
Як нашая зямлячка з Менска стала каралевай Даніі? Чаму ў Капенгагене захоўваецца залаты крыж, які, магчыма, прыехаў з нашых земляў? І навошта беларусы і беларускі паплылі па яго ў жніўні 2026-га?
У касцёле святога Бендта (Sankt Bendts Kirke) у Рынгстэдзе роўная каменная падлога. Абсалютна роўная – там няма аб што спатыкнуцца. Але пісьменніца Біргітэ Хамэр усё ж спатыкнулася. Яна апусціла вочы – і ўбачыла пад нагамі імя SOPHIA. Праз некалькі год яна выдала пра гэтую жанчыну раман “Sophia – den glemte dronning” (“Сафія – забытая каралева”). А той момант тлумачыць проста: Сафія схапіла яе за нагу.
Пад плітой ляжала жанчына, якая нарадзілася каля 1141 года ў Менску.
Хто такая Сафія Менская
Бацька Сафіі – Валадар Глебавіч, менскі князь з полацкага роду, унук Усяслава Чарадзея. Маці – Рыкса, дачка польскага князя Баляслава Крывавустага. Раней Рыкса ўжо была замужам за дацкім прынцам, і ад таго шлюбу ў яе застаўся сын Кнуд – будучы дацкі кароль і зводны брат Сафіі.
Першыя пяць гадоў Сафія пражыла ў Менску. Потым бацькі разышліся, маці забрала яе ў Польшчу – і менская княжна стала расці пры польскім двары. Праз чатыры гады маці пабралася шлюбам са шведскім магнатам Сверкерам, і Сафія пераехала ў Швецыю. У трынаццаць яе заручылі з Вальдэмарам, адным з прэтэндэнтаў на дацкі трон, і адправілі ў Данію. Там яе рыхтавалі наступныя тры гады быць каралевай.
Менскае і Польскае княства, Шведскае і Дацкае каралеўства. Чатыры двары да таго, як ёй споўнілася чатырнаццаць. Калі Сафіі было шаснаццаць, у Вібаргу згулялі вяселле.
Далей дваццаць пяць гадоў шлюбу і восем ці дзевяць дзяцей: крыніцы разыходзяцца. Два сыны сталі каралямі Даніі: Кнуд VI і Вальдэмар II. Дачка Інгеборга стала каралевай Францыі, дачка Рыхеза – каралевай Швецыі. Чацвёра дзяцей – і тры каралеўскія дамы Еўропы.
Але цікавей за тытулы тры рэчы, якія Сафія зрабіла сама.
Яна падпісалася. Сафія – першая дацкая каралева, чыё імя стаіць пад дароўным дакументам побач з імёнамі караля і арцыбіскупа. Маёмасцю жонкі распараджаўся муж – жаночага подпісу там не мусіла быць. Біргітэ Хамэр, аўтарка рамана пра Сафію, чытае гэта так: грошы былі ейныя, значыць, і імя ейнае.
Яна навучыла чытаць усіх дзяцей. Не толькі сыноў – усіх дачок. Хамэр называе гэта выключным нават для каралеўскага двара – навучыць пісьму адну дзяўчынку было рэдкасцю, а Сафія навучыла ўсіх. Потым яны раз’ехаліся па Еўропе і падтрымлівалі сувязь лістамі.
Яе выкраслілі. Галоўны дацкі летапіс “Gesta Danorum” (“Дзеі данаў”) напісаў Саксон Граматык на замову арцыбіскупа Абсалона – і кожнае слова праходзіла праз праверку замоўцам. Абсалон меў уплыў на караля, Сафія таксама, і дзяліцца ніхто не збіраўся. У выніку каралева, якая пражыла з Вальдэмарам чвэрць стагоддзя, з’яўляецца там некалькі разоў – і не заўсёды ў нядобрым святле. Першы, хто “забыў” Сафію, зрабіў гэта яшчэ пры ейным жыцці.
Ці былі сужэнцы шчаслівыя – сказаць складана: пра шлюб дамовіліся, калі ёй было трынаццаць, і дамова была не пра каханне. Але Хамэр звяртае ўвагу на арыфметыку.
У 1170, калі ў Рынгстэдзе асвячалі царкву, у Сафіі і Вальдэмара было двое сыноў і тры дачкі. Для каралеўскай пары гэтага цалкам хапала: дынастыя забяспечаная, абавязак выкананы, далей можна жыць паасобку – так рабілі ўсе. Пасля гэтага Сафія нарадзіла яшчэ чацвярых. Дзеці ім больш не былі патрэбныя, але яны ўсё роўна былі.
