
MALDZIS вяртае літаграфіі Напалеона Орды
Падарунак да дня народзінаў мастака – гэта акурат сёння (11-га лютага).
Ініцыятыва MALDZIS выкупіла 30 літаграфій мастака і кампазітара Напалеона Орды родам з вёскі Варацэвічы, што ў Берасцейскай вобласці. 19 з іх прысвечаныя краявідам і архітэктурным помнікам у межах сучаснай Беларусі, астатнія – адносяцца да сучасных Літвы, Украіны і Польшчы.
Набытая калекцыя ўтрымлівае выявы замкаў, палацаў, касцёлаў і сядзібаў у такіх гарадах і вёсках Беларусі, як Шаўры, Ліда, Крэва, Геранёны, Гейстуны, Дзевятня, Жамыслаўль, Нясвіж, Мір, Наваградак, Грушаўка, Смольгаў, Лагойск, Бялынічы, Гомель, Асвея, Камянец, Скокі, Высокае.

Гэтыя літаграфіі былі створаныя ў Варшаве Алаізам Місуровічам у майстэрні Максімільяна Фаянса ў 1870-ыя гады паводле малюнкаў Напалеона Орды і з ягонымі арыгінальнымі подпісамі. Літаграфіі былі надрукаваныя ў альбоме гістарычных відаў Рэчы Паспалітай (“Album Widokόw Historycznych Polski poświęcony Rodakom zrysowany z natury przez Napoleona Ordę”). Выданне альбома фінансаваў сам Напалеон Орда.

Усяго з 1873-га да 1883-га года выйшла з друку 8 серый гэтага альбома з 260 літаграфіямі агульным накладам звыш 1000 асобнікаў. Каля паловы арыгінальных малюнкаў, з якіх былі вырабленыя гэтыя 260 літаграфій, лічацца страчанымі.

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:
“Літаграфіі Орды захоўваюць наглядныя сведчанні нашай бліскучай і адначасова шматпакутнай гісторыі. Дзякуючы ім мы маем уяўленне, як у другой палове XIX стагоддзя выглядалі палацы і сядзібы, большасці з якіх у наступным стагоддзі было наканавана знікнуць”.
Літаграфіі Напалеона Орды былі набытыя на польскім аўкцыёне на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Паўла Царова, Ганны Краўчанкі, Ягора Яцука, Дар’і Сліж, Андрэя Грабоўскага, Юрыя К. і мецэнаткі, якая пажадала застацца непублічнай.
У будучыні калекцыя будзе перададзеная ў якасці грамадскага падарунка ў музей Напалеона Орды, што месціцца ў адноўленай радавой сядзібе мастака ў Варацэвічах.

Да вяртання ў Беларусь літаграфіі будуць выстаўляцца падчас адмысловых мерапрыемстваў за мяжой.
Беларускую частку калекцыі (19 літаграфій) можна будзе пабачыць на выставе MALDZIS “Беларусь Напалеона Орды”, якая пройдзе ў Варшаве ў Музеі Вольнай Беларусі з 28-га лютага да 8-га сакавіка 2026-га года.
Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:
“Напалеон Орда зрабіў для нас візуальную памяць нашай краіны. Ягоныя працы даюць нам не толькі доказы велічы ўласнай гісторыі і вельмі багатай архітэктурнай спадчыны, але таксама і магчымасці для яе аднаўлення. Як мінімум у грамадскай свядомасці”.

