Што зрабіў Maldzis цягам 2025-га года

Узгадваем галоўныя дасягненні нашай ініцыятывы.

Азіраемся на мінулы год, каб узгадаць галоўныя дасягненні нашай ініцыятывы і сказаць дзякуй усім тым, хто быў з намі, і асабліва нашым ахвярадаўцам. 

Вяртанні

Значнай часткай дзейнасці ініцыятывы Maldzis у 2025-ым з’яўлялася вяртанне гістарычных артэфактаў Беларусі. Пералічым самыя значныя здабыткі:

Фактычна гэта першая навуковая карта Вялікага Княства Літоўскага, а ў свой час над ёй амаль дзесяцігоддзе працавалі найлепшыя навукоўцы. Наш экзэмпляр – гэта адно з першых атласавых выданняў карты, якое выйшла ў 1630-ых гадах у Амстэрдаме.

Карта была набытая ў Літве на сродкі Сяргея Казлоўскага, Ані Буглаковай, Уладзіміра Гарлача і Дзмітрыя Падалінскага. І ў будучыні яна будзе перададзеная ў Нясвіжскі палац, дзе такой карты пакуль няма. 

Гэту карту варта разглядаць як этапную з’яву ў айчыннай картаграфіі і адначасова як важную крыніцу гістарычнай інфармацыі пра ВКЛ. Набытае выданне выйшла ў свет у першай палове 1790-ых. Аўтарам карты з’яўляецца малады навуковец-езуіт Ян Няпрэцкі з Случчыны.

Карта была набытая на сродкі Алекса Шуба і ў будучыні будзе перададзеная ў Слуцкі краязнаўчы музей, дзе такой карты няма.

Гэта першая выдадзеная кніга беларускага манаха-асветніка Сімяона Полацкага. “Жазло кіравання” было надрукаванае ў Маскве ў 1667-ым годзе і належыць да надзвычай рэдкіх артэфактаў. Кніга з’яўляецца прыкладам багатых традыцыяў палемічнай літаратуры, якая была распаўсюджаная акурат на беларускіх землях. 

Кніга была набытая ў Польшчы на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў, якія пажадалі захаваць ананімнасць, і ў будучыні будзе перададзеная ў Музей-бібліятэку Сімяона Полацкага, дзе менавіта гэтае выданне адсутнічае. 

Гэта помнік навуковай і вайскова-тэхнічнай літаратуры сусветнага значэння. Набытае выданне з’яўляецца французскім перакладам, які быў надрукаваны ў 1651-ым годзе яшчэ пры жыцці Семяновіча. Яго асаблівасцю з’яўляецца прадмова, напісаная аўтарам менавіта для франкамоўнага выдання. 

Кніга была набытая на аўкцыёне на сродкі Паўла Данэйкі, Івана Шылы і мецэнатаў, якія пажадалі застацца непублічнымі. У будучыні яна будзе перададзеная ў Віцебскі абласны краязнаўчы музей, дзе такой кнігі няма.

Гэта першая беларускамоўная карта нашай краіны. Яе аўтарам лічыцца адзін з бацькоў-заснавальнікаў БНР і першы прафесар геаграфіі ў БССР Аркадзь Смоліч. Карта ўнікальная тым, што на ёй адлюстраваная ўся тагачасная тэрыторыя пражывання беларусаў. Яна перадае спрадвечна беларускія назвы ў напісанні геаграфічных аб’ектаў.

Карта Смоліча была набытая ў Польшчы ў прыватнага калекцыянера на сродкі Дар’і Сліж ды Іллі М. Яна будзе перададзеная ў Клічаўскі краязнаўчы музей, дзе такога артэфакта няма.

Асобнікі Мальдзіса 

2025 год даў пачатак супрацы са студыяй старадаўніх картаў і гравюраў Imago.by і выдавецтвам Gutenberg Publisher. Разам мы выпусцілі асобнікі “Мальдзіса” – лімітаваныя падарункавыя экзэмпляры гістарычных мапаў, што лічацца сімваламі сваёй эпохі. 

Гэтак каштоўныя артэфакты беларускай культурнай спадчыны атрымалі другое жыццё і сталі дасяжнымі для ўсіх. 

Мерапрыемствы 

Пакуль усе артэфакты, набытыя ў 2025-ым годзе і раней, яшчэ не трапілі ў музеі, у якія мы іх прызначалі, мы шукаем магчымасці, каб прадэманстраваць іх беларускай супольнасці ў замежжы.

Частку нашай калекцыі можна было пабачыць 17-га траўня ў Музеі вольнай Беларусі падчас выставы “Пяць артэфактаў – і толькі адна ноч” з нагоды Ночы музеяў. Цалкам усю калекцыю можна было пабачыць на нашым флагманскім Фестывалі “Мальдзіса”, які сабраў блізу 200 удзельніц і ўдзельнікаў.

Двойчы цягам мінулага года мы вазілі артэфакты ў Кракаў: у ліпені прэзентавалі галоўныя карты ВКЛ у межах дадатковай падзеі да пікніка LTCŃ, а ў снежні – прэзентавалі ўжо ўсю калекцыю ў Muzeum Podgórza

Летняя школа “Мальдзіса”

Улетку мы надумаліся ўпершыню правесці адукацыйную праграму для тых, хто працуе з культурай, медыямі, артам, спадчынай ці ідэнтычнасцю і хоча пераасэнсаваць і ствараць беларускі свет. 

Мы выбралі больш за 40 удзельнікаў, а праграма стартавала ў ліпені 2025-га і праз паўтара месяца, пасля 16 лекцый і практыкумаў, навучэнцы Летняй школы прэзентавалі свае выпускныя праекты ў выглядзе актыўнасцяў на Фестывалі “Мальдзіса”.

Медыйныя праекты

Наш праект на YouTube – серыял “Гэта топ!” з Рыгорам Астапенем і Аляксандрам Івуліным – працягваў натхняць, а напрыканцы года хлопцы перайшлі ў вертыкальны фармат. Падпісвайцеся ў Instagram, TikTok і Youtube

На пачатку года таксама нарадзіўся праект “Свет Мальдзіса”, які цягам 2025-га года распавядаў пра беларускія скарбы і выбітных асобаў. 

Мы працягнулі сагу аб вядомых варшаўскіх месцах, пра сувязь якіх з Беларуссю, магчыма, здагадваецца не кожны, і папоўнілі калекцыю гайдаў Maldzis па беларускіх месцах у свеце – і гэтым разам гайдам па беларускай Грузіі

Дзякуй!

Мы (вельмі!) шмат чаго падрыхтавалі на 2026 год, таму застаемся на сувязі. 

Калі Вы можаце, то падтрымайце нашую працу ахвяраваннем. Кожны данат – гэта ўнёсак у справу ўмацавання нас як еўрапейскай нацыі і крок да аднаўлення нашай спадчыны і гісторыі.