ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі: намінацыя “Бізнес і менеджмент”

У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія былі таленавітымі кіраўніцамі прадпрыемстваў і арганізацый ці вывелі сваю справу ў маштабны паспяховы і прыбытковы бізнес. Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і […]

У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія былі таленавітымі кіраўніцамі прадпрыемстваў і арганізацый ці вывелі сваю справу ў маштабны паспяховы і прыбытковы бізнес.

Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу. Апроч гэтага, мы імкнуліся звярнуць увагу на забытых жанчын, каб наноў адкрыць іх імёны.

ТОП-5 абраны! Вынікі на гэтай старонцы!

Ядвіга Кастравіцкая – галоўная бізнесоўка Менска XX стагоддзя

Фота: wikipedia.org

Калі б Ядвіга Кастравіцкая жыла ў сённяшнім Менску, яе дамы маглі б скласці канкурэнцыю і Новай Баравой. А калі б пра яе ведаў Драйзер, то вядомая трылогія магла б быць напісаная пра жанчыну!

У пачатку ХХ стагоддзя яна будавала ў горадзе так званыя даходныя дамы – шматкватэрныя будынкі, якія здавалі ў арэнду. Заробленыя грошы яна не толькі ўкладала ў новыя аб’екты, але і ахвяравала на дабрачыннасць.

У той час Менск хутка рос, таму ўзнік попыт на жыллё. У 1896-ым годзе ў арэнду здавалі 11,6 тыс. кватэр, а праз 15 гадоў гэтая лічба вырасла ўдвая. Здаваць кватэру было прыбыткова: у 1911-ым годзе зняць яе можна было за 150 рублёў у месяц. Для прыкладу, настаўнік зарабляў 25 рублёў у месяц.  

Гэтым скарысталася Ядвіга Кастравіцкая, якую цяпер назвалі б бізнес-вумэн. Жанчына са шляхецкага роду Вайніловічаў, сястра таго самага Эдварда Вайніловіча, які пабудаваў Чырвоны касцёл у Менску, яна выйшла замуж па разліку і рэалізавалася ў камерцыі.

Яна пабудавала некалькі даходных дамоў і кожны год павялічвала свае капіталы дзякуючы бізнес-таленту. 

Адзін са згаданых дамоў стаіць на скрыжаванні цяперашніх вуліц Кірава і Валадарскага. Частку яго арандавалі пад кватэру, іншую займала кіраўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі і аптэка. Ён захаваўся да нашых дзён. Іншы гмах быў на былой вуліцы Захар’еўскай – выстаяў дзве вайны, аднак савецкай улады ён не перажыў. Яго знішчылі ў 1964-ым годзе, бо дом нібыта не ўпісваўся ў архітэктурны ансамбль плошчы Леніна. Ён быў збудаваны гэтак якасна, што падарваць яго атрымалася толькі з пятай спробы.

Апроч таго, на сваёй кватэры яна ладзіла “палітычныя абеды”, дзе менская інтэлігенцыя тых часоў абмяркоўвала грамадскія і палітычныя пытанні, адкрыла таемную школу, дзе дзеткі вучыліся і беларускай мове, прасоўвала асвету і ладзіла дабрачынныя імпрэзы. Кастравіцкая ахвяравала грошы на будаўніцтва Чырвонага касцёла, які потым неразрыўна будзе звязаны з сямейнай гісторыяй ейнага брата. Таксама Кастравіцкая афіцыйна давала буйныя пазыкі.

Грошы, аднак, аказаліся для яе пасткай: у 1919-ым годзе яе арыштавалі бальшавікі, запатрабаваўшы мільён рублёў выкупу. Нейкім чынам яна знізіла гэтую суму да 25 тыс., вярнулася ў Менск (яе ўтрымлівалі ў смаленскай турме) і неўзабаве з’ехала ў Польшчу.  

Рохля Фрумкіна – заснавальніца піўнога стартапа

Малюнак: budzma.org

Напэўна, усім вядомая гісторыя пра графа Чапскага, які валодаў менскай “Аліварыяй”. Аднак мала хто ведае, што заснавала браварню жанчына – Рохля Фрумкіна, якая блізу 20 гадоў варыла піва ў тады яшчэ драўляным будынку.

