Як прайшоў MALDZIS-фэст 2026

Святлана Алексіевіч, Мікалай Халезін, Саша Філіпенка, Лявон Вольскі і каля 300 гасцей.

Як прайшоў фэст

13 ліпеня ў Варшаве, у Музеі сучаснага мастацтва (MSN), прайшоў другі MALDZIS-фэст – інтэлектуальны фестываль беларускай культуры, які сабраў каля 300 гасцей. Гэта найбуйнейшая падзея MALDZIS з моманту заснавання ініцыятывы, і ў наступным годзе мы плануем зрабіць яе яшчэ большай.

Цэнтральнай падзеяй вечара стала размова Рыгора Астапені з пісьменніцай і Нобелеўскай лаўрэаткай Святланай Алексіевіч – пра новую кнігу і пра тое, як беларусы захоўвалі трываласць пасля 2020 года. Мікалай Халезін (рэжысёр Беларускага свабоднага тэатра) распавёў пра Беларускі павільён на Венецыянскай біенале, музыка Лявон Вольскі – пра свае карціны і традыцыйны фальклор у нетрадыцыйным прачытанні, а мастацтвазнаўца Дзмітрый Салодкі – пра беларускі культурны код праз паняцце “worlding” Мартына Хайдэгера.

Са сваімі тэмамі таксама выступілі выдаўца Валянціна Андрэева, мастак Аляксандр Адамаў, дызайнерка Воля Этыка. Падчас размовы з Ірэнай Кацяловіч пісьменнік Саша Філіпенка падкрэсліваў, што беларусам ужо ёсць чым ганарыцца і нам не трэба нічога нікому даказваць.

Прэзентацыя "Партрэта дзяўчыны" Якава Балглея

Вечар адкрыла прэзентацыя новага набыцця MALDZIS – “Партрэта дзяўчыны” мастака Якава Балглея (1891–1934), ураджэнца Берасця і прадстаўніка Парыжскай школы. Гэта ўжо другі твор гэтай школы, які MALDZIS вяртае ў беларускі кантэкст – пасля “Рабочых” Восіпа Любіча ў чэрвені.

Твор Балглея быў куплены на сродкі Паўла Сеньчанкі, а таксама мецэнаткі і мецэната, якія выказалі жаданне не раскрываць сваіх імёнаў перад грамадскасцю.

Карціна застаецца на захаванні ў MALDZIS да таго часу, калі яе можна будзе перадаць у Беларусь.

Чытаць пра карціну Якава Балглея

Пра што казалі выступоўцы

Алексіевіч гаварыла пра кнігу, якую піша пра 2020 год, і прызнала, што памылілася, абвясціўшы ў “Часе сэканд-хэнд” канец “чырвонага чалавека”: “Чырвоны чалавек сядзіць у Крамлі, страляе ва Украіне”. 2020-ы яна не лічыць паразай – гэта “шлях, цяжкі шлях”, і жыццё нельга ставіць на паўзу. Кнігу пра каханне, як прызнала, хутчэй за ўсё не дапіша: “Не ведаю нічога больш страшнага за каханне. Гэта страшней за вайну, страшней за Чарнобыль, таму што ў каханні ты ўвесь знікаеш, адбываецца крушэнне цябе ўсяго”

Яе зборнік “Сто цытатаў на Свабодзе” ў Беларусі прызналі “экстрэмісцкім матэрыялам”, і на пытанне пра цэнзуру пісьменніца адказала: “Сёння ўсё прасцей, бо дыктатура заўсёды прасцейшая… Кожнаму трэба выбраць свой шлях. Я выбіраю бок святла”. Рэцэпту прымірэння ў яе няма: “Мы не павінны ісці на прымірэнне, мы павінны прапанаваць варыянт дыялогу”. Не падзяляе яна і стаўку выключна на санкцыі: “Санкцыі нам так не дапамогуць, як мы самі можам дапамагчы тым, што будзем гаварыць… Мы сышлі, а цярпяць яны”. Скончыла яна так: “Нянавісць нікога ніколі не ўратавала. Уратавала любоў, а мы ўсе любім Беларусь”.

Мікалай Халезін разбіраў, якія культурніцкія праекты сёння спрацоўваюць: “Сабакі Еўропы”, опера “Дзікае паляванне караля Стаха”, беларускі павільён у Венецыі – з бюджэтамі, лічбамі і мецэнатамі. Навошта гэта ўсё: “У мяне перакананне, што Беларусь застаецца на мапе дзякуючы медыям і культуры, якая дэкларуе штосьці. Творчыя прадукты працуюць гадамі, і Беларусь гучыць”. Яго прапанова на будучыню – серыял па трох раманах Караткевіча з адным героем-этнографам, “беларускім Індыянам Джонсам”: “Гэты сусвет мы маглі б стварыць, прапанаваўшы праект Netflix ці Hulu”.

Саша Філіпенка казаў, што беларуская літаратура ў выгнанні вядомая нашмат лепш, чым здаецца, але кожны раз даводзіцца нанова тлумачыць, што Беларусь існуе. Іміджавае пытанне ён перавярнуў: “мы не павінны нічога нікому даказваць, мы ні за каго не горшыя”. Важнейшым за масты з Еўропай ён лічыць размову паміж самімі беларусамі – тымі, хто застаўся, і тымі, хто з’ехаў. “Цяпер нам перш за ўсё трэба ўвесь час адстойваць сваю незалежнасць”, – сказаў ён.

Лявон Вольскі расказаў пра сваю мастацкую адукацыю і выставу пра беларускія прыказкі, а пасля фэсту напісаў у калонцы, што “Менск таксама калісьці ня быў выключэньнем з агульнае сучаснае арт-прасторы”. З перадачай карціны, на яго думку, трэба пачакаць: “калі цяпер перадаць уладам гэтую карціну, дык яны… хуценька прададуць каштоўны падарунак”. У той жа калонцы ён нагадвае, што асабістую калекцыю Віктара Бабарыкі, у якой былі і Царфін, і Любіч, улады прадалі з аўкцыёну – замест таго, каб пакінуць у айчынных музеях.

Што сказалі госці

Пасля фэсту мы правялі апытанне сярод гасцей: 113 адказаў, 82% ацанілі вечар на 5 з 5. Часцей за ўсё гасці адзначалі саму пляцоўку, узровень спікераў і адчуванне – быць у зале, поўнай беларусаў, якія нешта будуюць, а не проста выжываюць.

Былі і шчырыя заўвагі пра тое, што не спрацавала – мы іх уважліва збіраем і ўжо ўлічваем пры планаванні фестывалю ў наступным годзе.

Фота – Каця Ігнашэвіч

Усе фотаздымкі тут


Іншыя навіны