Вальдэмар памёр у 1182 годзе. Сафію, якой было ўжо каля 44 гадоў, выдалі замуж другі раз – за турынгскага ландграфа Людвіга III, гадоў на дзесяць маладзейшага, якому патрэбны быў уласны спадчыннік. Але дзяцей у іх не было. Праз некалькі гадоў ландграф адправіў яе назад у Данію, а шлюб скасавалі.
Сафія дажыла свой век дома і памерла 5 траўня 1198 года. Пахавалі яе ў сутарэннях касцёла святога Бендта ў Рынгстэдзе, побач з Вальдэмарам. Праз амаль 500 гадоў падлогу ў святыні раскапаюць.
Крыж – ейны ці не ейны
У 1683 годзе, пасля Рэфармацыі, пратэстанцкі настаяцель Sankt Bendts Kirke Крыстэн Бліхфельт захацеў пахаваць жонку ў самым прыгожым месцы, якое ведаў, – пад падлогай уласнай царквы, дакладна там, дзе ляжалі каралевы. Рабочыя па ягоным загадзе паднялі пліты і дакапаліся да каралеўскага пахавання.
Там ляжаў крыж. Залаты, з перагародкавай эмаллю, памерам 4,3 на 2,9 сантыметра – з вялікі палец. На адным баку Хрыстос укрыжаваны, на другім – Хрыстос-суддзя, Марыя, Ян Хрысціцель і два святыя ўсходняй царквы: Васіль Вялікі і Ян Залатавуст. Нацыянальны музей Даніі датуе яго XI–XII стагоддзем і апісвае як візантыйскі крыж-рэлікварый.
Імя знаходцы – крыж Дагмары – даў той самы Бліхфельт у гонар жонкі Вальдэмара II, гераіні дацкіх балад, якая памерла ў 1212. Упэўнены ён не быў. Але ў 1695 крыж трапіў у каралеўскую кунсткамеру ўжо пад гэтым імем, і імя прыжылося.
Далей крыж спаткала тое, што рэдка адбываецца з музейнымі рэчамі, – ён выйшаў у народ. У 1863 кароль Фрэдэрык VII падарыў копію крыжа прынцэсе Аляксандры на ейны шлюб з брытанскім спадчыннікам трона – і пасля гэтага копіі каштоўнасці разышліся па краіне як звычайная ювелірка. Іх і сёння дораць дацкім дзяўчатам на хрэсьбіны і канфірмацыю – абрад, які датчане праходзяць падлеткамі і адзначаюць як вялікае сямейнае свята з падарункамі. А ў Рынгстэдзе ў нявестаў дагэтуль пытаюцца, ці хочуць яны надзець крыж падчас вянчання.
Нацыянальная святыня і сямейнае ўпрыгожанне адначасова.
А цяпер тое, з-за чаго ўсё пачалося. Сам Нацыянальны музей піша, што крыж, хутчэй за ўсё, не Дагмарын. Больш верагодна, што яго знайшлі ў магіле Рыхезы, сястры Вальдэмара II, якая памерла ў 1220.
Рыхеза – гэта дачка Сафіі. Тая самая каралева Швецыі, якая збегла адтуль з дзецьмі падчас паўстання, дабралася да Даніі і памерла. Брат захацеў, каб сястру пахавалі ў гэтай царкве. Новай магілы рабіць не сталі – паднялі пліту над магілай Дагмары і паклалі Рыхезу туды ж. Імя на камені так і не дапісалі – у Даніі яе амаль не ведалі.
А праз 460 гадоў Бліхфельт капаў менавіта тут. Магілу Рыхезы разбурылі, магілу Дагмары пашкодзілі, парэшткі перамяшалі. Вось адкуль бярэцца пытанне: чый гэта крыж? Адказ на яго знішчылі ў 1683 разам з абедзвюма магіламі.
У 1978 медыявістка і былая кіраўніца Нацыянальнага музея Фрыцэ Ліндаль упершыню задала пытанне ўслых: а ці не мог гэты крыж прыехаць у Данію разам з Сафіяй Менскай?
Версію падрабязна разабрала даследчыца Лізавета Дубінка-Гушча. Яна параўнала крыж Дагмары з крыжам Еўфрасінні Полацкай (1161, майстар Лазар Богша). Там тая ж тэхніка эмалі і колеравая гама – сіні, зялёны, чырвоны, белы. А таксама тое, як зробленыя твары святых: вялікія вочы з выразнымі зрэнкамі, густыя чорныя бровы, характэрная форма рота. Выснова асцярожная: абодва прадметы маглі паходзіць з блізкага мастацкага асяроддзя ці быць працамі аднаго майстра. Полацк для гэтага падыходзіць. Археолагі знайшлі там рэшткі вялікай ювелірнай майстэрні – і найтанчэйшыя залатыя драты, з якіх выкладвалі ячэйкі для перагародкавай эмалі. Гэта акурат тая самая тэхніка, якую прымянілі пры вырабе крыжа.