Пра жанчыну вядома няшмат. Захаваўся толькі адзін фотаздымак, на якім, як мяркуецца, выяўленая Рохля Фрумкіна. Вядома, што яна нарадзілася ў 1816-ым годзе ў Менску і была мяшчанкай.

Каб пабудаваць браварню, яна звярнулася да імператара Аляксандра І, далучыўшы падрабязны план пабудовы мануфактуры. Гэты дакумент і цяпер захоўваецца ў музеі піваварні. Там яна пісала, што хоча правесці перабудову на плошчы жылога дома і заснаваць піўны завод. Магчыма, гэты крок быў вымушаны і прадыктаваны адмовай мясцовых уладаў: у тыя часы піваварства было выключна мужчынскай справай. Ды і ўвогуле, толькі ў 1863-ім годзе жанчыны ўсіх саслоўяў атрымалі права займацца прадпрымальніцкай дзейнасцю – іх было толькі каля 4% ад усіх прадпрымальнікаў.

Захаваўся і дакумент, датаваны 29-ым студзеня 1864-га года. Вядома, што тады 48-гадовая Фрумкіна была ўдавой – пэўна, разлічваць магла толькі на сябе. Апроч таго, у той час яна выхоўвала 14 дзяцей!

Тады браварня называлася “Багеміяй” і толькі з часам яна пераўтварылася ў піўзавод “Аліварыя”. Рохля выпускала тры гатункі піва: “Браварскае”, “Сталовае” і “Пльзенскае”. Вядома, што прадукцыя карысталася попытам: цягам года завод выпускаў каля 80 тыс. вёдраў піва. У 1889-ым годзе піва атрымала ад Віленскага скакавога таварыства залаты медаль за якасць. Яно і зразумела, бо Рохля Фрумкіна ўкладала грошы ў якаснае абсталяванне для мануфактуры, уладкавала лядоўню ды саладоўню. Паводле некаторых крыніц, яна нават ездзіла пераймаць досвед у Аўстра-Венгрыю. Таксама яна няблага ашчаджала за кошт таго, што браварня была пабудаваная на ейнай зямлі.

Ужо пасля яе смерці праз пухліну мозга спадчына перайшла да ейных пляменнікаў, якія давялі браварню да спусташэння. Толькі тады яе выкупіў граф Караль Чапскі. Вось такая гісторыя!

Роза Блюмкін – беларуская місіс Бі

Фота: homefurnishingshalloffame.com

Роза Блюмкін нарадзілася ў беларускім мястэчку Шчэдрыне, а стала знакамітай бізнесоўкай у ЗША, стваральніцай мясцовай IKEA.

Яна не мела эканамічнай адукацыі, дрэнна размаўляла па-англійску да канца жыцця, але стварыла паспяховы бізнес, які развівала, нават калі ёй было ўжо больш за 100 гадоў. 

Прыехаўшы ў Амерыку, яна прыйшла да высновы, што ў бізнесе трэба рабіць стаўку на нізкі кошт і пастаянныя скідкі, і пабудавала на гэтым прынцыпе цэлую бізнес-імперыю – краму Nebraska Furniture Mart. Галоўным чынам яна прадавала мэблю для дому і вельмі любіла прадаваць дыванкі. 

У Розы не ўсё атрымлівалася адразу: у самым пачатку прадпрымальніцкага шляху ёй давялося прадаць усю мэблю з дому, каб купіць на гэтыя грошы тавар. Аднак яна хутка ўзнавіла хатні інтэр’ер. Настойлівасць была ёй добра знаёмая: калі ёй было 13 гадоў, яна пешшу прайшла з роднага Шчэдрына да чыгуначнай станцыі, каб даехаць у найбліжэйшы горад – Гомель. Ішла яна басанож, бо не хацела сапсаваць адзіныя добрыя туфлі. Хаця ў яе быў досвед працы ў сямейнай лаўцы, 25 працадаўцаў адмовілі ёй, і толькі 26 спроба ўладкавацца прывяла да поспеху. 

