонду Марыі Магдалены Радзівіл. Напрыканцы 2023 года была вырабленая копія надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага, знойдзенай у 2019 годзе ў Чуднаве. Пазней копія была перададзеная ў музей у Расонах у якасці грамадскага падарунка.

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS

Падмурак з беларускага валуна для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава
Падмурак з беларускага валуна і новая мемарыяльная таблічка для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне. 27 красавіка 2026 года. Бяла Падляска, Польшча. Фота: MALDZIS / Таццяна Капітонава

Іншыя навіны