MALDZIS вяртае карціну Якава Балглея

Гэта вяртанне ў беларускі кантэкст парыжскага мастака родам з Беларусі.

“Партрэт дзяўчыны” Якава Балглея

Ініцыятыва MALDZIS набыла на аўкцыёне ў Нямеччыне карціну яскравага прадстаўніка Парыжскай школы мастацтва – Якава Балглея, які паходзіў з Берасця.

Набыты твор выкананы ў тэхніцы алею на палатне і падпісаны аўтарам. Карціна носіць назву “Партрэт дзяўчыны”, датуецца 1920–1930 гадамі і з’яўляецца прыкладам позняй творчасці беларуска-французскага мастака.

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS

“Партрэт дзяўчыны” Якава Балглея. Алей на палатне, 1920-1930 гады. Фота: Таццяна Капітонава
Прэзентацыя карціны "Партрэт дзяўчыны" Якава Балглея падчас MALDZIS-фэсту. 13 ліпеня 2026 года. Варшава, Польшча. Фота: Каця Ігнашэвіч

Кажа кіраўнік ініцыятывы MALDZIS Павел Мацукевіч:

“Якаў Балглей жыў і працаваў на Манпарнасе побач з Шагалам і Суціным. Крытыкі называлі ягоныя афорты і гравюры аднымі з найлепшых у тагачасным мастацтве. Таму набыццё карціны Балглея для нас – гэта вяртанне ў нашую культуру імені, без якога яна будзе няпоўнай”.

Твор Балглея быў куплены на сродкі Паўла Сеньчанкі, а таксама мецэнаткі і мецэната, якія выказалі жаданне не раскрываць сваіх імёнаў перад грамадскасцю.

Прэзентацыя карціны адбылася 13 ліпеня ў Варшаве падчас MALDZIS-фэсту. У будучыні набыты MALDZIS твор плануецца перадаць у Музей гісторыі Берасця ў якасці грамадскага падарунка.

Прэзентацыя карціны "Партрэт дзяўчыны" Якава Балглея падчас MALDZIS-фэсту. 13 ліпеня 2026 года. Варшава, Польшча. Фота: Каця Ігнашэвіч

Кажа апякун ініцыятывы MALDZIS Рыгор Астапеня:

“Берасце ў першай палове ХХ стагоддзя было адным з цэнтраў яўрэйскага жыцця ва Усходняй Еўропе, і Балглей – частка гэтай гісторыі. Яўрэйскія выхадцы з беларускіх мястэчак і гарадоў шмат далі еўрапейскай культуры. Вяртаць іхнія імёны – значыць прызнаваць, што Беларусь будавалася рознымі народамі, і гісторыя кожнага з іх належыць нам усім”.

Прэзентацыя карціны "Партрэт дзяўчыны" Якава Балглея падчас MALDZIS-фэсту. 13 ліпеня 2026 года. Варшава, Польшча. Фота: Каця Ігнашэвіч

Пра Якава Балглея

Якаў Балглей – мастак і графік, нарадзіўся ў 1891 годзе ў Берасці-Літоўскім у сям’і рабіна. Ягонае дзяцінства прайшло ва ўмовах антыяўрэйскіх пагромаў і страху, які суправаджаў жыццё многіх яўрэйскіх сем’яў таго часу. Усе ягоныя блізкія сваякі, якія засталіся ў Берасці, загінулі падчас Халакосту.

Падлеткам Балглей пісаў іконы, каб зарабіць на жыццё. Вывучаў медыцыну ў Санкт-Пецярбургу, затым архітэктуру ў Адэсе. У 1911 годзе пераехаў у Парыж, дзе пасяліўся на Манпарнасе і цалкам прысвяціў сябе мастацтву.

У 1918 годзе стварыў серыю з 18 ксілаграфій для кнігі апавяданняў, выдадзенай Франсуа Бэрнуарам (François Bernouard). У 1924 годзе парыжскі Музей Люксембурга набыў некалькі ягоных графічных работ і карцін, а гэта надзвычай высокае прызнанне для мастака пры жыцці.

Французскі мастацкі крытык Луі Васэль (Louis Vauxcelles) пісаў Балглею: “Мой дарагі. Ты зусім вар’ят. Я па-ранейшаму лічу твае афорты і працы, выкананыя ў тэхніцы сухой іголкі, – найлепшымі з усяго, што ствараецца сёння”.

На Манпарнасе побач з Балглеем жылі Марк Шагал, Хаім Суцін і Амэдэа Мадыльяні. Аднак мастак трымаўся асобна і ішоў у мастацтве ўласным шляхам.

Паводле даследнікаў, сям’я Балглеяў жыла ў Берасці на скрыжаванні цяперашніх вуліц Савецкай і Дзяржынскага. Да Другой сусветнай вайны прозвішча Балглей было добра вядомае ў горадзе, аднак сёння яго носьбітаў у Берасці ўжо няма.

У 1934 годзе мастак памёр ад сардэчнага прыступу ва ўзросце 43 гадоў. Пасля смерці ў ягонай майстэрні была арганізаваная мемарыяльная выстава. Французскі крытык Клод Ражэ-Маркс (Claude Roger-Marx) пісаў пра Балглея як пра чалавека, які стаў “ахвярай свайго часу” і памёр “ад гонару і адзіноты”.

“Партрэт дзяўчыны” – характэрны прыклад позняга перыяду ў творчасці мастака. Пасля 1928 года Балглей усё часцей звяртаўся да сямейных вобразаў, маляваў жонку і дачку, паступова адыходзячы ад ранейшых біблейскіх сюжэтаў. Карціна перадае ўласцівую ягонай творчасці стрыманасць, псіхалагічную глыбіню і ўнутраную засяроджанасць.

Творчасць Балглея прэзентуецца ў музеях і прыватных зборах па ўсім свеце. У Беларусі ягоныя працы знаходзяцца ў карпаратыўнай калекцыі “Белгазпрамбанка” і ў Музеі гісторыі Берасця (графічныя работы).

Лёс і спадчына Якава Балглея яднаюць Беларусь з Францыяй, Украінай, Ізраілем, нагадваючы пра глабальны маштаб беларускай культурнай гісторыі.

Падтрымаць дзейнасць MALDZIS


Іншыя навіны