ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі: намінацыя “Навука”
У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія аказалі значны ўплыў на развіццё навукі ў пэўнай галіне альбо здзейснілі вынаходніцтвы. Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу. Дадатковыя крытэры – […]
У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія аказалі значны ўплыў на развіццё навукі ў пэўнай галіне альбо здзейснілі вынаходніцтвы.
Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу.
Дадатковыя крытэры – ступень уплыву, шырыня дзейнасці. Апроч гэтага, мы імкнуліся звярнуць увагу на забытых жанчын, каб наноў адкрыць іх імёны.
Лізавета Вольман – за крок да Нобелеўскай прэміі
Маладая 30-гадовая жанчына схіляецца над рэактывамі ў парыжскай лабараторыі. Працоўны дзень даўно закончыўся, але для яе гэта неістотна: ёй не плацяць за працу, бо яна – жонка даследчыка, які забяспечвае сям’ю. “Дык якая розніца, калі можна займацца ўлюбёнай справай?” – разважае яна, здзьмухваючы чорную пасмачку валасоў, якая выбілася з-пад шапкі. Абы дазвалялі дапамагаць тут ды мець крыху часу пасля клопатаў пра траіх дзяцей.
Гэта Лізавета Вольман, якая як ніхто іншая ведала, як плыць супраць плыні, але дамагчыся поспеху ў сваёй справе. Яна нарадзілася ў Менску ў 1888-ым годзе ў габрэйскай сям’і. Каб дзяўчынка магла развівацца, яе адправілі вывучаць фізіку ў Льежскі ўніверсітэт, які цяпер уваходзіць у топ-200 найлепшых універсітэтаў свету. Там яна пачала свае даследаванні і стала доктаркай фізіка-хімічных навук.
Пасля, у 1910-ым годзе, яна пераехала ў Парыж, дзе працягнула навуковую дзейнасць і паралельна вучылася ў Сарбоне – спецыялізавалася на фізічнай хіміі. Яе не ўзялі на пастаянную працу ў Інстытут Пастэра, але дазволілі бясплатна дапамагаць у хімічнай лабараторыі Жака Дзюкло. Дадаткова яна працавала ў лабараторыі мужа – знакамітага фізіка Яўгена Вольмана.
Праз 10 гадоў, маючы траіх дзяцей, яна цалкам перайшла працаваць у лабараторыю мужа – па-ранейшаму без аплаты. Разам яны ладзілі эксперыменты і публікавалі сумесныя навуковыя артыкулы цягам двух дзесяцігоддзяў.
Лізавета і Яўген дамагліся неймаверных вынікаў! Менавіта яны распачалі працу ў вобласці малекулярнай генетыкі – пазней іх даследаванні закладуць грунтоўны падмурак для разумення вірусаў, раку і ВІЧ. Яны аднымі з першых выказалі рэвалюцыйную для вірусалогіі і малекулярнай біялогіі ідэю пра сувязь бактэрыяфагу са спадчыннасцю. У тыя часы гэта было занадта рэвалюцыйным сцверджаннем, таму яно не атрымала падтрымкі ў навуковых колах. Але праз некалькі дзесяцігоддзяў іх вучань Андрэй Львоў працягнуў іхнюю справу і атрымаў Нобелеўскую прэмію па медыцыне. Падчас сваёй Нобелеўскай лекцыі ён падкрэсліў унёсак сваіх настаўнікаў у гэтую вобласць.
Аднак Лізавета і Яўген Вольманы гэтага ўжо не ўбачылі. У снежні 1943-га года, калі Лізавеце было 55 гадоў, іх арыштавалі ў Парыжы і адправілі ў Аўшвіц. Імаверна, яны былі забітыя альбо пры дэпартацыі, альбо ў газавай камеры пасля прыбыцця ў лагер. Іх сын, унукі і праўнукі таксама зрабілі бліскучыя кар’еры ў навуцы і медыцыне, працягнуўшы іх справу.
