
Гайд па беларускіх мясцінах Сакартвэла
Пэўна, вы ці хтосьці з вашых блізкіх наведваў Сакартвэла (Грузію), каб пачаставацца смачнымі хачапуры і хінкалі, зладзіць горныя паходы або пагрэць косткі на чарнаморскім узбярэжжы? Аднак гэтая краіна багатая не толькі на кулінарныя, прыродныя і культурныя славутасці, а і на даволі разнастайныя гістарычныя сувязі з беларускімі дзяячкамі і дзеячамі. Прапануем 25 лакацыяў Сакартвэла, з якімі […]
Пэўна, вы ці хтосьці з вашых блізкіх наведваў Сакартвэла (Грузію), каб пачаставацца смачнымі хачапуры і хінкалі, зладзіць горныя паходы або пагрэць косткі на чарнаморскім узбярэжжы? Аднак гэтая краіна багатая не толькі на кулінарныя, прыродныя і культурныя славутасці, а і на даволі разнастайныя гістарычныя сувязі з беларускімі дзяячкамі і дзеячамі.
Прапануем 25 лакацыяў Сакартвэла, з якімі былі звязаныя беларусы і беларускі цягам апошніх стагоддзяў. Цяпер рыхтуйцеся смела дадаваць іх у свой падарожны маршрут і ганарыцца тым, што і ў такой адрознай ад іншых краіне ў нас ёсць нешта блізкае!
Гэты гайд створаны дзякуючы людзям, якія падтрымалі збор на краўдфандынгавай платформе Gronka.
Чыгунка
На тыфліскай таварнай чыгуначнай станцыi працаваў пiсьменнiк Янка Лучына (сапраўднае iмя Іван Неслухоўскi). Ён нарадзiўся ў Менску ў 1851-ым годзе, паходзiў са старажытнага беларускага шляхецкага роду Лучыўка-Неслухоўскiх, першыя згадкi пра якi датуюцца XIII стагоддзем.

Янка вучыўся ў Менскай класiчнай гiмназii, па сканчэннi якой паехаў у Пецярбург. Там ён паступiў на механiчнае аддзяленне Дзяржаўнага тэхналагiчнага iнстытута на модную ў тыя часы спецыяльнасць iнжынера.
Пасля атрымання адукацыi Янка Лучына быў накiраваны на працу ў Тыфліс (назва Тбілісі да 1936 года), дзе стаў начальнiкам чыгуначных складоў. Але праца тут аказалася нядоўгай.

Праз некалькi гадоў малады чалавек наведаў Менск, але тут яго напаткала страшная бяда – паралiч. Праз здарэнне ён ужо не вярнуўся ў Тыфліс.
У грузiнскай сталiцы беларускi паэт знаходзiўся прыкладна з 1877-га да 1880-га года.
Памёр Янка Лучына ў 1897-ым годзе ў Менску на 47-ым годзе жыцця.
Тэхнічны ўніверсітэт
Пры Грузінскім дзяржаўным політэхнічным інстытуце з 1927-га да 1930-га года дзейнічала Беларускае студэнцкае зямляцтва. Яно было заснаванае ў 1927-ым на агульным сходзе студэнтаў-беларусаў інстытута.
Старшынём бюро быў Мікалай Густыр, сакратаром – Ф. Брыль, у склад таварыства ўваходзілі актывісты Ізмайловіч, Кот, Свігач, Чарняўскі.
Галоўнымі задачамі зямляцтва было вывучэнне беларускай мовы і матэрыяльная дапамога беларускім студэнтам – сябрам арганізацыі.

Таварыства кантактавала з Цэнтральным бюро пралетарскага студэнцтва Беларусі, прасіла арганізацыйнай і матэрыяльнай дапамогі з боку дзяржаўных органаў БССР, але не атрымала яе. Выпісвала газету «Савецкая Беларусь», іншыя беларускія перыядычныя выданні. Дзякуючы ЦБ пралетарскага студэнцтва Беларусі для некаторых сяброў зямляцтва была арганізаваная летняя практыка на бацькаўшчыне.
Зямляцтва пад канец сваёй дзейнасці стала Беларускай секцыяй пры Тыфліскім клубе народаў Захаду.
1-я гімназія
У Першай класічнай гімназіі ў Тыфлісе вучыўся Васіль Воінкаў – заслужаны артыст БССР, народжаны ў Тбілісі.

