ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі: абіраем мецэнатку

У гэтай намінацыі на галасаванне прадстаўленыя жанчыны, якія ў розныя часы апекаваліся ўстановамі культуры, адукацыі, рэлігіі, аховы здароўя. Яны ахвяравалі грошы на творчасць асобных літаратараў, мастакоў, навукоўцаў, розных выдавецтваў, спрыялі іх развіццю.  Сярод крытэраў адбору намінантак – іх дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама пастаянная праца на […]

У гэтай намінацыі на галасаванне прадстаўленыя жанчыны, якія ў розныя часы апекаваліся ўстановамі культуры, адукацыі, рэлігіі, аховы здароўя. Яны ахвяравалі грошы на творчасць асобных літаратараў, мастакоў, навукоўцаў, розных выдавецтваў, спрыялі іх развіццю. 

Сярод крытэраў адбору намінантак – іх дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама пастаянная праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу ў мецэнацтва. 

ТОП-5 абраны! Вынікі на гэтай старонцы!  

Марцыбела Агінская – апякунка рэлігіі

Малюнак: skd-online-collection.skd.museum

Магчыма, Смілавічы ў вас асацыююцца з Хаімам Суціным, Дукора – з перакуленым домам, а Ляды – з песняй пра Шчучыншчыну. Аднак знакамітая мецэнатка Марцыбела Агінская пашырае нашыя ўяўленні пра гэтыя беларускія пункты, хаця і не ўсе аб’екты, якімі яна апекавалася, захаваліся да нашых дзён.

Марцыбела Завіша з роду Агінскіх рупілася пра асвету і рэлігію. З дзяцінства яна пісала вершы, была абазнанай у аратарскім майстэрстве і тэалогіі, жыла ў сямейным маёнтку ў Смілавічах. Палац і царкву там пабудаваў яе дзядуля – канцлер ВКЛ Марцыян Агінскі, а яна працягнула ягоную справу.

Не маючы дзяцей у шлюбе, яна пастанавіла пабудаваць базыльянскі кляштар каля царквы ў Лядах, што за сем кіламетраў ад Смілавіч. У Лядах знаходзіўся цудадзейны абраз, сюды імкнуліся пілігрымы, таму месца і без таго было “раскручаным”. Каб надаць яму яшчэ большай значнасці, Марцыбела ў 1731-ым годзе дамаглася ад вялікага князя Аўгуста ІІ Моцнага прывілею, каб тут ладзіліся два кірмашы. Праз падзеі ў сям’і Марцыбелы і палітычныя завіхрэнні будаўніцтва так і не распачалося цягам сямі гадоў. Неўзабаве памёр Марцыбелін муж, так і не займеўшы з сужонкаю дзяцей. 

Аднак Марцыбела вырашыла давесці справу да канца. Дадаўшы да мужавай спадчыны свае 2 тысячы злотых даходу (цяпер гэта адпавядала б амаль пяці тысячам долараў), яна за тры гады пабудавала кляштар. Потым цягам 15 гадоў яна ахвяравала кляштару яшчэ 14 тысяч польскіх злотых. Тут працавала каля 20 манахаў, якія вучылі дзетак чытанню, пісьму, арыфметыцы, багаслоўю і хрысціянскай маралі. Кажуць, што навучанне тут дазваляла адразу паступаць ва ўніверсітэты. Апроч гэтага, Марцыбела Агінская дамаглася ад папы Пія VI індульгенцый для пілігрымаў, якія прыходзілі сюды на святы. Гэта значыць, што вернікі маглі атрымліваць тут вызваленне ад часовай кары за грахі, адпушчаныя на споведзі. Кляштар дзейнічае як праваслаўны і дагэтуль.  

Праз чатыры гады, у 1746-ым, Марцыбела Агінская на свае сродкі пабудавала ў Смілавічах для ксяндзоў-місіянераў дамы, двухвежавы касцёл і перадала ім у карыстанне 750 гектараў зямлі. Тут таксама адкрылі школу і інтэрнат для вучняў, а таксама бальніцу для сялян. У касцёле захоўваліся святыні, у тым ліку абраз святога Вінцэнта працы мастака Сямёна Чаховіча. На жаль, ён быў знішчаны ў 1930-ыя гады.

