
Запрашаем на Art-кавярню № 3
Мы не ведаем, хто гэтая жанчына. Але ейны партрэт намаляваў мастак Міхаіл Кікоін родам з Гомеля – адзін з яскравых прадстаўнікоў Парыжскай школы, якія жылі і працавалі ў легендарным парыжскім “Вуллі” і змянілі аблічча еўрапейскага мастацтва XX стагоддзя.
26 лістапада ў Варшаве адбудзецца новая Art-кавярня MALDZIS. Тэма: “Ад Гомеля да Парыжа: Міхаіл Кікоін і партрэт невядомай”.
Ініцыятыва MALDZIS набыла “Партрэт жанчыны” Міхаіла Кікоіна на аўкцыёне ў Ізраілі на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы, а таксама мецэнаткі, якая пажадала застацца неназванай. У будучыні карціну плануюць перадаць у Музей гісторыі Гомеля ў якасці грамадскага падарунка. У гомельскіх музеях няма жывапісных твораў Кікоіна.
На сустрэчы карціну можна будзе ўбачыць уласнымі вачыма.
Пра што размова
“Партрэт жанчыны” намаляваны алеем на дошцы. Карціна падпісаная аўтарам і датуецца 1918–1920 гадамі.
Гэта ранні парыжскі перыяд творчасці Кікоіна, калі ён яшчэ жыў у інтэрнаце бедных мастакоў “La Ruche” (“Вулей”) і толькі пачынаў здабываць прызнанне. Гуртажытак для маладых мастакоў стварыў мецэнат Альфрэд Бушэ, а Кікоін пасяліўся ў ім у 1912 годзе, калі пераехаў у Парыж.
Кажа сузаснавальнік ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня: “Асаблівая каштоўнасць гэтай пакупкі ў тым, што яна належыць да ранняга парыжскага перыяду Кікоіна – таго часу, калі ў “Вуллі” фактычна нараджалася гісторыя Парыжскай школы”.
Міхаіл Кікоін нарадзіўся ў 1892 годзе ў Гомелі. Потым ён вучыўся ў Менску ў прыватнай мастацкай школе Якава Кругера, дзе пасябраваў з Хаімам Суціным. Затым працягваў навучанне ў Віленскай мастацкай школе. У Вільні адбылося знаёмства Кікоіна і Суціна з Пінхусам Крэменем – гэта быў пачатак шматгадовага сяброўства тройкі мастакоў.
Працы Кікоіна захоўваюцца ў прыватных і музейных зборах у Францыі, ЗША, Японіі, Ізраілі ды іншых краінах. У Беларусі яны ёсць у Нацыянальным мастацкім музеі і ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.
Пра спікерку
Ганна Маліноўская – музеязнаўца, магістарка мастацтвазнаўства, лектарка, экскурсавод.
Расказвае пра мастацтва простай мовай, збірае скарбы Бацькаўшчыны па польскіх музеях і паказвае супольную спадчыну блізкіх ёй народаў у аповедах пра мастацтва.
Аднойчы яна пачула ад выкладчыка: “Навошта вам Менск ці Горадня, пішыце пра роднае мястэчка”. Так нарадзілася цікавасць да гісторыі роднага краю, а пазней – і да яго спадчыны.
Тры месяцы Ганна была ключніцай адной з трох найстарэйшых захаваных мураваных сінагог у Беларусі. Асабіста ведала прафесара Адама Мальдзіса і мае ягоны аўтограф.
Дэталі
Дата: 26 лістапада 2026 года, чацвер
Час: 18:20
Месца: Moss Cafe, Józefa Sierakowskiego 5/u7, Варшава
Мова: беларуская, расейская
Пасля лекцыі – размова і пытанні да спікеркі. Колькасць месцаў абмежаваная.
Квіткі
Early bird – 60 zł, да 20 лістапада
Стандартны – 80 zł
Калекцыйны – 200 zł: + торба з выявай карціны, такіх квіткоў 7.
Пра Art-кавярню
Art-кавярня MALDZIS – наш новы праект, накіраваны на вяртанне беларускай культурнай спадчыны ў грамадскую свядомасць. Мы шукаем артэфакты, якія належаць беларускай культуры, каб вярнуць іх Беларусі. А перш чым яны знойдуць свой шлях дадому, мы расказваем іх гісторыі вам – праз прэзентацыі і адкрытыя размовы.
Мы ўжо правялі дзве Art-кавярні – з Дзмітрыем Салодкім і з Міколам Волкавым. Шчыра запрашаем на сустрэчу з Ганнай Маліноўскай!