Ушанаванне памяці
Памяць – гэта тое, што робіць нас народам. Беларуская гісторыя багатая на постаці, якія сваёй працай, талентам і ахвярнасцю фармавалі нашу культуру і нацыянальную свядомасць, але імёны і месцы, звязаныя з імі, часта застаюцца забытымі або раскіданымі па свеце. Аднаўляючы помнікі, надмагіллі і памятныя знакі беларусам у Беларусі і за яе межамі, мы вяртаем гэтыя постаці ў агульную памяць, аддаём ім належную пашану і нагадваем сабе і іншым, што беларуская спадчына – частка еўрапейскай культурнай прасторы.
Падмурак для помніка Касцюшку
Ініцыятыва MALDZIS сумесна са швейцарскім дабрачынным Фондам Марыі Магдалены Радзівіл рэалізавалі праект па вырабе падмурка і новай мемарыяльнай таблічкі для помніка Тадэвушу Касцюшку ў швейцарскім Залатурне.
Падмурак быў створаны з беларускага валуна. Апрацоўка каменя і выраб інфармацыйнай шыльды былі здзейснены ў Мінску.
Праект рэалізаваны на прыватныя сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Максіма Баграцова, Філіпа Дайнэкі і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.
Рэалізацыя праекта вялася з 2024 года. Дзякуючы падтрымцы амбасадаркі Швейцарыі ў Беларусі Крысціны Хонэгер-Залатухінай праект быў узгоднены з мэрыяй Залатурна.
Ініцыятарам абнаўлення помніка выступіў кіраўнік Фонду Марыі Магдалены Радзівіл – Алесь Сапега, які і ўсталяваў помнік Тадэвушу Касцюшку ў Швейцарыі яшчэ ў 2017 годзе.
Копія надмагілля Баршчэўскага
Выраб копіі надмагільнай пліты Яна Баршчэўскага. Праект рэалізаваны сумесна с дабрачынным фондам імя Марыі Магдалены Радзівіл.
Надмагільная пліта аднаго з стваральнікаў новай беларускай літаратуры была знойдзена ў красавіку 2019-га года ў Чуднаве (Украіна) на прыватным падворку прыкладна ў 600 метрах ад каталіцкіх могілак, дзе быў пахаваны пісьменнік.
У кастрычніку 2020-га года на сустрэчы з мэрам Чуднава кіраўнік Фонду імя Магдалены Радзівіл Алесь Сапега і экс-дыпламат Павел Мацукевіч атрымалі згоду ўкраінскага боку на рэстаўрацыю і часовую прэзентацыю надмагільнай пліты ў Беларусі. Пазней пліта вагой у 35 кг была дастаўленая ў Мінск.
Рэстаўрацыйныя працы ажыццявіў беларускі скульптар Ігар Засімовіч. Пасля рэстаўрацыі пліта ад красавіка да жніўня 2021-га года экспанавалася ў музеях роднай для пісьменніка Віцебшчыны: у Расонах, Полацку і Віцебску, а таксама ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі ў Мінску ўжо разам са знакамітымі рэдкімі выданнямі Яна Баршчэўскага. Пазней пліта была вернутая ва Украіну.
Яшчэ падчас рэстаўрацыі надмагілля Яна Баршчэўскага ў Мінску з дазволу ўкраінскага боку скульптарам Ігарам Засімовічам быў адмыслова зроблены яе макет.
У кастрычніку 2023-га года на сродкі MALDZIS паводле макета была адлітая з чыгуну паўнавартасная копія. 13-га лістапада 2023-га года яна была перададзеная ў Расоны ў якасці падарунка ад ініцыятывы MALDZIS і фонду імя Магдалены Радзівіл.