У 1932-ім годзе ён быў залічаны ў трупу Дзяржаўнага расійскага драматычнага тэатра БССР у Магілёве. У 1941-ым тэатр быў расфармаваны, таму Воінкаў працаваў у Омску. У 1943-ім годзе дзейнасць Дзяржаўнага расейскага драмтэатра БССР была адноўленая, а ў 1947-ым вернутая ў Мінск, і артыст аднавіў там сваю працу.
Васіль Воінкаў – характэрны актор, які стварыў шмат яркіх сцэнічных вобразаў, напрыклад граў ролю Вухавёртава ў гогалеўскім «Рэвізоры», палкоўніка ў брэхтаўскай п’есе «Мамаша Кураж і яе дзеці», Галілея ў «Сымоне Карызне» Міхася Зарэцкага і іншыя.
Гэты артыст – майстар праўдзівага паказу псіхалогіі персанажаў, акрэсленага малюнка ролі. Аднолькава творча ён падыходзіў да галоўных роляў і другарадных. Спецыяльна ствараў эпізадычныя характары, карыстаўся выразным і дакладным жэстам, партрэтным грымам, пераканаўчай мімікай.

Памёр актор у 1986-ым годзе і быў пахаваны на Паўночных могілках Мінска.
Тэатральны ўніверсітэт
У гэтым універсітэце ў Тыфлісе ў 1921–1924 гадах вучылася Тамара Цулукідзэ – артыстка, празаік, драматург, крытык, перакладчыца. Пасля таго, як быў арыштаваны і расстраляны ейны муж, была вымушаная пакінуць Тэатр імя Руставелі, дзе працавала пасля сканчэння навучання.

Цулукідзэ была арыштаваная ў 1936-ым годзе як жонка «ворага народа». У 1937–1946 гадах знаходзілася ў турмах, лагерах, на лесапавале, на земляных работах. Зноў арыштаваная ў 1950-ым, высланая ў Краснаярскі край, дзе пазнаёмілася з беларускім пісьменнікам Алесем Пальчэўскім, які таксама быў рэпрэсаваны. Неўзабаве Тамара і Алесь пабраліся.

Тамару Цулукідзэ рэабілітавалі ў 1956-ым годзе, пасля чаго яе зноў запрасілі працаваць у тэатр, дзе яна выконвала галоўныя ролі. У 1959-ым годзе выйшла на пенсію і пераехала ў Мінск, выступала ў беларускім друку. Яна папулярызавала ў Сакартвэла беларускае мастацтва, а ў Беларусі – грузінскае. Займалася перакладамі твораў з грузінскай на беларускую мову і наадварот, была чальцом Саюза пісьменнікаў БССР.
Моладзевы палац
У будынку Моладзевага палаца ў Тыфлісе працаваў беларус Аляксандр Вальковіч, прадстаўнік БНР пры ўрадзе Сакартвэла, міністр фінансаў БНР. У палацы больш як сто гадоў таму зараджалася першая Грузінская Дэмакратычная Рэспубліка.

Аляксандр Вальковіч – грамадска-палітычны дзеяч, ён нарадзіўся ў Менску ў 1892-ім годзе. У час польскай акупацыі Беларусі ў 1919–20 гадах быў арыштаваны, уцёк за мяжу, а ў 1925-ым вярнуўся ў Менск. Працаваў інспектарам у Народным камісарыяце фінансаў. У выніку чысткі апарату Наркамфіна ў сакавіку 1930-га быў пазбаўлены працы.
Арыштаваны Дзяржаўным палітычным упраўленнем БССР у ліпені 1930-га па справе «Саюза вызвалення Беларусі», быў сасланы на 5 гадоў у Башкартастан. У траўні 1937-га арыштаваны НКУС Башкірскай АССР паводле абвінавачання ў прыналежнасці да «Польскай вайсковай арганізацыі». Расстраляны ў лістападзе таго ж года.
Будынкі дыпламатычнай місіі УНР
З галоўным праспектам Тбілісі звязаны і лёс беларускага ды ўкраінскага грамадска-палітычнага дзеяча, старшыні дыпламатычнай місіі УНР на Каўказе і кансультанта беларускай дэлегацыі на перамовах з УНР Івана (Яна) Краскоўскага. Амбасада Украіны ў Сакартвэла размясціла мемарыяльныя шыльды ў знакавых мясцінах, дзе працавалі тагачасныя ўкраінскія дыпламаты, у тым ліку Краскоўскі.

