
Art-кавярня MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім
27 чэрвеня ў Варшаве адбылася першая Art-кавярня MALDZIS з Дзмітрыем Салодкім – новы фармат, дзе мы расказваем гісторыі вернутых беларускіх артэфактаў жыўцом, а не толькі праз экран. У Moss Cafe сабраліся госці, каб упершыню ўбачыць “Рабочых” Восіпа Любіча – гуаш 1920-х, якую ініцыятыва MALDZIS вярнула з аўкцыёну ў Ізраілі.
Пра мастака і беларускі след у Парыжскай школе расказаў мастацтвазнаўца Дзмітрый Салодкі.
"Рабочыя" і Восіп Любіч
Любіч з’ехаў з Горадні падлеткам – праз Адэсу і Берлін трапіў у Парыж і стаў часткай Парыжскай школы. У 1944-м яго схапілі і адправілі ў лагер Дрансі; ён уцёк адтуль на наступны дзень пасля адпраўкі апошняга канвою ў Аўшвіц.
Дома пра яго забыліся на сто гадоў. Сёння ягоныя творы – у музеях Лондана, Цюрыха і Нью-Ёрка, і ў Беларусі: у Нацыянальным мастацкім музеі і ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка”.
“Рабочыя” – адна з нямногіх ранніх работ мастака, што наогул выжылі. MALDZIS вярнула яе з аўкцыёну ў Ізраілі на сродкі анонімнай мецэнаткі; у будучыні твор плануецца перадаць у Горадню як грамадскі падарунак.