Так і не займеўшы сваіх дзяцей, яна апекавалася сваім пляменнікам – Міхаілам Казімірам Агінскім, які пазней стане знакамітым палітычным дзеячам ВКЛ і Рэчы Паспалітай, паэтам і кампазітарам. Яна купіла для яго маёнтак у Дукоры, а таксама не шкадавала грошай на рознабаковую адукацыю хлопчыка. Ён не забыўся пра яе апеку і ў знак падзякі заснаваў фальварак Марцыбелішкі.

Магдалена Радзівіл, якая выпрастала крылы Беларушчыне

Выява: radzima.ch

Княгіня Магдалена Радзівіл стала галоўнай мецэнаткай беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Бадай, ніводная сфера тагачаснага жыцця не абышлася без яе ўплыву. Выдавецтва кніг, адкрыццё школак, спрыянне нацыянальнаму руху – яна прыклала руку паўсюль.

Магдалена атрымала вялікую спадчыну ад свайго бацькі Яна Завішы і першага мужа Адама Чартарыйскага. Свае грошы княгіня выкарыстоўвала з густам! Вось толькі некалькі гісторый. Са сваім другім мужам – Вацлавам Мікалаем Радзівілам – яна падтрымлівала беларускую справу. Яны дбалі пра беларускія нацыянальныя ініцыятывы і ігнаравалі ўсё польскае. Напрыклад, Магдалена апекавалася першай легальнай беларускай выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Акрамя таго, Магдалена фінансавала “Нашу Ніву” ды каталіцкае выданне “Bіełarus: tydnіowaja katalіckaja hazeta”, які выходзіў на лацінцы.

Кажуць, што без яе ўдзелу не абышлося адкрыццё друкарні Кухты ў Вільні: яна ці то дала грошы на закуп тыпаграфіі, ці то яе замовы былі гарантыяй заробкаў.

Значныя сродкі яна накіравала Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні. За яе грошы былі надрукаваныя першыя кнігі класікаў беларускай літаратуры: “Вянок” Максіма Багдановіча, “Рунь” Максіма Гарэцкага, “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа), “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло, “Васількі” Ядвігіна Ш.

Магдалена аказвала грашовае падтрыманне студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў, для якіх заснавала некалькі стыпендый. Яе грошы пайшлі і на будаўніцтва трох аднапавярховых будынкаў інтэрната для семінарыстаў у Вільні. Яна фінансавала таварыства цвярозасці, шпіталі, дзіцячыя прытулкі. У сваіх маёнтках адкрыла сем пачатковых беларускамоўных школаў, дзе выкладанне вялося на мове народа.

Справай яе волі стала таксама заснаванне ў мястэчку Узда рамеснай вучэльні для сялянскіх дзяцей, дзе таксама панавала беларуская мова. Магдалена і Мікалай многае зрабілі для развіцця Ігуменскага краю (цяпер Асіповіцкі раён). На сродкі сям’і адкрываліся розныя вытворчасці, была пабудаваная галіна Лібава-Роменскай чыгункі, якая існуе і дагэтуль. У 1914-ым годзе яна парупілася пра аднаўленне касцёла і кляштара дамініканцаў, заснаваных у Мінску яе далёкімі продкамі.

Магдалена ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме, бо марыла пра адраджэнне ў Беларусі Грэка-каталіцкай (Уніяцкай) царквы. Але гэта не здзейснілася: у 1924-ым годзе калье было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі.

Пасля смерці другога мужа яна жыла ў сваіх беларускіх маёнтках. Яе дамы сталі месцам сустрэчаў беларускіх дзеячаў: Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Уласава, Івана і Антона Луцкевічаў. Іхнія справы княгіня падтрымлівала і маральна, і матэрыяльна. Пасля праз пераслед польскіх уладаў аказалася ў эміграцыі, падчас якой таксама не забывалася пра мецэнацтва. Напрыклад, знаходзячыся ў Коўне, падаравала Літве частку фамільных каштоўнасцяў, а, жывучы ў Швейцарыі, працягвала фінансаваць беларускія арганізацыі, а таксама літоўскія, яўрэйскія суполкі, якія знаходзіліся ў Польшчы. 