І вось тут – самае важнае месца ва ўсёй гісторыі. У жніўні 2026 года Дубінка-Гушча стаяла ў цэнтры Капенгагена перад публікай, якая чакала гучнай заявы, і сказала наступнае:
“Гэта яшчэ не дае нам права сцвярджаць, што Дагмарын крыж быў зроблены ў Полацку. Але гэта вельмі цікавы гістарычны след. І, магчыма, самае важнае тут не тое, што мы ўжо ведаем усе адказы. Самае важнае – працягваць задаваць пытанні.
Прадстаўленая сёння копія таксама мае сваю гісторыю. Яна стала магчымай дзякуючы падтрымцы многіх людзей, якія хацелі наблізіць гэты гістарычны сімвал да беларускай культурнай спадчыны і зрабіць гэтую гісторыю даступнай для большай колькасці людзей. Я хачу шчыра падзякаваць усім, хто падтрымаў гэтую ініцыятыву. Бо культурная спадчына жыве не толькі ў музеях. Яна жыве тады, калі мы ёю цікавімся, даследуем яе, дзелімся ёю і перадаём яе далей”.
Вось што ў гэтай гісторыі прыгожа. Дацкае ўдакладненне – “гэта не Дагмара, гэта Рыхеза” – беларускую версію не разбурае. Яно яе дапаўняе: пасаг, потым дачка, потым яе магіла.
Пісьменніца Біргітэ Хамэр, стоячы ў той самай царкве, сказала гэта без агаворак: крыж належаў Рыхезе, а Рыхеза атрымала яго ад маці – ад Сафіі.
Мы прывыклі, што вялікі беларускі крыж адзін – Еўфрасінні Полацкай. Еўфрасіння, дарэчы, прыходзіцца Сафіі стрыечнай цёткай: у іх быў супольны продак, Усяслаў Чарадзей. Крыж Еўфрасінні знік у 1941, і мы можам пабачыць толькі яго рэпліку, зробленую Мікалаем Кузьмічом.
А той крыж, што знайшлі ў Рынгстэдзе, – цэлы. Ён ляжыць у Капенгагене і чакае, каб хтосьці дапісаў яго гісторыю.
Чаму Марыя гэта пачала
Папулярызатарка беларускай культуры Марыя Грыц упершыню ўбачыла арыгінал у Капенгагене ў 2024 годзе. Адчуванні былі супярэчлівыя: “Ён уражвае сваёй гісторыяй, але не сваім знешнім выглядам”. І тады з’явілася ідэя: зрабіць яго новым.
Беларускі ювелір ацаніў працу ў 12 тысяч еўра. А грузін Ілія Чакветадзэ зрабіў яе за суму ўтрая меншую, бо ў Грузіі традыцыя перагародкавай эмалі ніколі не перарывалася, тады як у Еўропе яе фактычна страцілі. Убачыўшы фота, ён сказаў: “Гэта ж вельмі падобна да грузінскага варыянта”. І ўзяўся за работу без папярэдняй платы. Цягам трох месяцаў ён вечарамі дома рэзаў найтанчэйшы дрот для перагародак, потым эмаль, потым печ. “Эмаль – капрызная рэч, – кажа ён. – Можа сапсаваць усё на апошнім абпале”.
Збор ішоў з восені 2025: 66 ахвяраванняў, больш за палову – ананімныя. Апошняга ўзносу не хапала, і яго закрыла ініцыятыва MALDZIS, дзякуючы фінансавай падтрымцы Рамана Андрыянава.
Чаму Рома далучыўся
Раман Андрыянаў – мецэнат MALDZIS. Крыж быў ягоным другім праектам з намі; першым быў удзел у набыцці Трэцяга Статута ВКЛ 1693 года выдання.
Пра тое, як ён далучыўся, Рома расказвае як пра супадзенне: Рыгор Астапеня напісаў, што да закрыцця збору не хапае зусім трохі, – а за дзень да таго блізкі чалавек пераказаў яму навіну пра нейкую пірацкую выправу ў Данію па крыж Сафіі Менскай.
“Я жыў і не ведаў, што ў нас наогул ёсць Сафія Менская. І ў адзін дзень такі: ваў, цікава, у нас ёсць Сафія Менская? Я ж сам з Менска. Мне здавалася, што гісторыя Менска вельмі маладая”.
Пра такія праекты звычайна кажуць “вяртанне”. Рома спрачаецца наконт гэтага слова:
“Для мяне гэта не вяртанне ў свядомасць, а менавіта пашырэнне свядомасці, падняцце беларускай самаацэнкі. Бо я не думаю, што крыж Сафіі Менскай калісьці быў у свядомасці беларусаў наогул”.