Дзяўчынка настолькі добра працавала, што ў 16 гадоў яе зрабілі прыказчыцай крамы, – і яна стала начальніцай шасці мужчынаў. Аднак прабыла яна ў Беларусі нядоўга, бо паехала да мужа ў ЗША, дабіраючыся за акіян на грузавым судне.

Спачатку ў Амерыцы Блюмкіны адкрылі ламбард, потым камісійную краму. Калі Розе было 40 гадоў, і яна гадавала чацвёра дзяцей, жанчына пастанавіла пазычыць у брата грошы на ўласную краму. Праз пэўны час бізнес зрабіўся найбуйнейшым у ЗША па продажы хатняй мэблі – тут прадавалі тавараў больш як на 100 мільёнаў долараў у год. Хутка пасля некалькіх няўдалых спробаў яго выкупіў інвестар Уорэн Бафет, аднак Блюмкін працягвала кіраваць крамай.

Каб дасягнуць поспеху, Роза штодзённа ўставала а пятай раніцы, працавала па 70 гадзін на тыдзень, не ўжывала алкаголю, ела толькі садавіну і гародніну. Яна таксама была і мецэнаткай: цяпер у ейны гонар названы Цэнтр прыкладнога мастацтва. Раней ён быў гарадскім тэатрам, які Блюмкін выкупіла і адрамантавала.

Жанчына памерла ў 104 гады. У ЗША яе запомнілі як каралеву рытэйлу. Нават у сям’і яе называлі “Місіс Бі” – той мянушкай, якую ёй надалі партнёры ў бізнесе.

Алена Аладава – здабывальніца тысячы скарбаў

Фота: nlb.by

Гэтая жанчына больш за 30 гадоў кіравала Нацыянальным мастацкім музеем Беларусі. За гэты час яна аб’ездзіла ўвесь СССР, каб аднавіць калекцыю музея. Дзякуючы ёй сярод экспанатаў з’явіліся карціны сусветнавядомых мастакоў і беларускіх майстроў. Кім была гэтая жанчына?

Постаць Алены Аладавай была настолькі ўплывовай, што часам некаторыя калекцыянеры і мастакі аддавалі ёй карціны на захоўванне і пагаджаліся пачакаць, пакуль музей не пералічыць грошы. Часам яна плаціла за творы з уласнай кішэні. 

У першыя дні вайны яна ўратавала слуцкія паясы, паклаўшы іх на задворках першай карціннай галерэі ў Менску, дзе тады працавала. Астатнюю калекцыю захаваць не паспелі, бо не знайшлі транспарту. Гэтым яна пераймалася цягам усяго жыцця. Спакаваныя шэдэўры немцы звезлі кудысьці ў Нямеччыну.

Магчыма, гэта так паўплывала на яе, што ўсё астатняе сваё жыццё яна прысвяціла вяртанню страчаных каштоўнасцяў. Адразу пасля вайны яна стала новай дырэктаркай мастацкага музея, пачаўшы аднаўляць калекцыю. Яна ж дамаглася, каб для музея ўзвялі новы будынак, – у межах першай маштабнай забудовы пасля вайны.

Жанчына рупілася пра тое, каб вярнуць у Беларусь творы, якія маюць дачыненне да Беларусі – былі напісаныя тут або іх аўтары паходзілі з Беларусі. Аладава нават замовіла ў даследчыка пошук мастакоў, якія маюць беларускія карані. 

У Траццякоўскай галерэі казалі: там, дзе пройдзе Аладава, ім рабіць ужо няма чаго. Калі скарб вярнуць не атрымлівалася, дзякуючы ў тым ліку сваім знаёмствам яна вынаходзіла іншыя шляхі. Напрыклад, калі “Партызанскую мадонну” мастака Міхаіла Савіцкага забрала Масква, праз 11 гадоў Аладава папрасіла мастака намаляваць менскую версію – “Мадонну Менскую”. 

