Беларуская Варшава. Частка 4. Палац Бурбона

Працяг серыі публікацый аб вядомых варшаўскіх славутасцях.

Maldzis працягвае серыю публікацый аб вядомых варшаўскіх славутасцях, пра сувязь якіх з Беларуссю, магчыма, здагадваецца не кожны. 

З іншымі часткамі гэтай сагі можна пазнаёміцца па наступных спасылках:

Гэта серыя артыкулаў выходзіць дзякуючы вашым ахвяраванням

У сённяшнім матэрыяле мы наведаем будынак, які на пачатку XX стагоддзя стаў уласнасцю адной знакамітай беларускі і на некаторы час быў ператвораны ёй у палітычны салон для тагачасных беларускіх грамадскіх і палітычных актывістаў, якія апынуліся ў эміграцыі праз рэвалюцыю і прыход савецкай улады.

Што цікава, будынак месціцца на той жа вуліцы, дзе цяпер знаходзіцца адзін з сучасных цэнтраў беларускай эміграцыі ўжо новай хвалі – Музей Вольнай Беларусі. Наш аб’ект размешчаны амаль побач з музеем – на адлегласці нейкай сотні метраў. 

Гаворка пра дом № 3/5 на вуліцы Фоксаль. 

Першапачаткова ён вядомы як палац Валоўскага, бо быў пабудаваны ў 1878-ым годзе для банкіра і гандляра Станіслава Валоўскага. 

Менавіта ў арцы гэтага палаца ў 1934-ым годзе ўкраінскія нацыяналісты застрэлілі міністра ўнутраных спраў Польшчы Браніслава Перацкага. Арка з-за вайны не захавалася. Але нас цікавіць іншы час, іншыя імёны і падзеі, звязаныя з будынкам.

Арка, у якой быў забіты Браніслаў Перацкі. Фота: Wikipedia.org

У 1900-ым годзе палац Валоўскага набыла галоўная мецэнатка і апякунка беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя – княгіня Магдалена Радзівіл. На той момант яна была ўдавою і звалася графіняй Красінскай – па сваім першым мужу графу Людвіку Красінскаму, памерламу ў 1895-ым годзе.

Магдалена разбудавала гмах. У прыватнасці,  з заходняга боку быў узведзены двухпавярховы флігель з выхадам у сад, а таксама была прыбудаваная веранда на першым паверсе. 

Сюды, у гэты палац, яна перавезла фамільныя каштоўнасці, у тым ліку бібліятэку і карціны, рэшткі якіх, у прыватнасці партрэты Завішаў, цяпер можна пабачыць у Коўне ў Нацыянальным музеі імя Чурлёніса.

Няма сумневаў, што самай святочнай падзеяй, якая адбылася ў гэтым палацы ў часы Магдаленінага валодання, было вяселле ейнай адзінай дачкі Марыі Людвікі Красінскай з князем Адамам Чартарыйскім. Вяселле адбылося 31-га жніўня 1901-га года. 

Маладыя ўзялі шлюб у касцёле Святога Крыжа, у якім калісьці вянчалася і сама Магдалена, і нават ейныя бацькі – Ян Завіша і Марыя Квілецкая (яны там, дарэчы, і пахаваныя).

З вяселля ў Магдаленіным палацы захаваўся агульны здымак усіх гасцей, зроблены на выхадзе з палаца ў сад. На ім, дарэчы, побач з Магдаленай, якая не магла адарваць вачэй ад маладых нават для фота, можна пабачыць і ейную родную сястру Марыю (злева ад Магдалены) і мужа Марыі – князя Міхала Радзівіла з Няборава (стаіць ля калоны). Бачым на здымку і тагачасны варшаўскі бамонд. 

Вяселле Людвікі Красінскай і Адама Чартарыйскага ў палацы Магдалены Красінскай (пазней Радзівіл) – яна побач з дачкой, пазірае на яе. Фота: kurpiankawwielkimswiecie.pl

На гэтым дакументальныя сведчанні жыцця Магдалены ў палацы на вуліцы Фоксаль абрываюцца на гады.

Лічыцца, што, выдаўшы дачку замуж, Магдалена пераехала ў бацькаву Жорнаўку, якую атрымала ад яго ў пасаг пасля шлюбу з Красінскім. Шмат вандравала па Еўропе і падчас адной з такіх вандровак пазнаёмілася са сваім другім і апошнім мужам – Мікалаем Вацлавам Радзівілам. У красавіку 1906-га года ў Лондане адбыўся іхны шлюб. 

У Польшчы Магдалене і ейнаму новаму мужу былі не надта радыя, таму сужэнцы аселі ў беларускіх маёнтках княгіні і часцей бавілі час у Пецярбургу, чым у Варшаве.

Магдалена Радзівіл вярнулася ў свой варшаўскі палац на вуліцы Фоксаль толькі ў снежні 1918-га года, пасля таго, як Менск занялі бальшавіцкія ўлады. І зноў удавою, бо муж Мікалай Радзівіл загінуў яшчэ ў 1914-ым годзе на Першай сусветнай вайне. 

Магдалена пераўтварыла сваю варшаўскую рэзідэнцыю ў палітычны салон, дзе абмяркоўваўся лёс беларускай дзяржаўнасці. Сярод удзельнікаў гэтых штотыднёвых сходаў быў Эдвард Вайніловіч, Раман Скірмунт і шмат хто яшчэ.