Нарадзіўся Краскоўскі ў Гарадзенскай губерні, скончыў гімназію ў Вільні, а пасля і Пецярбургскі ўніверсітэт. У 1915-ым годзе пераехаў у Кіеў, дзе на з’ездзе народаў быў дэлегатам ад беларускіх нацыянальных арганізацый. Часовы ўкраінскі ўрад прызначыў яго камісарам у Тарнопалі. Праз нейкі час ён быў арыштаваны бальшавікамі.
У 1918-ым годзе ўвайшоў у склад урада УНР, быў яе амбасадарам у Сакартвэла. Падчас працы ва ўкраінскім урадзе таксама выступаў кансультантам дэлегацыі БНР на перамовах з урадам Украіны.
У 1920-ым – старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта ў Вільні. З 1925-га працаваў у БДУ, Інбелкульце, Акадэміі навук БССР.

Быў арыштаваны 8-га ліпеня 1930-га па сфабрыкаванай справе «Саюза вызвалення Беларусі», сасланы на 5 гадоў у Самару. Паўторна арыштаваны 4-га лістапада 1937-га, аднак праз 2,5 года асаблівай нарадай пры НКУС СССР вызвалены з-пад следства.
Філармонія
У Тбілісі з’явіліся радкі песні «Жураўлі на Палессе ляцяць». Аўтар Алесь Ставер – беларускі паэт з-пад Докшыцаў.
– Я пацікавіўся ў яго: «А як, Алесь Сяргеевіч, нарадзіліся ў вас радкі… Ахвотна адказаў. Ён тады быў у “партызанах” у Тбілісі. І горад, кажа, прыгожы, і віно добрае, але за два месяцы так засумаваў па Радзіме, што мог перадаць гэта толькі словам. Калі прыйшлі першыя радкі, запісаў іх на карабку з запалкамі… Больш пад рукой нічога не мелася… І хутчэй у казарму, каб занатаваць астатнія радкі!..» – згадваў пісьменнік Васіль Ткачоў, калега Алеся Ставера.

Гэтыя словы сталі папулярнымі дзякуючы таму, што ансамбль «Песняры» паклаў іх на музыку. Канцэрты «Песняроў» у Тбілісі праходзілі ў 1970-ых і ў 2001-ым годзе акурат у грузінскай філармоніі. Між іншым, беларускі ансамбль меў цесную творчую супрацу з грузінскай групай «Арэра».
Парк 9-га Красавіка
У гэтым парку пахаваны Аляксандр Мяснікоў – савецкі дзяржаўны дзеяч і адзін з кіраўнікоў падзеяў Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Менску.
Быў старшынём Паўночна-Заходняга абласнога камітэта РКП(б), галоўнакамандуючым Заходнім фронтам. Пры пачатку германскай інтэрвенцыі ў лютым 1918-га года не змог арганізаваць абарону Менска, у выніку чаго горад быў здадзены нямецкім войскам без супраціву.

Пасля Першай сусветнай вайны стаў членам Часовага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі, пазней – старшынём Цэнтральнага бюро Камуністычнай партыі Беларусі.
Загінуў у 1925-ым годзе ў авіякатастрофе пад Тыфлісам (блізу Дыдубійскага іпадрома), пасля чаго быў пахаваны ў Парку 9-га Красавіка.
«Самалёт разбіты дашчэнту. Сярод зусім абгарэлых трупаў ледзь можна пазнаць таварыша Мяснікова і лётчыка Сагарадзэ, якія заставаліся да моманту падзення ў кабіне самалёта», – пісалі тады пра здарэнне савецкія газеты.
У Закаўказскай Сацыялістычнай Савецкай Рэспубліцы была аб’яўленая жалоба на некалькі дзён.

Акадэмія мастацтваў
З гэтым месцам у Тбілісі звязаны лёс беларускага скульптара Заіра Азгура. Да прыезду ў гэты горад ён скончыў тры мастацкія навучальныя ўстановы: тэхнікум у Віцебску, інстытуты ў Ленінградзе і Кіеве, але ж і гэтага яму было мала для прафесійнага росту. Таму з вясны 1929-га года ён пачаў вучыцца яшчэ і ў Тыфлісе – у Акадэміі мастацтваў у Якава Нікаладзэ. Тут ён працаваў самастойна, маючы права свабоднага наведвання майстэрні.