Алена Аладава шукала шэдэўры паўсюль. З ёй музей зладзіў 30 экспедыцый, даследаваў больш за 700 цэркваў і касцёлаў у заходніх рэгіёнах Беларусі. Разам з іншымі супрацоўніцамі музея яна выратавала Раўбіцкі касцёл, стварыўшы там філіял музея, – хаця ў яго муры ўжо былі закладзеныя запалы, каб падарваць яго. Апроч таго, яна пісала шматлікія працы па беларускім мастацтве.

Цяпер у Нацыянальным мастацкім музеі ладзяцца Аладаўскія чытанні, а адна з менскіх вуліц названая ў гонар яе і ейнага мужа – кампазітара Мікалая Аладава.

Таццяна Каламійцава – першая ў Беларусі дырыжорка

Фота: nlb.by

Таццяна Каламійцава нарадзілася ў Санкт-Пецярбургу, вучылася ў Адэсе, але ў 30 гадоў прыехала ў Менск і засталася тут назаўсёды. Яна стала адзінай у Беларусі дырыжоркай сімфанічнага аркестра і адной з дзвюх – ва ўсім СССР.

Яна прыехала ў Менск у 1944-ым годзе ўжо досыць знакамітай. У 23 гады, толькі закончыўшы Адэскую кансерваторыю, яна заняла другое месца на ўсесаюзным конкурсе дырыжораў. Дарэчы, у кансерваторыі яе вучыў знакаміты прафесар Аляксандр Паўленка, які зарагатаў, калі даведаўся, што дзяўчына імкнецца на дырыжорскі факультэт, але пагадзіўся яе вучыць.

Яна два гады працавала ў Вялікім тэатры оперы і балета падчас яго ўзнаўлення пасля вайны, затым некалькі гадоў – у Белдзяржфілармоніі. Яна аднаўляла творчы ўзровень аркестра і ўдасканальвала выканальніцкае майстэрства.

Пасля гэтага на 40 гадоў яна вярнулася ў Вялікі тэатр оперы і балета, каб прывязацца да гэтага месца і пайсці з жыцця ўсяго праз месяц пасля зыходу з яго.

Таццяна Каламійцава запомнілася слухачам нязменным фракам, выдатнай фігурай і ўладным позіркам – за гэта яе нават празвалі Лютай. Сама яна распавядала, што людзі маглі лічыць яе ганарыстай, бо яна нікога не заўважала і не адказвала на прывітанні. Аднак гэта было толькі праз тое, што калі яна ішла па вуліцы, у ейнай галаве гучала музыка.

Але ейная рэпутацыя была хутчэй жалезнай, што пацвярджалася немалымі заслугамі. Яна вывела тэатр на новы ўзровень – шмат якія спектаклі, што сёння складаюць залаты рэпертуар Вялікага тэатра, ставіліся з ейным удзелам.

Так, у рэпертуары тэатра з’явіліся оперы “Яўген Анегін” і “Пікавая дама” Пятра Чайкоўскага, “Аіда” і “Трубадур” Джузэпэ Вердзі, “Багема” Джакама Пучыні, “Севільскі цырульнік” Джаакіна Расіні, “Заручыны ў манастыры” Сяргея Пракоф’ева. Дзякуючы ёй першы раз на беларускай сцэне паставілі оперу “Лаэнгрын” Рыхарда Вагнера. Таксама яна паставіла вельмі складаную лірыка-эпічную оперу Сяргея Танеева “Арэстэя” паводле матываў старажытнай трагедыі Эсхіла, якога яна ўсяго перачытала. Больш за ўсё яна любіла старыя творы, каб вымаць з іх вечную сутнасць.

Апроч класічных твораў дзякуючы Таццяне Каламійцавай на сцэне з’явіліся творы нацыянальных аўтараў – яна любіла працаваць з Васілём Залатаровым, Яўгенам Цікоцкім, Яўгенам Глебавым.

У 1964-ым годзе дырыжорка атрымала званне народнай артысткі БССР.