ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі па версіі Maldzis
Прадстаўляем пяцёрку найвыбітнейшых беларусак у пяці намінацыях, складзеную па выніках “народнага” і экспертнага галасавання. Магдалена Радзівіл, якая выпрастала крылы Беларушчыне. Намінацыя “Мецэнацтва” Княгіня Магдалена Радзівіл стала галоўнай мецэнаткай беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Бадай, ніводная сфера тагачаснага жыцця не абышлася без яе ўплыву. Выдавецтва кніг, адкрыццё школак, спрыянне нацыянальнаму руху – яна прыклала руку паўсюль. […]
Прадстаўляем пяцёрку найвыбітнейшых беларусак у пяці намінацыях, складзеную па выніках “народнага” і экспертнага галасавання.
Магдалена Радзівіл, якая выпрастала крылы Беларушчыне. Намінацыя “Мецэнацтва”
Княгіня Магдалена Радзівіл стала галоўнай мецэнаткай беларускага адраджэння пачатку ХХ стагоддзя. Бадай, ніводная сфера тагачаснага жыцця не абышлася без яе ўплыву. Выдавецтва кніг, адкрыццё школак, спрыянне нацыянальнаму руху – яна прыклала руку паўсюль.
Магдалена атрымала вялікую спадчыну ад свайго бацькі Яна Завішы і першага мужа Адама Чартарыйскага. Свае грошы княгіня выкарыстоўвала з густам! Вось толькі некалькі гісторый. Са сваім другім мужам – Вацлавам Мікалаем Радзівілам – яна падтрымлівала беларускую справу. Яны дбалі пра беларускія нацыянальныя ініцыятывы і ігнаравалі ўсё польскае. Напрыклад, Магдалена апекавалася першай легальнай беларускай выдавецкай суполкай “Загляне сонца і ў наша ваконца”. Акрамя таго, Магдалена фінансавала “Нашу Ніву” ды каталіцкае выданне “Bіełarus: tydnіowaja katalіckaja hazeta”, які выходзіў на лацінцы.
Кажуць, што без яе ўдзелу не абышлося адкрыццё друкарні Кухты ў Вільні: яна ці то дала грошы на закуп тыпаграфіі, ці то яе замовы былі гарантыяй заробкаў.
Значныя сродкі яна накіравала Беларускаму выдавецкаму таварыству ў Вільні. За яе грошы былі надрукаваныя першыя кнігі класікаў беларускай літаратуры: “Вянок” Максіма Багдановіча, “Рунь” Максіма Гарэцкага, “Родныя з’явы” Тараса Гушчы (Якуба Коласа), “Курганная кветка” Канстанцыі Буйло, “Васількі” Ядвігіна Ш.
Магдалена аказвала грашовае падтрыманне студэнтам Віленскага і іншых універсітэтаў, для якіх заснавала некалькі стыпендый. Яе грошы пайшлі і на будаўніцтва трох аднапавярховых будынкаў інтэрната для семінарыстаў у Вільні. Яна фінансавала таварыства цвярозасці, шпіталі, дзіцячыя прытулкі. У сваіх маёнтках адкрыла сем пачатковых беларускамоўных школаў, дзе выкладанне вялося на мове народа.
Справай яе волі стала таксама заснаванне ў мястэчку Узда рамеснай вучэльні для сялянскіх дзяцей, дзе таксама панавала беларуская мова. Магдалена і Мікалай многае зрабілі для развіцця Ігуменскага краю (цяпер Асіповіцкі раён). На сродкі сям’і адкрываліся розныя вытворчасці, была пабудаваная галіна Лібава-Роменскай чыгункі, якая існуе і дагэтуль. У 1914-ым годзе яна парупілася пра аднаўленне касцёла і кляштара дамініканцаў, заснаваных у Мінску яе далёкімі продкамі.
Магдалена ахвяравала дыяментавае калье на заснаванне беларускай грэка-каталіцкай калегіі ў Рыме, бо марыла пра адраджэнне ў Беларусі Грэка-каталіцкай (Уніяцкай) царквы. Але гэта не здзейснілася: у 1924-ым годзе калье было прададзенае ксяндзом Фабіянам Абрантовічам за 15 тысяч амерыканскіх долараў, а грошы былі перададзеныя ва ўласнасць беларускім айцам-марыянам у Друі.
