Абіраем ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі па версіі чытачоў і экспертаў Maldzis
Ініцыятыва Maldzis прапануе абраць пяцёрку найлепшых беларусак у пяці сферах, якія найбольш паўплывалі на свой час і прастору вакол сябе. Конкурс складаецца з пяці намінацый: 1) мецэнацтва, 2) мастацтва, 3) навука, 4) палітыка, 5) бізнес і менеджмент. У кожнай намінацыі – па пяць беларусак, якія адпавядаюць некалькім наступным крытэрам: 1. Яны жылі ў часы ад Полацкага […]
Ініцыятыва Maldzis прапануе абраць пяцёрку найлепшых беларусак у пяці сферах, якія найбольш паўплывалі на свой час і прастору вакол сябе.
Конкурс складаецца з пяці намінацый: 1) мецэнацтва, 2) мастацтва, 3) навука, 4) палітыка, 5) бізнес і менеджмент. У кожнай намінацыі – па пяць беларусак, якія адпавядаюць некалькім наступным крытэрам:
1. Яны жылі ў часы ад Полацкага княства да перыяду незалежнай Беларусі.
2. Іх дзейнасць вялася пераважна на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Некаторыя з жанчын нарадзіліся на тэрыторыі Беларусі і спрыялі яе развіццю за межамі краіны. Таму мы сімвалічна прымяняем “права зямлі” да намінаваных асобаў, якія большую частку жыцця правялі па-за Беларуссю.
3. Усе жанчыны дасягнулі значных поспехаў у сваёй сферы. За паказнікі былі ўзятыя: першапраходніцтва (напрыклад, навуковае ці мастацкае), прарыўныя вынікі, значны ўдзел у гістарычных для Беларусі падзеях.
Апроч гэтага, мы вызначалі тых беларусак, якія рэалізоўвалі свой патэнцыял мэтанакіравана, каб іх дзейнасць не вымяралася адзінкавым вынікам. Мы абіралі жанчын, якія рупліва і настойліва працавалі на карысць Беларусі ў сваёй сферы, дзеля станоўчай змены сітуацыі ў краіне, прасторы навокал сябе альбо выказвалі інавацыйныя для свайго часу ідэі.
Вядома, мы імкнуліся захапіць суб’ектыўны крытэр таленту. Ён можа вызначацца прафесійнасцю і майстэрствам у сваёй справе, настойлівай працай на карысць справы цягам пэўнага часу і адметнасцю стылю дзейнасці (праз унікальнасць гэтага стылю ці заўважанасць грамадствам, славутасць).
Намінацыі будуць публікавацца штотыднёва на сайце і ў сацсетках Maldzis цягам пяці тыдняў.
Галасаванне ў кожнай намінацыі магчыма на працягу тыдня да выхаду наступнай намінацыі і пасля выхаду апошняй. У ім удзельнічаюць чытачы і экспертнае журы Maldzis.
Экспертнае журы складаецца з 25 экспертак і экспертаў з розных сфер дзейнасці. Галасаванне журы адбываецца праз асабістае апытанне, арганізаванае Maldzis, і ідзе паралельна з галасаваннем чытачоў.
Вынікам “народнага” і экспертнага галасавання з’явіцца ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі па версіі чытачоў і экспертаў Maldzis.
Роля жанчын у развіцці беларускага грамадства на розных гістарычных этапах недаацэненая. Адна з галоўных мэтаў гэтага конкурсу – распавесці пра шырокавядомых і напаўзабытых гераінь Беларусі, даць іх імёнам гучаць так звонка, як яны гэтага заслугоўваюць.