Алексіевіч гаварыла пра кнігу, якую піша пра 2020 год, і прызнала, што памылілася, абвясціўшы ў “Часе сэканд-хэнд” канец “чырвонага чалавека”: “Чырвоны чалавек сядзіць у Крамлі, страляе ва Украіне”. 2020-ы яна не лічыць паразай – гэта “шлях, цяжкі шлях”, і жыццё нельга ставіць на паўзу. Кнігу пра каханне, як прызнала, хутчэй за ўсё не дапіша: “Не ведаю нічога больш страшнага за каханне. Гэта страшней за вайну, страшней за Чарнобыль, таму што ў каханні ты ўвесь знікаеш, адбываецца крушэнне цябе ўсяго”.
Яе зборнік “Сто цытатаў на Свабодзе” ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”, і на пытанне пра цэнзуру пісьменніца адказала: “Сёння ўсё прасцей, бо дыктатура заўсёды прасцейшая… Кожнаму трэба выбраць свой шлях. Я выбіраю бок святла”. Рэцэпту прымірэння ў яе няма: “Мы не павінны ісці на прымірэнне, мы павінны прапанаваць варыянт дыялогу”. Не падзяляе яна і стаўку выключна на санкцыі: “Санкцыі нам так не дапамогуць, як мы самі можам дапамагчы тым, што будзем гаварыць… Мы сышлі, а цярпяць яны”. Скончыла яна так: “Нянавісць нікога ніколі не ўратавала. Уратавала любоў, а мы ўсе любім Беларусь”.
Мікалай Халезін разбіраў, якія культурніцкія праекты сёння спрацоўваюць: “Сабакі Еўропы”, опера “Дзікае паляванне караля Стаха”, беларускі павільён у Венецыі – з бюджэтамі, лічбамі і мецэнатамі. Навошта гэта ўсё: “У мяне перакананне, што Беларусь застаецца на мапе дзякуючы медыям і культуры, якая дэкларуе штосьці. Творчыя прадукты працуюць гадамі, і Беларусь гучыць”. Яго прапанова на будучыню – серыял па трох раманах Караткевіча з адным героем-этнографам, “беларускім Індыянам Джонсам”: “Гэты сусвет мы маглі б стварыць, прапанаваўшы праект Netflix ці Hulu”.
Саша Філіпенка казаў, што беларуская літаратура ў выгнанні вядомая нашмат лепш, чым здаецца, але кожны раз даводзіцца нанова тлумачыць, што Беларусь існуе. Іміджавае пытанне ён перавярнуў: “мы не павінны нічога нікому даказваць, мы ні за каго не горшыя”. Важнейшым за масты з Еўропай ён лічыць размову паміж самімі беларусамі – тымі, хто застаўся, і тымі, хто з’ехаў. “Цяпер нам перш за ўсё трэба ўвесь час адстойваць сваю незалежнасць”, – сказаў ён.
Лявон Вольскі расказаў пра сваю мастацкую адукацыю і выставу пра беларускія прыказкі, а пасля фэсту напісаў у калонцы, што “Менск таксама калісьці ня быў выключэньнем з агульнае сучаснае арт-прасторы”. З перадачай карціны, на яго думку, трэба пачакаць: “калі цяпер перадаць уладам гэтую карціну, дык яны… хуценька прададуць каштоўны падарунак”. У той жа калонцы ён нагадвае, што асабістую калекцыю Віктара Бабарыкі, у якой былі і Царфін, і Любіч, улады прадалі з аўкцыёну – замест таго, каб пакінуць у айчынных музеях.