Алена Іванаўна – апякунка праваслаўя на беларускіх землях

Выява: meisterdrucke.pl

Княгіня Алена Іванаўна нарадзілася ў 1476-ым годзе ў сям’і маскоўскага ўладара Івана ІІІ, аднак яе жыццё было павязанае з дзейнасцю на беларускіх землях. Яна выйшла замуж за вялікага князя літоўскага Аляксандра Казіміравіча і прычынілася да мецэнацтва на беларускіх землях. Яна падтрымлівала мужа ў палітычных рашэннях, а жыхары ВКЛ верылі, што іхны шлюб прынясе мір паміж Літвой і Масковіяй.

Аднак гэтага не адбылося. Больш за тое, жанчыну лічылі вінаватай у новай вайне, якую развязалі нібыта таму, што муж схіляў яе да каталіцтва. Тады яна адаслала бацьку пісьмо, маўляў, разам з ёй усё зло ўвайшло ў Літву, што ёй сорамна паказаць вочы сваякам – і Іван ІІІ саступіў некаторыя гарады ВКЛ. У выніку Алена ўгаварыла мужа памірыцца з бацькам.

Важна, што жанчына дапамагала беларускім землям. Сродкамі са сваіх багатых маёнткаў і Магілёўскага староства Алена падтрымлівала Праваслаўную царкву ў ВКЛ, хаця ў той час гэта было не самым папулярным рашэннем. Вядомыя яе шчодрыя падарункі віленскаму сабору Прачыстай Багародзіцы – дарэчы, яна яго і аднавіла – і Пакроўскай царкве, менскаму Узнясенскаму манастыру і Саборнай царкве, кіеўскаму манастыру святога Мікалая, Супрасльскаму манастыру ды іншым. 

З іменем Алены Іванаўны звязанае і з’яўленне ў Менску цудадзейнага абраза Менскай Божай Маці. Яна ж прывезла ў ВКЛ цудадзейныя абразы Віленскай, Каложскай, Бельскай Адзігітрый і перадала мясцовым цэрквам.

Нават пасля смерці мужа яна працягвала сваю дабрачынную справу. Яна заснавала ў Браславе жаночы кляштар і царкву святой Варвары. 

Гэтай жанчыне прысвечаны раман Івана Шамякіна “Вялікая княгіня”. 

Ірына Паскевіч – гомельская дэвэлаперка 

Фота: wikipedia.org

Апошняя ўладальніца знакамітага палаца ў Гомелі, абаронца бедных, фундатарка школаў, перакладчыца з французскай мовы – гэта яшчэ далёка не ўвесь спіс характарыстык Ірыны Паскевіч. Прадстаўніца старажытнага дваранскага роду Варанцовых-Дашкавых стала адной з самых шанаваных жанчын у гісторыі Гомеля, у гонар яе названая вуліца ў цэнтры горада. Чым адметная гэтая постаць?

Пра княгіню захавалася не так шмат звестак. Адсюль вынікае цікавае пытанне: калі тое, што мы ведаем, – настолькі ўражвае, то які маштаб асобы адкрыўся б перад намі, калі б мы ведалі больш пра яе дзейнасць? 

Яе сямейнае жыццё было нешчаслівым, і ўсе свае сілы яна скіравала на мецэнацтва. Хаця ў Гомель яна трапіла менавіта праз замуства: бацька ейнага мужа памёр, і сям’я прыехала ўступіць ва ўладанне спадчынай.

Жанчына шмат займалася дабрачыннасцю. Яна будавала ў Гомелі школы – дакладна вядома пра дзесяць устаноў, якія яна заснавала. Акрамя гэтага, яна закладала прытулкі, дзіцячыя садкі, дамы для састарэлых людзей, апекавалася бясхатнікамі і хворымі ў шпіталях. У 1857-ым годзе яна вырашыла штомесяц ахвяраваць па дзесяць рублёў срэбрам для бясплатнага жаночага вучылішча. Шмат клопатаў яна прысвячала менавіта жанчынам розных узростаў, якімі апекавалася. 

Калі яна заўважыла, што ў Гомелі шмат людзей хварэюць на трахому, то фінансавала будаўніцтва адмысловай лякарні. На яе сродкі былі падрыхтаваныя і некаторыя з лекараў для ўстановы. Пазней яна таксама адкрыла гінекалагічную бальніцу і радзільню. 