Заір Азгур – цэнтральная фігура ў беларускай пасляваеннай пластыцы. У 1950–1970 гады ён працаваў над манументальнай скульптурай. Ад 1980-га года – кіраўнік Майстэрні скульптуры Акадэміі мастацтваў СССР у Мінску.
Кансерваторыя
Гэта альма-матар Мікалая Чуркіна – кампазітара і фалькларыста, аднаго з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі. У 1892-ім годзе скончыў музычнае вучылішча ў Тыфлісе (яно пасля рэарганізавалася ў кансерваторыю), пасля – Пецярбургскую акадэмію музыкі. Выкладаў музыку і маляванне, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі ў Баку, Коўне і Вільні.

Апынуўся на тэрыторыі сучаснай Беларусі ў 1914-ым, працаваў педагогам настаўніцкай семінарыі і школаў, загадваў музычнай падсекцыяй павятовага выканкама, арганізатар мастацкай самадзейнасці ў Мсціславе, пасля выкладаў у Магілёве і Менску.
Кампазітар сабраў больш як 3 тысячы мелодыяў песень і танцаў розных народаў (беларускага, грузінскага, армянскага, азербайджанскага, польскага, літоўскага і таджыкскага). Склаў зборнікі «Беларускія народныя песні і танцы» (1949) і «Беларускія народныя песні» (1959).

Чуркін – адзін з заснавальнікаў беларускай прафесійнай музыкі, пачынальнік нацыянальнага жанравага сімфанізму, музыкі для дзяцей.
Оперны тэатр
Тбіліскі оперны тэатр быў месцам працы Канстанціна Горскага – скрыпача і кампазітара з Ліды. У 1885-ым годзе Горскі працаваў тут канцэртмайстрам аркестра. У Тыфлісе ён пазнаёміўся з Пятром Чайкоўскім, пасля чаго яны пасябравалі.
Канстанцін Горскі – аўтар шматлікіх мініяцюр для скрыпкі (паланезаў, мазурак, канцэртных п’ес), 36 эцюдаў для скрыпкі, кадэнцыі да канцэрта для скрыпкі Бетховена, дзвюх імшаў (Es-dur, a-moll) для салiстаў, хору і аркестра, арганнай фантазіі, сімфанічных паэм «На Алiмпе» і «Чарадзейны круг». Таксама Горскі з’яўляецца аўтарам дзвюх опер: «За хлебам» і «Маргер». Апошняя пабудавана на сюжэце змагання Вялікага Княства Літоўскага з Тэўтонскім ордэнам.

Дарэчы, спраектаваў будынак Тбіліскага опернага тэатра той жа архітэктар, які з’яўляецца аўтарам сядзібы Гатоўскіх і Козел-Паклеўскіх у вёсцы Чырвоны Бераг у Жлобінскім раёне – Віктар Шротар.
Вялікая сінагога
У тбіліскім раёне, дзе месціцца Вялікая сінагога, у 1906-ым годзе нарадзілася Лідзія Мухарынская – беларуская музыказнаўца-фалькларыстка і заслужаная дзяячка мастацтваў БССР.

Мухарынская рана страціла бацьку і затым маці. Жыла ў сваякоў у Маскве. У 1937-ым годзе, калі Лідзія ўжо вучылася ў кансерваторыі, былі арыштаваныя і атрымалі па дзесяць гадоў лагераў абедзве яе цёткі.
Вучылася ў Музычным тэхнікуме, у Маскоўскай дзяржаўнай кансерваторыі. Была накіраваная на працу ў Беларускую дзяржаўную кансерваторыю імя Анатоля Луначарскага.
У 1941-ым годзе прыехала ў Маскву ў камандзіроўку, але вярнуцца ў Мінск яна ўжо не змагла, паступіла на курсы медсясцёр, а потым была накіраваная ў медсанбат 324-ай стралковай дывізіі, у складзе якой дайшла да Кёнігсберга. Заканчэнне вайны сустрэла на Далёкім Усходзе.