Таццяна Бірыч – упартая беларуска, што вяртала колеры жыцця
Таццяна Бірыч – першая жанчына-прафесарка ў Беларусі. Яна займалася афтальмалогіяй, выпрацавала крыягенны метад узнаўлення зроку, які дазволіў праводзіць паспяховыя хірургічныя аперацыі на крышталіку вока. Калі вы носіце кантактныя лінзы, за гэта таксама варта падзякаваць ёй, бо яна запачаткавала кабінеты дзеля іх падбору ў нашай краіне.
Яна нарадзілася ў Менску, працавала настаўніцай, закончыла Медычны інстытут у Менску, працавала паводле размеркавання акулісткай у раённай паліклініцы Барысава. Потым прайшла ардынатуру і аспірантуру. Гэта вызначыла ейны далейшы лёс: усё жыццё Таццяна Васільеўна займалася тэорыяй і практыкай афтальмалогіі.
Падчас Другой сусветнай вайны яна была загадчыцай кафедры вочных хвароб Саратаўскага медычнага інстытута, працавала начальніцай вочнага аддзялення вайсковага шпіталя, кансультавала эвакуацыйны шпіталь. Яна ўсю вайну лячыла параненых салдатаў, якія гублялі зрок праз атручванне метылавым спіртам. Каб пераадолець гэта, Таццяна Бірыч прыдумала метад аксігенатэрапіі – ін’екцыі кіслароду пад слізістую вочнага яблыка. Цікава, што спачатку яна праверыла гэты метад на сабе. Гэта дазволіла выратаваць зрок тысячам людзей.
Пасля вайны Таццяна Васільеўна ўзначаліла кафедру вочных хвароб Менскага медычнага інстытута – там яна прапрацавала 40 гадоў. Яна спрыяла таму, каб у Беларусі з’явіліся першыя пункты прафілактыкі і лячэння “лянівага вока” і касавокасці, кабінеты дзеля падбору і вырабу кантактных лінзаў. Таццяна Бірыч упершыню ў краіне ўжыла ў практыцы хірургічнага лячэння катаракты імплантацыю штучнага крышталіка, укараніла новыя спосабы лячэння адслоек сятчаткі і іншых захворванняў вачэй. Апроч гэтага, яна даследавала ўздзеянне радыяцыі на чарнобыльцаў.
Агулам жа яна абараніла чатыры доктарскія і 12 кандыдацкіх дысертацый, напісала 250 навуковых прац, два даведнікі для лекараў, два падручнікі ў галіне вочных хваробаў для сярэдняга персаналу і адзін для студэнтаў ВНУ. Ёй выдалі тры аўтарскія пасведчанні на вынаходніцтвы ў СССР і восем патэнтаў на вынаходніцтвы ў Беларусі. Яна ведала некалькі моваў, а выкладаць любіла па-беларуску, пераконвала, што так цікавей: “Як будзе па-беларуску «радужная оболочка?» Вясёлкавая абалонка. Бачыце – гэта весела”.
Яна была сяброўкай Міжнароднай арганізацыі дзеля перадухілення слепаты ў свеце і Еўрапейскага таварыства афтальмолагаў. У 1997-ым годзе Амерыканскі біяграфічны інстытут ЗША і Англіі намінаваў яе на званне “Жанчыны года”.
Ганна Місуна – першая беларуская геалагіня
Ганна Місуна стала першай жанчынай-геалагіняй на тэрыторыі Беларусі і Расеі, якая праводзіла палявыя геалагічныя даследаванні. Яе называюць геалагіняй адначасова чатырох краін – Беларусі, Польшчы, Літвы і Расеі, хаця нарадзілася яна ў невялікім селішчы Забалоцце, што на Віцебшчыне.
Ганна шмат займалася самаадукацыяй, бо пасля смерці бацькі была вымушаная дапамагаць хворай маці выхоўваць малодшых братоў. Кажуць, што ейны бацька быў удзельнікам паўстання 1863-64 гадоў – і дачка пераняла ад яго непрыязнасць да царскага рэжыму.