Пасля смерці другога мужа яна жыла ў сваіх беларускіх маёнтках. Яе дамы сталі месцам сустрэчаў беларускіх дзеячаў: Рамана Скірмунта, Вацлава Іваноўскага, Аляксандра Уласава, Івана і Антона Луцкевічаў. Іхнія справы княгіня падтрымлівала і маральна, і матэрыяльна. Пасля праз пераслед польскіх уладаў аказалася ў эміграцыі, падчас якой таксама не забывалася пра мецэнацтва. Напрыклад, знаходзячыся ў Коўне, падаравала Літве частку фамільных каштоўнасцяў, а, жывучы ў Швейцарыі, працягвала фінансаваць беларускія арганізацыі, а таксама літоўскія, яўрэйскія суполкі, якія знаходзіліся ў Польшчы.
Ганна Тумаркіна, першая ў Еўропе доктарка філасофскіх навук. Намінацыя “Навука”
Ці ведалі вы, што першай у Еўропе жанчынай-доктаркай філасофскіх навук стала ўраджэнка Дуброўна Ганна Тумаркіна? Яна выкладала ідэі Канта і Спінозы, зрабіла рэвалюцыйны прарыў у навуковай супольнасці і публічна падтрымала барацьбу жанчын за выбарчае права. Але аб усім па парадку.
Ганна Тумаркіна нарадзілася ў 1875-ым годзе ў Дуброўне, але ад 1892-га года жыла ў Швейцарыі, чыё грамадзянства атрымала ў 1921-ым годзе. Яна вучылася ў Бернскім універсітэце на факультэце філасофіі, германістыкі і гісторыі, дзе і абараніла дысертацыю ў сферы параўнальнага аналізу філасофскіх прац Гердэра і Канта. Падчас вучобы яна вывучыла англійскую, французскую і лацінскую мовы.
Уявіце сабе: у 23 гады яна атрымала пасаду прыват-дацэнткі ў Бернскім універсітэце, стаўшы першай у Швейцарыі і ўвогуле ва ўсёй Еўропе жанчынай-выкладчыцай філасофіі. Яшчэ большым дасягненнем гэта ўяўляецца, калі памятаць, што ў той час яна яшчэ была замежніцай з пашпартам Расейскай імперыі!
Калі былы настаўнік Тумаркінай пакінуў прэстыжнае месца загадчыка кафедры, Ганна прэтэндавала на гэтую пасаду разам з 30 выкладчыкамі-мужчынамі. Кажуць, яна не стала кіраўніцай толькі праз праблемы са здароўем.
Апроч гэтага, Ганна змагалася за правы жанчын. У 1928-ым годзе яна ўзяла ўдзел у першай Швейцарскай выставе жаночай творчасці і працавала над “Каталогам публікацый швейцарскіх жанчын”. Таксама яна публікавала артыкулы ў галіне жаночага пытання.
У 1943-ім годзе яна была вымушаная сысці з выкладчыцкай пасады, бо ў яе пачала развівацца слановая хвароба. Яе сяброўка – першая бернская школьная лекарка Іда Хоф – клапацілася пра яе да Ганніных апошніх дзён. Даследчыкі дагэтуль не кажуць упэўнена, ці былі яны парай, ці гэта быў “бостанскі шлюб” – падчас яго дзве незамужнія жанчыны арганізоўвалі сумесны побыт, каб быць больш фінансава незалежнымі і будаваць кар’еры. Разам яны падарожнічалі па Швейцарыі, а Іда Хоф – адна з першых жанчынаў у Еўропе, якая набыла ўласны аўтамабіль.
У памяць аб філосафцы ў Бернскім універсітэце існуе навуковая праграма ANNA. У холе старога корпуса гэтага ўніверсітэта Ганне Тумаркінай прысвечаны вялікі інфармацыйны стэнд. А вуліца каля ўніверсітэту носіць імя Ганны Тумаркінай.