У Беларусь вярнулася ў 1948-ым годзе і да канца жыцця займалася выкладчыцкай, навуковай і публіцыстычнай дзейнасцю ў Беларускай дзяржаўнай кансерваторыі і Саюзе кампазітараў БССР.
Армейскі корпус
У будынку сучаснай Акадэміі мастацтваў у Тбілісі калісьці месціўся 1-ы Каўказскі армейскі корпус, якім кіраваў ураджэнец Лідчыны Кіпрыян Кандратовіч – вайсковы дзеяч, генерал ад інфантэрыі, чалец Народнага сакратарыята БНР, Галоўнакамандуючы беларускай народнай арміі ў часы Першай сусветнай вайны. Ён быў адным з першых арганізатараў беларускага войска.

Кіпрыян вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Вайсковую службу пачаў у 1875-ым годзе ў Вільні. З 1910-га да 1913-га года ягоны лёс быў звязаны з Сакартвэла – у гэты час Кандратовіч з’яўляўся камандзірам 1-га Каўказскага армейскага корпуса і адначасова памочнікам генерал-губернатара ў Тыфлісе.

У 1912-ым годзе, калі Кандратовічу было 53 гады, у грузінскай сталіцы нарадзілася ягоная адзіная дачка Вера. Генерал быў пахаваны на лідскіх праваслаўных могілках, а пасля перапахаваны каля царквы ў Воранаве.
Парк Пушкіна
Тбіліскі помнік Аляксандру Пушкіну стварыў у 1892-м годзе ўраджэнец Магілёўшчыны Фелікс Хадаровіч. Скульптар патрапіў у Тыфліс праз высылку – яго выключылі з Маскоўскага вучылішча жывапісу, разьбярства і архітэктуры за падтрымку паўстання Кастуся Каліноўскага 1863-1864 гадоў.
Яго выслалі служыць у войска на Каўказ, пасля адбыцця павіннасці ён пасяліўся ў Тыфлісе. Цягам жыцця шмат ездзіў па Сакартвэла, уважліва вывучаў тыпажы, норавы і звычаі народаў Каўказа. Сабраўшы матэрыял, ён пачаў стварэнне партрэтаў і жанравых скульптурных кампазіцый.

Таксама ён быў вядомым выкладчыкам малявання і скульптуры. З 1870-га выкладаў у 1-ай гімназіі, пасля – у мастацкай школе. Папулярнасць Хадаровіча была вялікая, яму паступала шмат грамадскіх і прыватных замоў. Гарадская рада даручыла скульптару стварэнне помніка Пушкіну, а пасля і Гогалю (апошні, праўда, не захаваўся да нашых дзён).
Абанатубані
У гэтым раёне Тбілісі падчас Другой сусветнай вайны лячыўся Іван Мележ. 20-га чэрвеня 1942-га года асколак бомбы раздрабіў яму правае плячо.
«Мы ў Тбілісі. У вялікім доме, на чатыры паверхі, з доўгімі калідорамі. Тут была, відаць, школа. Калідоры і пакоі-класы яўна школьныя. Занялі пад шпіталь, можа быць, часова. Наша палата, а праўдзівей – клас – на чацвёртым паверсе. Вокны выходзяць на вуліцу, шырокія, вялікія. У вокнах, удалечыні – голыя, рыжыя горы, а поблізу – дамы, дахі. Побач цікавы будынак, санітарка сказала – серныя лазні», – згадваў празаік ва ўласных запісах.

Лежачы параненым у шпіталі, Мележ усё роўна пісаў – левай рукой. У тым ліку тут, у Тбілісі, было напісанае першае апавяданне літаратара пад назвай «Сустрэча».
«…І, акрамя ўсяго, я задумаў апавяданне. На жаль, пісаць як след левай рукой я так і не навучыўся. Рука стамляецца. Не дачакаюся, калі здымуць гіпс – цяжкую кальчугу, якая так абрыдла мне», – адзначаў ён.
Мтацмінда
Гэтая гара згадваецца ў адным з вершаў расстралянага падчас сталінскіх рэпрэсій паэта Юлія Таўбіна. Твор «Сябрам» быў апублікаваны ў часопісе «Знамя» ў 1936-ым годзе.
У творы Таўбін распавёў пра ўласныя вандроўкі, згадаўшы і Тыфліс. Давыдава гара – адна з назваў самай высокай кропкі Тбілісі, гары Мтацмінда, дзе месціцца парк і тэлевежа.