Рома – заснавальнік беларускай IT-кампаніі, дзе працоўныя спатканні ідуць па-беларуску, прычым калегі падхопліваюць. Пра мецэнацтва ён гаворыць з вельмі чалавечай, несарамлівай матывацыяй:
“Падабаецца ідэя, што ёсць нешта пра вечнасць – і можна сваё імя трошкі дзесьці ўпісаць. Ходзіш на выставы, бачыш, што прозвішча ўзгаданае, – і думаеш: ваў, крута, я тут неяк запісаны”.
У гэтага крыжа цяпер дзве гісторыі: тая, што пачалася амаль тысячу гадоў таму, і тая, што пачалася з шасцідзесяці шасці чалавек.
Высадка ў Капенгагене
Дзень пачаўся на вадзе. 22 жніўня 2026 года на плошчы Kongens Nytorv высадзіўся першы беларускі пірацкі флот.
Гэта не метафара, а фармат. Праект называецца “Піраты і піраткі каралевы Сафіі”. Усё выглядала адпаведна: імправізаваная сцэна ў цэнтры дацкай сталіцы, беларускі беластоцкі гурт Kurwadziki з ірландскім фолкам напалам з панк-рокам, віленскі фолк-метал Homan. Там жа адбылася галоўная падзея – рэпліку крыжа сімвалічна перадалі беларускай супольнасці.
Перад наведаннем плошчы ўдзельнікі былі ў Нацыянальным музеі – убачылі арыгінал, і куратар Пол Грындэр-Хансэн адзначыў вельмі высокую дакладнасць копіі. А пасля плошчы паехалі ў Рынгстэд, у тую самую Sankt Bendts Kirke з роўнай падлогай, дзе Біргітэ Хамэр расказала, як знайшла Сафію.
Што будзе ў Варшаве
Крыж прыехаў у Варшаву. У кастрычніку 2026 яго можна будзе ўбачыць уласнымі вачыма ў Музеі вольнай Беларусі, дзе ён і будзе захоўвацца. На імпрэзе можна будзе пабачыць і фільм пра экспедыцыю.
Але крыж – гэта толькі пачатак прыгод. Марыя Грыц адзначае:
“Пірацкая экспедыцыя пачынаецца ў Капенгагене, але яна дакладна тут не скончыцца. Мы будзем кругасветна падарожнічаць. Бо мы хочам, каб Беларусь была паўсюль”.
Вельмі рэдка скарбы вяртаюцца з музейных вітрын. Часцей за ўсё – з аўкцыённых каталогаў, з якімі MALDZIS у асноўным і працуе. Калі вам трапілася беларускае на таргах ці ў прыватным зборы, напішыце нам: паглядзім, што можна зрабіць.
І напрыканцы: што тут факт, а што версія
Факт: Сафія, дачка менскага князя, была каралевай Даніі з 1157 да 1182 года. Яе пахавалі ў Рынгстэдзе. Крыж знайшлі там жа ў 1683, і Нацыянальны музей Даніі лічыць, што паходзіць ён, хутчэй, з магілы Рыхезы, дачкі Сафіі, а не з магілы Дагмары.
Версія: што крыж прывезла Сафія і што зроблены ён на нашых землях. Выказала гэткую думку Фрыцэ Ліндаль у 1978м, а разгарнула – Лізавета Дубінка-Гушча. Прамых доказаў няма, і даследчыца сама гэта кажа. Не ўсе гісторыкі з версіяй згодныя – для гіпотэзы гэта нармальны стан рэчаў.
Удакладненні: Еўфрасіння была Сафіі стрыечнай цёткай, а не роднай; у жывой мове гэта скарачаюць да “цёткі” і “пляменніцы”. Бацькам Сафіі беларуская гістарыяграфія называе Валадара Глебавіча, у частцы заходніх даведнікаў бацька пазначаны як спрэчны. А дзяцей у Сафіі і Вальдэмара лічаць па-рознаму: Лізавета Дубінка-Гушча і генеалагічныя даведнікі кажуць пра васьмярых, Біргітэ Хамэр – пра дзевяцярых.
Рэпліка – не арыгінал і не прэтэндуе на яго месца. Гэта нагода. Як кажа Марыя Грыц: “Гэты крыжык – нагода гаварыць пра вельмі розныя рэчы: пра Сярэднявечча, пра княжацкія сем’і, пра майстроў, пра ролю жанчын”.
І пра адну дзяўчыну з Менска, якая нарадзілася амаль 900 гадоў таму і чвэрць стагоддзя была каралевай Даніі.