Запрашаем у Art-кавярню MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім

27 чэрвеня ў Варшаве. Тэма: Восіп Любіч і беларускі выпуск Парыжскай школы.

Пра мерапрыемства

Запрашаем на Art-кавярню MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім.

Вас чакае прэзентацыя малюнка Восіпа Любіча “Рабочыя” і размова пра малавядомую прысутнасць Беларусі ў сусветным мастацтве (беларускія мастакі Парыжскай школы, культурная міграцыя, вяртанне імёнаў і творчасці ў беларускі кантэкст).

Імпрэза адбудзецца 27 чэрвеня а 16:00 у Moss Cafe ў Варшаве. Колькасць месцаў абмежаваная.

Art-кавярня MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім – гэта наш новы праект, накіраваны на вяртанне беларускай культурнай спадчыны ў грамадскую свядомасць. Мы шукаем артэфакты, якія належаць беларускай культуры, каб вярнуць іх Беларусі. Але перш чым яны знойдуць свой шлях дадому, мы расказваем іх гісторыі вам – праз прэзентацыі і адкрытыя размовы.

Нядаўна ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Ізраілі малюнак яскравага прадстаўніка Парыжскай школы Восіпа Любіча – мастака родам з Горадні. Набыты твор, выкананы ў тэхніцы гуашы на паперы, носіць назву “Рабочыя” і датуецца 1920-мі гадамі. Гэта рэдкі прыклад ранняй творчасці беларуска-французскага мастака. 

Малюнак быў набыты на сродкі мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнаю. У будучыні твор плануецца перадаць у Горадню ў якасці грамадскага падарунка.

Чытаць падрабязней пра набыццё малюнка

Твор “Рабочыя” Восіпа Любіча, гуаш на паперы, 1920-я годы. Фота: Таццяна Капітонава

Пра Восіпа Любіча

Восіп Любіч (1896–1990) – мастак беларускага паходжання, адзін з прадстаўнікоў Парыжскай школы.

Нарадзіўся ў Горадні ў яўрэйскай сям’і. Вучыўся ў Адэсе, дзе атрымаў класічную мастацкую адукацыю. У 1920-ым годзе пераехаў у Берлін, працаваў мастаком-дэкаратарам для тэатра, оперы, кіно. Гэта паўплывала на ягоную візуальную мову і цікавасць да сцэнічных вобразаў.

З 1923-га года жыў у Парыжы, у асяроддзі Манпарнаса – цэнтра мастацкага жыцця таго часу. Тут ён сфармаваўся як мастак Парыжскай школы.

Ягоная творчасць уключае партрэты, пейзажы, нацюрморты, але найбольш выразна ён выявіў сябе ў сцэнах з тэатральнага і цыркавога жыцця.

Падчас Другой сусветнай вайны Любіч быў арыштаваны і трапіў у лагер Дрансі, адкуль здолеў уцячы. Пасля вайны працягваў жыць і працаваць у Парыжы.

Ягоныя творы сёння знаходзяцца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце, у тым ліку ў Беларусі – у Нацыянальным мастацкім музеі і карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.

Лёс і спадчына Любіча моцна яднаюць Беларусь з Францыяй, Нямеччынай ды Ізраілем. 


Іншыя навіны