Літаграфіі Орды ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, Нацыянальным мастацкім музеі і іншых месцах, але ягоных арыгінальных малюнкаў, з якіх рабілася тыражная графіка (у тым ліку набытая MALDZIS), у нашай краіне няма. Існыя арыгіналы захоўваюцца ў музеях Кракава, Варшавы, а таксама ў адной з бібліятэк Львова.
У музеі Орды ў Варацэвічах ёсць толькі адна арыгінальная літаграфія мастака.
Лёс Напалеона Орды і ягоная спадчына яднаюць Беларусь са шматлікімі краінамі Еўропы і перш за ўсё з Польшчай, Літвой, Францыяй і Украінай.
Пра Напалеона Орду
Нарадзіўся 11-га лютага 1807-га года ў вёсцы Варацэвічы Пінскага павета Менскай губерні ў сям’і інжынера-фартыфікатара Міхаіла Орды. У 1823-ім годзе скончыў Свіслацкую гімназію і паступіў на фізіка-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта. Падчас вучобы стаў сябрам тайнага студэнцкага таварыства “Заране”, за ўдзел у якім у 1827-ым годзе быў адлічаны з універсітэта і арыштаваны. Пасля 15-месячнага турэмнага зняволення вярнуўся ў Варацэвічы, дзе знаходзіўся пад наглядам паліцыі.

Удзельнічаў у паўстанні 1830–1831 гадоў, а пасля яго падаўлення быў вымушаны пад чужым імем выехаць за мяжу. Знаходзячыся ў эміграцыі, ён шмат падарожнічаў па Еўропе, жыў у Аўстрыі, Швейцарыі, Італіі, а ў верасні 1833-га года атрымаў статус эмігранта ў Францыі і застаўся ў Парыжы.
Парыжскі перыяд жыцця прынёс Напалеону Орду вядомасць у шырокіх колах еўрапейскай інтэлігенцыі. Разам з Фрэдэрыкам Шапэнам ён музіцыраваў на вечарах у дамах Плятэраў і Чартарыйскіх. Удзельнічаў у літаратурных сходах, суправаджаючы ігрой на фартэпіяна паэтычныя імправізацыі Адама Міцкевіча.
З 1847-га года працаваў дырэктарам Італьянскай оперы ў Парыжы. У тыя часы ён актыўна займаўся музыкай – як кампазітар і як выкладчык.

Мастацкую адукацыю Орда атрымаў у студыі майстра архітэктурнага пейзажу П’ера Жэрара. Першыя цыклы малюнкаў Напалеона Орды з’явіліся пасля ягонага падарожжа ў 1840–1842 гадах па Францыі і Рэйнскай вобласці. Потым былі цыклы, прысвечаныя Іспаніі, Партугаліі, Алжыру.
У 1856-ым годзе, пасля абвяшчэння расейскім імператарам Аляксандрам ІІ амністыі палітычным эмігрантам, Напалеон Орда вярнуўся на радзіму. З-за ўдзелу ў паўстанні 1830–1831 гадоў радавы маёнтак быў канфіскаваны. Мастаку дазволілі толькі ўзяць яго ў арэнду. Пасля вяртання з эміграцыі ён жыў спачатку ў Варацэвічах, потым у Горадні, пасля перабраўся на Валынь.

У 1866-ым годзе Орда быў арыштаваны паводле падазрэння ва ўдзеле ў паўстанні 1863-га года і зняволены ў Кобрынскім турэмным замку. У выніку ён быў пазбаўлены права арэнды і пражывання ў радавым маёнтку. Яму дазволілі толькі пасяліцца ў сваякоў у маёнтку Моладава Кобрынскага павета.
Усе гэтыя гады Орда шмат падарожнічаў і маляваў архітэктурныя пейзажы Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны. Мастацкая спадчына Напалеона Орды налічвае больш за 1150 акварэляў і графічных работ. Сярод іх больш за 200 замалёвак мясцінаў у Беларусі. Дзве траціны зафіксаваных ім аб’ектаў альбо ўжо не існуе, альбо іх знешні выгляд істотна змяніўся.

Як кампазітар Напалеон Орда з’яўляецца аўтарам больш як 20 паланэзаў, мазурак, вальсаў, накцюрнаў, полек, серэнад, а таксама рамансаў і песень. Яго творы гучалі са сцэн Францыі, Нямеччыны, Польшчы, Расеі. Створаны Напалеонам Ордам падручнік “Граматыка музыкі”, выдадзены ў 1873-ім годзе ў Варшаве, на працягу дзесяцігоддзяў лічыўся найлепшым дапаможнікам у галіне тэорыі музыкі.