Грошы княгіня атрымлівала з багатай бізнес-імперыі сваёй сям’і: у іх былі фальваркі, фабрыкі, нерухомасць. Пасля смерці свайго мужа яна стала кіраваць гэтымі прадпрыемствамі – кажуць, даволі паспяхова. Дзякуючы яе сродкам у Гомелі пабудавалі водаправод.

Апроч мецэнацтва княгіня займалася літаратурай. Яна пераклала “Вайну і мір” Льва Талстога на французскую мову – менавіта з яе перакладу былі зробленыя першыя пераклады твора на англійскую, венгерскую, галандскую, польскую і турэцкую мовы.

Сваю маёмасць яна ў сталым узросце перапісала на дзяржаву. За гэта бальшавікі выплочвалі ёй пенсію да смерці. Памерла княгіня ў 1924-ым годзе ў доме свайго кухара, захварэўшы на пнеўманію. У Гомелі ёй усталявалі помнік.

Еўфрасіння Полацкая – першая беларуская мецэнатка

Фота: wikipedia.org

На Еўфрасінню Полацкую прынята глядзець перш за ўсё як на асветніцу, аднак мы паспрабуем пераасэнсаваць яе ролю. Апякунка і нябесная заступніца беларускай зямлі, першая жанчына на ўсходнеславянскіх землях, кананізаваная царквой, яна стала і першай беларускай мецэнаткай. І вось чаму.

Каля 1128-1133 гадоў Еўфрасіння заснавала ў Сяльцы першы на беларускіх землях жаночы манастыр. Паводле яе “Жыція”, якое напісаў невядомы манах, ува сне да маладой манахіні тройчы прыходзіў анёл. Ён распавёў дзяўчыне, што ў вёсцы трэба збудаваць мураваны храм. Сёння ён да таго ж з’яўляецца найстаражытнейшым у Беларусі архітэктурным збудаваннем. 

Побач з ім яна заснавала і мужчынскі манастыр, каб было каму бараніць месца. Тут жа Еўфрасіння размясціла майстэрні па перапісванні кніг, скрыпторыі. Гэтай працай займалася сама манахіня. Жывучы ў келлі-галубніцы, яна выходзіла з яе надзвычай рэдка і праводзіла шмат часу ў перапісванні тоўстых фаліянтаў, рэдкіх візантыйскіх, балгарскіх, мараўскіх кніг, бясконцых пастырскіх павучэнняў, жыцій святых, багаслоўскіх трактатаў.

Перапісаныя кнігі яна прадавала і грошы прызначала раздаваць тым, хто ў нястачы. Яны, цалуючы рукі добрай манахіні, бласлаўлялі яе.

На яе грошы ўсяго за 30 тыдняў пабудавалі каменны храм Святога Спаса ў Полацку, які захаваўся і да сённяшняга дня. Там можна пабачыць фрэскі ХІІ стагоддзя – сярод іх ёсць і меркаваная выява самой святой.

Еўфрасіння адкрывала школы. Дзеці вывучалі там чытанне, пісьмо, матэматыку, царкоўныя спевы, а таксама грэцкую і лацінскую мовы, асновы медыцыны і прыродазнаўчых навук, гісторыю і рыторыку. Уявіце сабе – гэта ў сярэдзіне 1100-ых гадоў! Якімі адукаванымі мусілі выходзіць дзеткі з такіх асветніцкіх устаноў!

Еўфрасіння Полацкая прызнаная святой як Праваслаўнай, так і Каталіцкай царквой. Кажуць, што малітва ля яе мошчаў спрыяе аздараўленню безнадзейна хворых.

Самую знакамітую загадку са спадчыны Еўфрасінні сёння стварае крыж, выраблены на яе замову майстрам Лазарам Богшам. Апроч каштоўнасцяў ён утрымліваў пяць фрагментаў найбольш шанаваных хрысціянскіх рэліквій. Яго сляды дагэтуль не знойдзеныя. Легенды кажуць, што калі Крыж Еўфрасінні вернецца ў Беларусь, гэта стане пачаткам сапраўднага адраджэння краіны. 

Галасаванне ў намінацыях “Мецэнацтва”, “Навука” і “Палітыка” скончылася. Прапануем прагаласаваць у намінацыі “Мастацтва”!