Я добра ведаю Каўказ. Скалісты бераг, стромкі мыс.
Стаяла ранняя вясна, шумеў каштанамі Тыфліс.
Не помню вуліцы, дзе жыў, але высока, угары, –
І на Давыдавай гары піў вінаградныя дары.
Там Ленкарань дастаць рукой, да Кабулеці пераход…
Я палюбіў цябе, Каўказ, калі было мне дваццаць год…
(Пераклад з расейскай Андрэя Хадановіча).
Будынак Каўказскай Краёвай Беларускай Рады
Гэтае месца звязанае з Каўказскай Краёвай Беларускай Радай (ККБР) і лёсам яе сакратара Янкі Натусевіча. Рада была грамадска-палітычнай арганізацыяй беларусаў у Тыфлісе ды існавала ў 1917–1918 гадах.

Праца была накіравана на аказанне юрыдычнай дапамогі беларусам на Каўказе, а таксама на працаўладкаванне нарадзінцаў Беларусі ў Сакартвэла.
Аднак адным з галоўных кірункаў дзейнасці Рады была эвакуацыя беларускага насельніцтва з Каўказа ў Беларусь па маршруце Тыфліс–Батумі–Поці, потым марскім шляхам да Адэсы, а адтуль сухапутным транспартам на поўнач. Да гэтай працы актыўна спрычыніўся і Янка Натусевіч.

У тыфліскай газеце «Кавказское слово» ад 6-га студзеня 1918-га года была змешчаная аб’ява аб правядзенні Радай агульнага сходу ў будынку вучылішча па адрасе: вул. Мікалаеўская, д. 105 (сучасная назва – вул. Іванэ Джавахішвілі).

Музей Пірасмані
З постаццю, бадай, самага вядомага грузінскага мастака – Ніко Пірасманашвілі – звязаныя і ўраджэнцы нашай зямлі. Таму раім наведаць ягоны дом-музей.
Браты Зданевічы – лідары закаўказскага авангарда і сыны сасланага на Каўказ беларускага інсургента (інфармацыя паводле гісторыка Сяргея Харэўскага). Яны зрабілі асаблівы ўнёсак у адкрыццё Пірасмані як мастака, пачалі ствараць калекцыю ягоных карцін і папулярызаваць ягоную творчасць. У Тбілісі ў гонар братоў Зданевічаў названая невялічкая вуліца.

ФОТА Подпіс: Дом-музей Ніко Пірасманашвілі
Убачыўшы ў Пірасмані роднасную душу, мастак‑футурыст Ілля Зданевіч прывёз палотны Пірасмані ў Маскву яшчэ да рэвалюцыі, пры жыцці мастака.
Акрамя таго, маладога творцу адным з першых заўважыў і Казімір Малевіч. У сваіх лістах ён пісаў, што трэба звярнуць увагу на творчасць гэтага мастака-самавука, таму што за ім будучыня. Малевіч пісаў таксама пра Пірасмані ў 1930-ым годзе як пра «вялікую і вострую з’яву».
Царква святой Ніно
Тут, на старых Кукійскіх могілках, быў пахаваны Язэп (Юзаф, Іосіф) Ходзька – беларускі геадэзіст і географ. Ён нарадзіўся ў 1800-ым годзе недалёка ад Мядзела, вучыўся ў Віленскай універсітэцкай гімназіі і на фізіка-матэматычным факультэце Віленскага ўніверсітэта, які скончыў у 1821-ым.

З рэкамендацыі ўніверсітэцкага прафесара быў залічаны ў Корпус вайсковых тапографаў. Праводзіў трыянгуляцыйныя работы на захадзе Латвіі, у Літве, у Гарадзенскай і Менскай губернях.
Лідары паўстання 1830–1831 гадоў меркавалі прызначыць Ходзьку камендантам Вільні. Даведаўшыся пра гэта, расейскія ўлады ў сакавіку 1831-га года затрымалі Ходзьку і выслалі яго далей ад радзімы – на правядзенне тапаграфічных работ на Дунаі і Басфоры.
У 1839-ым ён быў скіраваны служыць на Каўказ. У 1845-ым годзе распачаў Закаўказскую трыянгуляцыю, якая была скончаная ў 1853-ім годзе. У 1869-ым Расейскае геаграфічнае таварыства ўзнагародзіла Язэпа Ходзьку Залатым Канстанцінаўскім медалём.

