
Беларуская Варшава. Частка 3. Палац Завішаў
Maldzis працягвае серыю публікацый пра вядомыя месцы ў Варшаве, сувязь якіх з беларускай гісторыяй шмат для каго не зусім відавочная. З першымі часткамі гэтай сагі можна пазнаёміцца па наступных спасылках: Гэтая серыя артыкулаў выходзіць дзякуючы вашым ахвяраванням Героем сённяшняга матэрыялу з’яўляецца варшаўскі барочны палац, які месціцца на алеі “Салідарнасці”, 62 і ад 1990-га года з’яўляецца […]
Maldzis працягвае серыю публікацый пра вядомыя месцы ў Варшаве, сувязь якіх з беларускай гісторыяй шмат для каго не зусім відавочная. З першымі часткамі гэтай сагі можна пазнаёміцца па наступных спасылках:
- Беларуская Варшава. Часть 1. Колонна Сигизмунда III
- Беларусская Варшава. Часть 2. Бронзовый всадник без штанов
Гэтая серыя артыкулаў выходзіць дзякуючы вашым ахвяраванням
Героем сённяшняга матэрыялу з’яўляецца варшаўскі барочны палац, які месціцца на алеі “Салідарнасці”, 62 і ад 1990-га года з’яўляецца Музеем незалежнасці.
Гэты палац вядомы з 1728-га года, у 1732-ім упершыню з’явіўся на картах Варшавы. Першапачаткова вуліца, дзе ён размяшчаўся, называлася Бялянскай, і сам палац быў вядомы пад трыма прозвішчамі сваіх асноўных уладальнікаў – Пшэбэндоўскіх, Завішаў і Радзівілаў. Гэтыя прозвішчы згадваюцца на мемарыяльнай шыльдзе, усталяванай на фасадзе будынка.

Трэба адразу адзначыць, што ўладальнікаў цягам усёй гісторыі палаца было нашмат больш, а дачыненне да Беларусі з іх маюць не толькі Завішы ды Радзівілы.
Разам са зменай уладароў моцна змяняліся і функцыі палаца.
Гмах зведаў розныя перыяды – і заняпаду, і росквіту. Значна пацярпеў падчас Другой сусветнай вайны.
Варта коратка пераказаць самыя цікавыя моманты ў гісторыі палаца.
Фундатарам палаца з’яўляецца падскарбі вялікі каронны пры каралю Аўгусце II Ян Пшэбэндоўскі, які пажадаў займець эфектную рэзідэнцыю. Палац, імаверна, быў завершаны ў 1729-ым годзе і сапраўды выглядаў арыгінальна і ўражвальна. Перад палацам стаялі флігелі, што атачалі двор, а ззаду будынка месціўся сад, уваход у які быў пазначаны надпісам: “Post exanflatos pro Republica labores hic locus quietis” (“Пасля знясільнай працы дзеля Рэспублікі гэта месца спакою”).
Апошні з роду Пшэбэндоўскіх, якому належала гэтая рэзідэнцыя, у 1760–1762 гадах здаў яе ў арэнду іспанскаму дыпламату, графу дэ Аранда. Палац стаў месцам знакамітых прыёмаў і маскарадаў, якімі захаплялася ўся тагачасная Варшава.

Ад 1766-га года палац належаў сям’і Роха Касоўскага, апошняга каралеўскага падскарбія Рэчы Паспалітай, і яго жонкі Барбары з Бялінскіх, якая лічылася адной з найпрыгажэйшых варшавянак. У красавіку 1794-га года Касоўскі далучыўся да паўстання пад кіраўніцтвам Тадэвуша Касцюшкі. Гэта істотны момант для нашай гісторыі, бо адзін з наступных жыхароў палаца будзе сярод тых, хто гэтае паўстанне будзе ўціхамірваць.
Гаворка пра генерала Міхаіла Лявіцкага, і гэта між іншым наш суайчыннік, які паходзіў з дваранаў Магілёўскай губерні. Нарадзіўся ў Вільні, пахаваны ў Слоніме на Ружанскіх могілках. У палацы ён жыў ад 1818-га да 1830-га года ў якасці каменданта Варшавы.