Соф’я Гальшанская, маці каралёў. Намінацыя “Палітыка”
Гэтая жанчына была ўключаная ў палітычныя гульні сваіх зямель амаль ад самага нараджэння. Яна была прадстаўніцай княскага роду Гальшанскіх і ёй наканавана было стаць родапачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Гэтая дынастыя панавала ў некалькіх краінах Еўропы больш за 150 гадоў.
Аднак і сама каралева вызначалася талерантнасцю, мудрасцю і адыграла значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. У часы Сярэднявечча гэта было зусім няпроста! У 17 гадоў Соф’я Гальшанская стала чацвёртай жонкай нашмат старэйшага за яе польскага караля Ягайлы – на той час яму было больш за 70 гадоў. У шлюбе яна нарадзіла трох сыноў, запачаткаваўшы дынастыю Ягелонаў. Пры гэтым яна пастаянна адбівалася ад абвінавачванняў у здрадзе мужу. Цяпер імя дынастыі носіць Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Па сутнасці, сам шлюб маладой Соф’і ўжо стаў палітычным крокам: яна пайшла на яго, каб уратаваць краіну ад крыжакоў.
Кажуць, Соф’ю не любілі ў Кракаве, бо яна выхоўвала сыноў у павазе да сваёй гістарычнай радзімы – ВКЛ.
Пасля смерці свайго мужа яна не стала рэгенткай 10-гадовага сына Уладзіслава, але ўвайшла ў рэгенцкую раду. Соф’я прымала ўдзел у палітычным жыцці краіны, перадусім турбуючыся, хутчэй за ўсё, за карысці для сваіх сыноў.
Напрыклад, калі Уладзіслаў знік у бітве пад Варнай, Соф’я, хаця і спадзявалася, што ён трапіў у палон да туркаў, прыклала ўсе намаганні, каб польскі трон дастаўся ейнаму малодшаму сыну Казіміру. На той час ён быў князем ВКЛ, як кажуць, таксама не без спрыяння каралевы. Спачатку ён адмовіўся, верачы ў вызваленне брата, хаця каралева асабіста прымала ўдзел у пасольстве з прапановай польскай кароны і ўгаворвала яго прыняць уладу. Урэшце ёй удалося яго намовіць. Пры гэтым каралева агучыла ўмову: калі вернецца Уладзіслаў, Казімір уступіць яму месца.
А гісторык Ян Длугаш быў упэўнены, што толькі дзякуючы падбухторванням і абяцанням з ейнага боку была ўтвораная прагусіцкая Навакорчынская канфедэрацыя. Каралева імкнулася да пашырэння польскіх зямель і хацела далучыць Луцкую зямлю да Польшчы. Соф’я цягам пяці дзён умольвала сына паклапаціцца пра пашырэнне Польскага каралеўства, але гэтым разам ён не паддаўся на яе ўгаворы.
Каралева Соф’я прыбягала і да хітрыкаў. Напрыклад, аднойчы адправіла пасла ў Рым, каб выказаць павагу новаму папу Пію ІІ, хоць насамрэч ейнай сапраўднай мэтай было даведацца пра меркаванне папы наконт вайны Польшчы з ордэнам крыжакоў, якая ішла ў той час.
Ларыса Геніюш, нязломная паэтка. Намінацыя “Мастацтва”
Гэтая жанчына скарае не толькі сваёй літаратурнай дзейнасцю, але і непахіснасцю. Жыццё Ларысы Геніюш было няпростым, але яна змагла пражыць яго так годна, што запомнілася як адна з самых выбітных беларусак ХХ стагоддзя.
Дзякуючы перакананням і цвёрдаму характару пісьменніцу называлі Нязломнай і Няскоранай: яна прайшла эміграцыю, арышты, лагеры, але да канца жыцця ні яна, ні яе муж Янка Геніюш не прынялі савецкага ладу і грамадзянства. У тым ліку дзякуючы гэтаму яна стала сімвалам антысавецкага супраціву.
Восем гадоў яна правяла ў лагеры, яе дапытвалі і катавалі, а пасля вызвалення – трымалі пад пастаянным ціскам. Імя Геніюш дагэтуль не рэабілітавана.
Вершы Геніюш зняволеныя беларусы называлі “глюкозай”, бо ў тых складаных умовах паэтычныя творы былі для вязняў крыніцай энергіі. Сама паэтка таксама падкрэслівала, што пісала для таго, каб падтрымліваць беларусаў маральна.
У Празе Ларыса Геніюш даглядала хворага старшыню ўрада БНР Васіля Захарку. Перад сваёй смерцю ён перадаў ёй палітычны тастамент, архіў і пячатку з Пагоняй. Ларыса Геніюш захоўвала і парадкавала архіў БНР, а найбольш каштоўную яго частку схавала. Захарка хацеў, каб яна стала ягонай пераемніцай, але засумняваўся ў гэтым, бо Геніюш была жанчынай.
Каб атрымаць доступ да архіва, яе катавалі службоўцы ў савецкай Беларусі, абяцаючы голай павесіць на вуліцах Менску. На што жанчына адказвала: “Усіх нас вам не перавешаць”.
Калі яна вызвалілася са сталінскага лагера, то жыла ў Зэльве. Там і дагэтуль стаіць дом, у якім жыла паэтка. Ейны сын Юрка застаўся ў Польшчы. Калі ён памёр, то Ларысе Геніюш нават не дазволілі прыехаць на ягонае пахаванне.
Пра сваё жыццё паэтка напісала ў легендарнай “Споведзі”, якую і сёння балюча чытаць.
Алена Аладава, здабывальніца тысячы скарбаў. Намінацыя “Бізнес і менеджмент”
Гэтая жанчына больш за 30 гадоў кіравала Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. За гэты час яна аб’ездзіла ўвесь СССР, каб аднавіць калекцыю музея. Дзякуючы ёй сярод экспанатаў з’явіліся карціны сусветнавядомых мастакоў і беларускіх майстроў. Кім была гэтая жанчына?
Постаць Алены Аладавай была настолькі ўплывовай, што часам некаторыя калекцыянеры і мастакі аддавалі ёй карціны на захоўванне і пагаджаліся пачакаць, пакуль музей не пералічыць грошы. Часам яна плаціла за творы з уласнай кішэні.
У першыя дні вайны яна ўратавала слуцкія паясы, паклаўшы іх на задворках першай карціннай галерэі ў Менску, дзе тады працавала. Астатнюю калекцыю захаваць не паспелі, бо не знайшлі транспарту. Гэтым яна пераймалася цягам усяго жыцця. Спакаваныя шэдэўры немцы звезлі кудысьці ў Нямеччыну.
Магчыма, гэта так паўплывала на яе, што ўсё астатняе сваё жыццё яна прысвяціла вяртанню страчаных каштоўнасцяў. Адразу пасля вайны яна стала новай дырэктаркай мастацкага музея, пачаўшы аднаўляць калекцыю. Яна ж дамаглася, каб для музея ўзвялі новы будынак, – у межах першай маштабнай забудовы пасля вайны.
Жанчына рупілася пра тое, каб вярнуць у Беларусь творы, якія маюць дачыненне да Беларусі – былі напісаныя тут або іх аўтары паходзілі з Беларусі. Аладава нават замовіла ў даследчыка пошук мастакоў, якія маюць беларускія карані.
У Траццякоўскай галерэі казалі: там, дзе пройдзе Аладава, ім рабіць ужо няма чаго. Калі скарб вярнуць не атрымлівалася, дзякуючы ў тым ліку сваім знаёмствам яна вынаходзіла іншыя шляхі. Напрыклад, калі “Партызанскую мадонну” мастака Міхаіла Савіцкага забрала Масква, праз 11 гадоў Аладава папрасіла мастака намаляваць менскую версію – “Мадонну Менскую”.
Алена Аладава шукала шэдэўры паўсюль. З ёй музей зладзіў 30 экспедыцый, даследаваў больш за 700 цэркваў і касцёлаў у заходніх рэгіёнах Беларусі. Разам з іншымі супрацоўніцамі музея яна выратавала Раўбіцкі касцёл, стварыўшы там філіял музея, – хаця ў яго муры ўжо былі закладзеныя запалы, каб падарваць яго. Апроч таго, яна пісала шматлікія працы па беларускім мастацтве.
Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі ладзяцца Аладаўскія чытанні, а адна з менскіх вуліц названая ў гонар яе і ейнага мужа – кампазітара Мікалая Аладава.