MALDZIS вяртае малюнак Восіпа Любіча

Гэта вяртанне імя і творчасці беларускага прадстаўніка Парыжскай школы

Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі малюнак яркага рэпрэзентанта Парыжскай школы мастацтва Восіпа Любіча, які быў родам з Горадні.

Набыты твор, выкананы ў тэхніцы гуашы на паперы і падпісаны аўтарам, носіць назву “Рабочыя” і датуецца 1920-мі гадамі. Гэта рэдкі прыклад ранняй творчасці беларуска-французскага мастака. 

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS

Твор “Рабочыя” Восіпа Любіча, гуаш на паперы, 1920-я годы. Фота: Таццяна Капітонава

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

“Восіп Любіч – гэта прыклад таго, як творчасць мастака з Горадні становіцца часткай еўрапейскага мастацкага канону, але ягоная постаць і сёння застаецца малавядомай у Беларусі. Мы хочам гэта змяніць праз вяртанне ў беларускі кантэкст ягонага імя і творчасці”.

Малюнак Любіча “Рабочыя” быў набыты на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю.

У будучыні набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Горадню ў якасці грамадскага падарунка.

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

“Малюнак Любіча адкрывае новы раздзел у гісторыі дзейнасці MALDZIS. Гэта крок да фармавання больш цэласнага бачання беларускай культурнай спадчыны, якая ўключае не толькі архіўныя і гістарычныя каштоўнасці, а і выяўленчае мастацтва”.

27 чэрвеня малюнак можна будзе пабачыць у межах “Art-кавярні MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім” у Варшаве. Падрабязнасці хутка. 

Ініцыятыва MALDZIS набыла твор “Рабочыя” Восіпа Любіча. Злева направа: Рыгор Астапеня, Таццяна Капітонава, Павел Мацукевіч

Пра Восіпа Любіча

Восіп Любіч (1896–1990) – мастак беларускага паходжання, адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.

Нарадзіўся ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў класічную мастацкую адукацыю. У 1920-ым годзе пераехаў у Берлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы, кіно. Гэта паўплывала на ягоную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.

Восіп Любіч. Фота: wikimedia

З 1923-га года жыў у Парыжы, у асяроддзі Манпарнаса – цэнтра мастацкага жыцця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыжскай школы.

Ягоная творчасць уключае партрэты, пейзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцця.

Падчас Другой сусветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лагер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.

Ягоныя творы сёння знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі – у Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.

Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем. 

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS


Іншыя навіны