Пачатак XIX стагоддзя стаў перыядам заняпаду палаца. Тут размяшчаўся “Hotel de Hamburg”, музей васковых фігураў, рэстаран, кавярня, адбываліся розныя шоу і забаўляльныя атракцыёны. У флігелі палаца дзейнічала “фабрыка гузікаў і ўсялякіх металічных і пячатных вырабаў”. На пэўны час у будынку знайшла месца Управа кантролю слуг, а таксама Гандлёвы трыбунал.
У 1840–50 гадах у палацы працавала друкарня і завод баварскага піва.
Будынак выкарыстоўваўся як даходны дом да студзеня 1863-га года, пакуль яго не набыў Ян Завіша, які нарадзіўся ў беларускіх Кухцічах.
@maldzis.world Частка 1 👉 @Свет Мальдзіса #историябеларуси #гісторыябеларусі #беларускамоўныцікток #белмова #беларускаямова #беларускіярэкамендацыі ♬ Everything In Its Right Place (Instrumental) – SAD & Dj tahh
Ян Завіша – галоўны герой нашага першага артыкула з серыі “Беларуская Варшава”.

Адпаведна, у гэтым палацы жыла будучая галоўная мецэнатка і апякунка беларускай культуры пачатку ХХ стагоддзя, дачка Яна Завішы, княгіня Магдалена Радзівіл.

Вось што ўзгадвае Магдалена ў сваіх успамінах (апублікаваныя ў кнізе Віктара Хурсіка “Vale!”):
“Мы жылі паміж пякарняй і садам у цудоўным палацы, які набыў мой бацька, калі пасяліўся ў Варшаве. Раней тут месцілася амбасада, а пазней – вартая жалю гасцініца. Усе вялікія пакоі будынка былі ператвораны ў маленькія нумары з дапамогай тонкіх перагародак. Добры архітэктар выкінуў іх і аднавіў першапачатковы план. Але гэта праца ішла марудна. Як толькі быў добраўпарадкаваны першы паверх, мы пасяліліся там, а другі заставаўся нежылым доўгія гады. Мне было, мабыць, тры ці чатыры гады, калі мы туды пераехалі, і толькі ў сямнаццаць гадоў я пасялілася ў пакоі другога паверха, які нам прызначаўся”.
Успаміны Магдалены даюць уяўленне пра планіроўку палаца:
“Мы з сястрой займалі пакой, абстаноўка якога была вельмі простай. Вялікі пакой для заняткаў, пакой нашай настаўніцы і пакой нашай пакаёўкі былі асобнай кватэрай, дзе мы адчувалі сябе нязмушана. Пакой маіх бацькоў і рабочы кабінет бацькі займалі частку дома, у глыбі якой знаходзіліся два вялікія салоны. Велізарная сталовая і буфетная былі сіметрычнымі нашым пакоям з боку саду. Гэтага нам было цалкам дастаткова, і мы маглі б пакінуць другі паверх няскончаным, але бацька панічна баяўся вільготнасці першага паверха. Кухня, пральня і пакоі служкаў знаходзіліся ў вельмі доўгім асобным будынку. Злева знаходзіўся асабнячок, першы паверх якога займала мая бабуля”.
Палацавы двор, паводле ўспамінаў Магдалены, быў зусім ізаляваны – ад вуліцы быў адасоблены крацістай агароджай і вартаваўся швейцарам.
Ян Завіша правёў буйную перабудову і рэстаўрацыю будынка, пасля чаго да гмаху вярнулася першапачатковая функцыя палаца. Істотныя змены закранулі фасад, у прыватнасці з’явіўся адкрыты знешні вестыбюль, які абараняў гасцей, якія выходзілі з карэт, ад дажджу і сонца.
Дарэчы, пасля ўваходу ў вестыбюль наведнікаў сустракаў ілюзіяністычны плафон “Святло і змрок”. Ён быў выкананы на замову Яна Завішы самым вядомым тагачасным мастаком Генрыхам Семірадскім, продкі якога паходзілі з беларускіх зямель.
Адзін з эскізаў плафона Генрыха Семірадскага “Святло і змрок”, які захоўваецца ў Нацыянальным музеі ў Варшаве. Гэта адзіны вядомы сёння твор, які дае ўяўленне пра планаваную каларыстыку плафона, але канцэпцыя эскіза значна адрозніваецца ад выніковага твора.

Цікава, што ўбачыць гэты плафон, апроч гасцей Завішаў, меў магчымасць кожны, але трэба было заплаціць. Грошы ад наведнікаў ішлі на карысць прытулку для паралізаваных.
Гравюра Андрэя Зайкоўскага. Выявы плафона захаваліся толькі на даваенных фотаздымках. Акрамя таго, ён стаў асновай для гравюры Андрэя Зайкоўскага, зробленай у 1884-ым годзе паводле малюнка Юзафа Бухбіндэра.