Магдалена Радзівіл перад уласным палацам на вуліцы Фоксаль. Побач з ёй украінскі святар Язафат Жан і беларускі грамадска-палітычны дзеяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі, консул БНР у Польшчы.

Магдалена Радзівіл перад уласным палацам на вуліцы Фоксаль. Побач з ёй украінскі святар Язафат Жан і беларускі грамадска-палітычны дзеяч Лявон Вітан-Дубейкаўскі, консул БНР у Польшчы.

Утрыманне беларускага палітычнага салона і адкрытае пазіцыянаванне сябе як беларускі зрабілі Магдалену не асабліва пажаданай персонай у нядаўна адроджанай Польшчы, якая перажывала небывалы патрыятычны ўздым і не вельмі была зацікаўленая ідэямі аб стварэнні беларускай нацыянальнай дзяржавы.

Тагачасная польская прэса, як пісаў у сваім даследаванні “Vale!” пра Магдалену Радзівіл Віктар Хурсік, ставілася да беларускай княгіні варожа і нават пагражала ёй расправай. 

І гэта неўзабаве адбылося – напрыканцы 1919-га года яна была моцна збітая на вуліцы невядомымі, пасля чаго з’ехала ў Кёнігсберг на тэрміновае лячэнне. Больш у Варшаву Магдалена не вярнулася.

Улады паспрабавалі нацыяналізаваць палац, але Магдалена абараніла яго, пагадзіўшыся здаць частку дома з сваёй мэбляй амбасадам. 

Недзе ад 1922-га года і да ІІ сусветнай вайны княгіня здавала палац з часткай мэблі ў арэнду замежным дыпламатычным прадстаўніцтвам: тут знаходзілася спачатку дыпламатычная місія ЗША, а потым Нарвегіі. Пэўны час у будынку размяшчалася таксама дыпламатычнае прадстаўніцтва Мексікі.

Інтэр’еры будынка падчас знаходжання пасольстваў. Фота: szukajwarchiwach.gov.pl

На пачатку 1930-ых будынак таксама служыў месцам сустрэч сяброў арганізацыі “Беспартыйны блок супрацоўніцтва з урадам”, што была створаная для палітычнай падтрымкі Юзафа Пілсудскага. Тут можна было пабачыць галоўных палітыкаў міжваеннай Польшчы.

Пасольства Нарвегіі. Фота: szukajwarchiwach.gov.pl

У 1938-ым годзе Магдалена Радзівіл перадала палац, ацэнены ў 488 тысяч злотых, ва ўласнасць свайму праўнуку Антонію дэ Бурбону Сіцылійскаму, нашчадку апошняга караля Абедзвюх Сіцылій Францыска II. Адсюль і альтэрнатыўная назва будынка – палац Бурбона.

А потым выбухнула Другая сусветнай вайна, у якой палацу не пашанцавала – ён быў разбураны больш чым на 70%, магчыма, праз тое, што тут падчас Варшаўскага паўстання знаходзіўся паўстанцкі шпіталь польскага “Чырвонага крыжа”.

У 1948–1951 гадах палац быў адноўлены з умовай, што ўласнік аддае будынак у арэнду Саюзу польскіх журналістаў на 20 гадоў без арэнднай платы. Па выніках перабудовы будынак змяніўся – знікла тая самая арка, у якой да вайны адбылося забойства міністра. 

У 1972-ім годзе, калі тэрмін арэнды скончыўся, улады забралі будынак ва ўласнасць дзяржавы, адмовіўшы Бурбону ў праве валодання. У 1979-ым палац перадалі на 40 гадоў у карыстанне Саюзу польскіх журналістаў.

У 2002-ім апеляцыйны суд прызнаў несапраўднай пастанову 1972-га года аб адмове надаць Бурбону права бестэрміновага валодання. З гэтага моманту і фактычна да сваёй смерці ў лістападзе 2019-га года праўнук Магдалены Радзівіл вёў судовую спрэчку за права вяртання будынка, у апошнія гады ўжо праз свайго нашчадка.

Развітанне з прахам Магдалены Радзівіл (Лазана, чэрвень 2017-га года)

Я быў знаёмы з Антоніем Бурбонам і нават пару разоў бываў у яго дома ў Лазане разам з Алесем Сапегам, заснавальнікам дабрачыннага Фонду імя Магдалены Радзівіл. На жаль, тады мы не ведалі пра судовыя спрэчкі і ўвогуле пра існаванне палаца ў Варшаве, што належаў Магдалене Радзівіл, і не даведаліся ў Бурбона пра гэта больш. У чэрвені 2017-га года мы прывозілі да яго на кватэру урну з прахам Магдалены для развітання. Гэта было нашае апошняе спатканне з ім.

У кватэры прынца Антонія дэ Бурбона Абедзвюх Сіцылій у Лазане

Што з палацам цяпер? 

Тут і да сённяшняга дня месціцца Саюз польскіх журналістаў, а таксама іншыя арганізацыі, звязаныя з прэсай, ды рэстаран “Villa Foksal”. А на плоце, за якім хаваецца палац, вісіць усталяваная ў верасні 1994-га года мемарыяльная шыльда, якая нагадвае пра тое, што падчас Варшаўскага паўстання ў будынку знаходзіўся шпіталь польскага “Чырвонага крыжа” для дапамогі параненым паўстанцам. 

Сучасны від палаца

Безумоўна, трэба, каб і пра гісторыю валодання будынкам Магдаленай Радзівіл таксама паўстала мемарыяльнае сведчанне. 

Падтрымаць нас: