
Як набыць сабе Радзівілаўскую карту ВКЛ?
Выйшаў у свет асобнік “Мальдзіса” – лімітаваная падарункавая копія рарытэтнай Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, якая была набытая ініцыятывай MALDZIS узімку.

Гэты праект рэалізаваны намі сумесна са студыяй старадаўніх карт і гравюр Imago.by і выдавецтвам Gutenberg Publisher.

Выданне з’яўляецца двухбаковым, як і набытая MALDZIS арыгінальная карта, – адваротны бок асобніка “Мальдзіса” ўтрымлівае старонкі з атласа з лацінскім тэкстам пад назвай “Descriptio Lithuaniae”. Гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне ВКЛ.

Падарункавы асобнік “Мальдзіса” можна набыць у выдавецтве Gutenberg Publisher у двух варыянтах:

Нагадаем, што Радзівілаўская карта ахоплівае тэрыторыю ВКЛ у межах да Люблінскай уніі 1569-га года і часткова землі суседніх краінаў. Ініцыятарам яе стварэння і фундатарам быў князь Мікалай Крыштоп Радзівіл Сіротка, і ў выніку карта ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам. Аўтарам эскіза карты з’яўляецца нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.

Мапа была шырока вядомая ў Еўропе і да гэтага часу застаецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначаныя звыш 1000 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 – на землях сучаснай Беларусі.

Першаўзор Радзівілаўскай карты быў створаны ў Нясвіжы блізу 1603-га года, але да нашых часоў не захаваўся. Шырокую вядомасць мапа набыла дзякуючы выданню 1613-га года, якое было выкананае галандскім гравёрам Геселем Герыцам у Амстэрдаме для картаграфічнай майстэрні Вілема Янсана Блаў.

З 1631-га года Радзівілаўская карта была ўключаная ў атлас выдавецтва Блаў “Appendix Theatri A. Ortelii et Atlantis”. Асобнік “Мальдзіса” з’яўляецца адным з першых атласных выданняў карты і быў набыты ініцыятывай Maldzis у снежні 2024-га года на сродкі беларускіх мецэнатаў – Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага.