Пахаваны ў Тбілісі ў каталіцкай частцы старых Кукійскіх могілак. Дакладнае месца пахавання пакуль невядомае.
Навуковая бібліятэка
Тут гаворка пойдзе пра пісьменніка Эдуарда Самуйлёнка. Ён нарадзіўся ў Пецярбургу ў 1907-ым годзе, але ж юнацкія гады правёў на бацькавай радзіме ў вёсцы Бандзелі Верхнядзвінскага раёна. Хадзіў пільшчыкам па вёсках, загадваў хатай-чытальняй, быў сакратаром камсамольскай ячэйкі. Пасля працаваў у газеце «Літаратура і мастацтва».

Упершыню ў друку выступіў з вершамі ў 1928-ым годзе. Аповесць «Тэорыя Каленбрун» – твор, прысвечаны барацьбе польскіх працоўных з фашызмам, – пабачыла свет у 1933-ім годзе. У 1937-ым годзе выдаў кнігу апавяданняў «Дачка эскадрона», а ў 1938 – раман «Будучыня», у якім расказаў пра жыццё грузінскага народа і ўсталяванне савецкай улады ў Грузіі. Пасля наведвання Сакартвэла напісаў нарысы «Сакрэт Кварацхелія», «Аджарыс – Цхалі» і «Радзіма марганцу».
Памёр Эдуард Самуйлёнак у 1939-ым годзе, маючы за плячыма ўсяго толькі 31 год. У Нацыянальнай навуковай бібліятэцы Тбілісі ёсць кніга з ягонай біяграфіяй.

Цынандалі
На вайсковую службу на Каўказе быў сасланы літаратар Тадэвуш Лада-Забалоцкі. Перад высылкай ён быў выключаны з літаратурнага аддзялення Маскоўскага ўніверсітэта і арыштаваны за «антыўрадавую дзейнасць».
У 1846-ым годзе яму ўдалося вызваліцца ад салдацкай павіннасці: ён быў прызначаны кіраўніком Кулыгінскімі салянымі радовішчамі ў Сакартвэла. Але праз год у самым росквіце сіл (яму было ўсяго 36 гадоў) ён памёр, заразіўшыся халерай падчас эпідэміі.

Адным з найбольш характэрных твораў Тадэвуша Лада-Забалоцкага стала паэма «Аколіцы Віцебска», якую ён пісаў на Каўказе. Паэма стала своеасаблівым паэтычным успамінам пра родную зямлю.
Акрамя таго, у Сакартвэла паэт напісаў больш як 40 вершаў і «Дзённік майго падарожжа з Віцебска ў Тыфліс і з Тыфлісу па размаітых краях за Каўказам» у трох частках.
Літаратар часта наведваў дом грузінскага паэта Аляксандра Чаўчавадзэ, у якога ў 1830–1840 гадах збіраліся прадстаўнікі расейскай і грузінскай грамадскасці, сасланыя дзекабрысты.

Тбіліскі дом Чаўчавадзэ не захаваўся, але можна наведаць дом Чаўчавадзэ ў Цынандалі, дзе таксама праходзілі літаратурныя сустрэчы, а цяпер працуе адмысловы музей.
Болнісі
Драматург Андрэй Макаёнак у 1942–1943 гадах працаваў настаўнікам у Акаурцкай школе, што месціцца непадалёк ад пасёлка Болнісі. Туды ён патрапіў пасля дэмабілізацыі падчас Другой сусветнай вайны, бо атрымаў цяжкае раненне ў баях.

«У канцы 1942-га года я прыехаў у Люксембургі (былая назва Болнісі – заўв. аўт.). Сустрэў ён мяне неяк не дужа ветліва, неяк не так, як мне хацелася б, а дакладней, ён мяне ніяк не сустрэў; зусім абыякава ён паставіўся да з’яўлення нейкага нязначнага чалавека (…). І я адразу адчуў сябе тут чужым. Так, тут я чужы», – пісаў літаратар у сваім дзённіку пра першы візіт у пасёлак.
Пра часы выкладання ў школе дзённікавых запісаў, на жаль, не захавалася.

Пазней, ужо ў Беларусі, Макаёнак працаваў у часопісе «Вожык», а таксама больш як 10 гадоў быў галоўным рэдактарам часопіса «Нёман». Атрымаў званне Народнага пісьменніка БССР.
Цхалтуба
Янка Купала быў частым госцем у Сакартвэла – наведваў Тыфліс з літаратурнымі справамі, але ж найбольш яго вабіў пасёлак пад назвай Цхалтуба (гэты курорт быў папулярны сярод савецкай інтэлігенцыі, сюды на лячэнне прыязджаў і Якуб Колас).