У гэтым палацы Завіша прымаў самых выбітных навукоўцаў з-за мяжы, а таксама шматлікіх гасцей з беларускіх зямель. Менавіта тут ён сабраў буйную калекцыю археалагічных знаходак, якія прывёз са сваіх экспедыцый.

Пасля смерці Завішы ў лютым 1887-га палац стаў уласнасцю ягонай жонкі Марыі Квілецкай. Калі ж і яе не стала (1910), то права на ўладанне перайшло да іхняй дачкі – Марыі Евы, якая выйшла замуж за ўладара маёнтка Нябораў – князя Міхала Радзівіла. У гэтым палацы Завішаў ён, дарэчы, раптоўна памёр у лістападзе 1903-га года.

Марыя, нягледзячы на свой княжацкі статус і магчымасці, жыла вельмі сціпла і нават аскетычна, а грошы траціла на дабрачыннасць. Яна не мела патрэбы ў такім палацы. Таму ў 1912-ым годзе са згоды сваёй малодшай сястры Магдалены яна прадала палац князю Янушу Радзівілу, ардынату на Алыцы, якому раней адышоў і Нябораў.
Але гісторыя ейнай сувязі з будынкам на вуліцы Бялянскай на гэтым не заканчваецца. Марыя даволі часта наведвала бацькоўскі палац, у якім разам з Магдаленай правяла сваё дзяцінства і стала дарослай (розніца ва ўзросце паміж сёстрамі складала ўсяго год). Падчас аднаго з такіх наведванняў у чэрвені 1930-га здарылася зусім незвычайная на тыя часы (зрэшты, і на сучасныя таксама) трагедыя: Марыя загінула на вуліцы побач з бацькоўскім палацам у выніку наезду на яе раварыста.
Новага ўласніка палаца князя Януша Радзівіла дый сам палац таксама чакаў складаны лёс.

У 1939-ым князь быў арыштаваны НКВД і трапіў у турму на Лубянку. Берыя паспрабаваў выкарыстаць замежныя сувязі Радзівіла і ў прыватнасці знаёмства з Германам Герынгам. У 1944-ым князя з сям’ёй арыштавалі ўжо немцы і кінулі ў берлінскую турму Маабіт. Пасля вайны яго з жонкай зноў арыштаваў НКВД.

Палац быў моцна пашкоджаны падчас Варшаўскага паўстання, да таго ж у будынак трапіла нямецкая авіяцыйная бомба. Інтэр’еры і ў тым ліку знакаміты плафон Генрыха Семірадскага былі знішчаныя пажарам.
Вызваліўшыся ў 1947-ым годзе з СССР, Януш Радзівіл вярнуўся ў Польшчу і даў згоду на перадачу дзяржаве руінаў палаца ў абмен на двухпакаёвую кватэру ў варшаўскім раёне Макотаў. Не самы кепскі варыянт для часоў нацыяналізацыі ўласнасці.

Падчас аднаўлення Варшавы рэшткам палаца на вуліцы Бялянскай пагражаў знос, бо тагачасныя гарадскія ўлады лічылі месца, дзе стаіць палац, ідэальным для новай трасы “Усход-Захад”. Дзякуючы прафесару Яну Захватовічу было знойдзенае кампраміснае рашэнне: трасу праклалі з двух бакоў ад палаца, у выніку чаго былі разбураныя толькі флігелі. На іх месцы цяпер трамвайныя шляхі.

Аднаўленчыя працы не былі асабліва дасканалымі. Пасля адбудовы палац змяніў адрас: была вуліца Бялянская, 14 – стала алея “Салідарнасці”, 62.

У 1950-ыя гады палац ужо выкарыстоўваўся як штаб-кватэра прафсаюзаў, а затым на дзесяцігоддзі стаў Музеем Леніна.

Пасля яго ліквідацыі 30-га студзеня 1990-га года будынак заняў Музей гісторыі польскіх незалежніцкіх і сацыяльных рухаў, пазней рэарганізаваны ў Музей незалежнасці. Ён займае палац і да сёння.

У 2000–2009 гадах у палацы апроч музея дзейнічаў кінатэатр “Paradiso”. Сучасны выгляд палаца звязаны з комплексным рамонтам будынка, які скончыўся ў 2019-ым годзе, і ахапіў як фасады, так і інтэр’еры.
Працяг будзе.
Падтрымаць нас: