Вяртанне мемуараў менскага ваяводы Крыштафа Завішы
Ініцыятыва MALDZIS у межах працы дзеля вяртання беларускіх каштоўнасцяў набыла “Успаміны Крыштафа Завішы, ваяводы менскага, 1666-1721”, надрукаваныя ў Варшаве ў 1862-ім годзе на польскай мове. Кніга набыта на польскім аўкцыёне дзякуючы ахвяраванням з мэтай перадачы ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка. Арыгінальная назва кнігі – “Pamiętniki Krzysztofа Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721)”. Гэтае выданне было […]
Ініцыятыва MALDZIS у межах працы дзеля вяртання беларускіх каштоўнасцяў набыла “Успаміны Крыштафа Завішы, ваяводы менскага, 1666-1721”, надрукаваныя ў Варшаве ў 1862-ім годзе на польскай мове.
Кніга набыта на польскім аўкцыёне дзякуючы ахвяраванням з мэтай перадачы ў Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей у якасці грамадскага падарунка.
Арыгінальная назва кнігі – “Pamiętniki Krzysztofа Zawiszy, wojewody mińskiego (1666–1721)”. Гэтае выданне было зробленае паводле арыгінальнага рукапісу з заўвагамі Юліяна Барташэвіча. Выдалі яго на сродкі нашчадка Крыштафа Завішы – фундатара, археолага, збіральніка помнікаў беларускай даўніны, буйнога землеўладальніка з Меншчыны Яна Казіміра Завішы.
У кнізе апісаныя норавы і побыт беларускай шляхты канца XVII – пачатку XVIII стагоддзяў, змяшчаюцца цікавыя звесткі з тагачаснага жыцця ВКЛ, Рэчы Паспалітай, а таксама іншых краін.
Напрыклад, ва “Успамінах” ёсць апісанне невядомай хваробы ў Менску ў 1695-ым годзе, якая “курчыла людзей, з-за чаго паміралі хутка, і ў якім доме пачыналася гэта, там усе паміралі”.
“Успаміны” з’яўляюцца найбольш значнай працай у літаратурнай спадчыне Завішы. У 2011-ым годзе ў Беларусі ў выдавецтве Віктара Хурсіка яны выйшлі ў перакладзе на беларускую мову.
Менскі ваявода, пісьменнік-мемуарыст і фундатар Крыштаф Станіслаў Завіша нарадзіўся 20-га красавіка 1660-га года ў вёсцы Горка – у той час Слонімскі павет, цяпер Дзятлаўскі раён Гарадзенскай вобласці. Маёнтак Завішы месціўся ў вёсцы Раготна, якая існуе і сёння ды якую ў сваіх мемуарах ён называе Парыжам.
Аўтар “Успамінаў” паходзіў з шляхецкага роду Завішаў герба “Лебедзь”, быў сынам Андрэя Казіміра і Аляксандры (у дзявоцтве Агінскай). Выхоўваўся дзядзькам – вялікім канцлерам літоўскім Марцыянам Аляксандрам Агінскім. Навучаўся спачатку ў Віленскай езуіцкай акадэміі, а потым у Кракаўскім універсітэце.
Пасля заканчэння вучобы далучыўся да палітычнага жыцця краіны. У 1685-ым годзе быў прызначаны на пасаду менскага старасты. У 1686-ым удзельнічаў у перамовах аб заключэнні міру паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскім царствам. Некалькі разоў абіраўся паслом і маршалкам сейма (1697, 1718, 1720), суддзёй трыбуналаў, у 1720-ым стаў менскім ваяводам.
Крыштаф Завіша шмат падарожнічаў, асабіста ведаў тагачасных каралёў Рэчы Паспалітай, Швецыі, Расеі.
Галоўны менскі каталіцкі храм – архікатэдральны касцёл Імя Найсвяцейшай Панны Марыі – абавязаны сваім з’яўленнем Крыштафу Завішу.
Гэты касцёл у цэнтры Менска будаваўся на сродкі, сабраныя сярод шляхты Менскага ваяводства. Менавіта Крыштаф Завіша, на той момант стараста менскі, на сейміку 1694-га года прапанаваў шляхце Менскага ваяводства ахвяраваць па 10 грошаў “з дыму”, гэта значыць з кожнага дома, на будаўніцтва мураванага езуіцкага касцёла. Сума і легітымнасць фундацыі зацвярджаліся на сойме Рэчы Паспалітай.
У 1700-ым годзе Завіша прывёз з Рыма ад папы рымскага Клімента ХІ рэліквіі святога Феліцыяна, які стаў лічыцца апекуном Менска.
Вось як пра гэта піша сам Завіша ў сваіх “Успамінах”: “Рэліквію – мошчы святога Феліцыяна-пакутніка, дадзеныя мне ў Рыме ў юбілейны 1700 год найвышэйшым пастырам Кліментам XI, – ахвяраваў касцёлу айцоў-езуітаў у Менску… Пры вялікай колькасці высакародных людзей і сходзе простага народу ў працэсіі з цэхамі, брацтвамі, музыкамі ад царквы Святога Духа ўніятаў айцоў-базыльянаў да згаданага касцёла. Труну, абабітую пунсовым аксамітам, з багатымі галунамі, усю ў шкле, несла ў калчане начальства ўсіх менскіх манаскіх ордэнаў”.
Крыштаф Завіша з’яўляецца таксама адным з асноўных фундатараў капліцы святога Феліцыяна (капліца Пана Езуса). Яна была пабудаваная ў 1719–1721 гадах у касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі (з правага боку ад прэзбітэрыя). Сюды ў 1722-ім годзе былі перанесеныя рэліквіі святога Феліцыяна.
У крыпце пад капліцаю паклалі і цела яе фундатара Крыштафа Завішы, згодна з яго тастаментам.
Падтрымаць нас