У 1938-ым пасля з’езда савецкіх пісьменнікаў Купала накіраваўся з Тыфліса ў санаторый у Цхалтуба. Там ён сустрэў 26-гадовую Эліко Метэхелі, якая працавала намесніцай галоўнага лекара. Тады яна была незамужняй, а Янка Купала быў у шлюбе.
Літаратару вельмі спадабаліся дзве рэчы: як спявае Эліко і грузінскае слова «генацвале». Пад такой назвай ён напісаў верш і прысвяціў яго сваёй музе.
«Мая „генацвале“ знаходзіцца ў Цхалтуба, я ўбачу яе там. <…> Я люблю Грузію, грузінскі народ і буду любіць да канца маіх дзён, а грузінскія жанчыны зачаравалі мяне сваёй прывабнасцю, гасціннасцю і чысцінёй пачуццяў», – пісаў пясняр.
Верш «Генацвале» быў пакладзены на ноты, і ў савецкі час гэтую песню перадавалі па радыё і ў тэлебачанні.

Акрамя знакамітага «Генацвале», у Цхалтуба Купала напісаў яшчэ і «Мы людзі свабодныя», «Грузія», «То не рыцары з князем…». Пісьменнік вяртаўся ў гэты санаторый рэгулярна да 1941-га года.
У гасцявым доме Art House Kutateli ў Цхалтуба на цяперашні час арганізаваная экспазіцыя, прысвечаная Янку Купалу.
Наразэні
Лёс паэта Уладзіміра Дубоўкі быў поўны пакутаў. Рэпрэсіі ў адносінах да яго цягнуліся 28 гадоў – увесь гэты час Дубоўка знаходзіўся ў высылках і лагерах. Частка гэтага часу прыйшлася і на Сакартвэла.
Дубоўка ўпершыню быў арыштаваны ў 1930-ым годзе паводле сфальсіфікаванай справы «Саюза вызвалення Беларусі». Пасля адбыцця пяцігадовай высылкі ён даведаўся, што тэрмін зняволення падоўжаны яшчэ на 5 гадоў.

У 1937-ым паэта зноў арыштавалі і асудзілі на 10 гадоў у канцлагеры. Вызваліўшыся ў 1947-ым, Дубоўка стаў жыць у грузінскім пасёлку Наразэні (ля Зугдзідзі), бо быў пазбаўлены права вярнуцца дадому. Там ён працаваў рахункаводам у канторы чайнага саўгаса.
У той жа час літаратар паспяхова вывучаў грузінскую мову, заслужыў павагу мясцовых жыхароў. Жонка Дубоўкі ў сваіх успамінах адзначала вялікую падтрымку з боку грузін.
Але беларус ізноў патрапіў пад чарговую хвалю рэпрэсіяў: 4-га лютага 1949-га года ён быў арыштаваны і змешчаны пад варту ва ўнутраную турму Міністэрства дзяржаўнай бяспекі ў Тбілісі па той жа справе. Гэтак Дубоўка зноў, разам з жонкай, апынуўся ў выгнанні – на «вечным пасяленні» ў Краснаярскім краі. Рэабілітаваны ў 1957-ым годзе.

Муралы
У Тбілісі ёсць некалькі сучасных муралаў, створаных беларускамі і беларусамі. Большасць з іх зробленая супольнасцю Art Yard, напрыклад выява беларуска-грузінскага застолля, мурал з Паца-Вацам, Ларысай Геніюш, беларускай жанчынай з дзіцем і інш.
Таксама некалькі гадоў таму вядомы грузінскі мурал з героямі фільма «Міміно» стварыў стрыт-арт-мастак з Віцебска Глеб Каштанаў. Тады ён атрымаў у Тбілісі штраф за тое, што без узгаднення з гарадскімі ўладамі намаляваў герояў фільма.

P.S. Калі ласка, перад наведваннем мясцін (асабліва раёна праспекта Руставелі) упэўніцеся, што там не праходзяць масавыя акцыі пратэстаў і нічога не пагражае вашай бяспецы.
Калі вы любіце гульні і прыгоды, падпісвайцеся на старонку гарадскіх квэстаў «Беларускі след» у Тбілісі.