У 1893-ім годзе яна змагла дамагчыся невялікай прыватнай стыпендыі, каб вывучыцца на Вышэйшых жаночых курсах у Маскве. Для жанчыны таго часу гэта было значным дасягненнем, напрыклад паступіць ва ўніверсітэт у Расейскай імперыі ў той час жанчына яшчэ не магла.
Яна гадамі арганізоўвала палявыя даследаванні, стварыла школу жанчын-геолагаў, напісала шмат навуковых артыкулаў і склала геалагічныя мапы, што растлумачылі ледніковы рэльеф Беларусі. Геалогія ледавіковага перыяду ўвогуле была яе любімай тэмай даследавання, да якой яна адчула цягу падчас слухання лекцый знакамітых навукоўцаў у Маскве. Яе захапілі сляды старажытных зледзяненняў!
Некалькі гадоў – ад 1898-га да 1901-га – Ганна вывучала рэльеф у басейне Заходняй Дзвіны і Нёмана. Яна працавала адна і часта толькі на свае сродкі. Падарожнічала на возе, часам атрымліваючы дапамогу ад выпадковых рабочых, што спатыкаліся на ейным шляху. Тады жанчыну-геолага ўспрымалі нават са здзіўленнем. Менавіта падчас адной з такіх паездак яна ўпершыню навукова патлумачыла ледніковы рэльеф Беларусі, а таксама прапанавала, як вывучаць канцавыя марэны і краявыя ледавіковыя ўтварэнні ў цэлым. Яна даказала, што Беларусь – вобласць эталоннага развіцця ледавіковых адкладаў.
Апроч гэтага, Місуна даследавала геалогію Цэнтральнай і Заходняй Беларусі, Наваградскае ўзвышша. Большасць яе прац прысвечаная пытанням геалагічнай будовы Беларусі, а таксама прылеглых тэрыторый Літвы і Польшчы. Асабліва вядомымі сталі публікацыі па геалогіі Гарадзенскай і Менскай губерняў. Апроч гэтага, Ганна склала карту-даведнік будаўнічых матэрыялаў заходніх раёнаў.
Падчас сваіх экспедыцый яна зведала шмат бяссонных начэй, спускалася цяжкапраходнымі рэкамі, многія гадзіны прайшла пешшу і праплыла на чоўне спачатку ад Мастоў да Горадні, а затым – ад Горадні да Друскенікаў.
З 1919-га года яна пачала працаваць на геалагічным факультэце Маскоўскага ўніверсітэта і фактычна запачаткавала жаночую геалагічную адукацыю, стварыўшы школу жанчын-геолагаў. Шматлікія ейныя вучні сталі выбітнымі навукоўцамі.
Ганна Тумаркіна – першая ў Еўропе доктарка філасофскіх навук
Ці ведалі вы, што першай у Еўропе жанчынай-доктаркай філасофскіх навук стала ўраджэнка Дуброўна Ганна Тумаркіна? Яна выкладала ідэі Канта і Спінозы, зрабіла рэвалюцыйны прарыў у навуковай супольнасці і публічна падтрымала барацьбу жанчын за выбарчае права. Але аб усім па парадку.
Ганна Тумаркіна нарадзілася ў 1875-ым годзе ў Дуброўне, але ад 1892-га года жыла ў Швейцарыі, чыё грамадзянства атрымала ў 1921-ым годзе. Яна вучылася ў Бернскім універсітэце на факультэце філасофіі, германістыкі і гісторыі, дзе і абараніла дысертацыю ў сферы параўнальнага аналізу філасофскіх прац Гердэра і Канта. Падчас вучобы яна вывучыла англійскую, французскую і лацінскую мовы.
Уявіце сабе: у 23 гады яна атрымала пасаду прыват-дацэнткі ў Бернскім універсітэце, стаўшы першай у Швейцарыі і ўвогуле ва ўсёй Еўропе жанчынай-выкладчыцай філасофіі. Яшчэ большым дасягненнем гэта ўяўляецца, калі памятаць, што ў той час яна яшчэ была замежніцай з пашпартам Расейскай імперыі!
Калі былы настаўнік Тумаркінай пакінуў прэстыжнае месца загадчыка кафедры, Ганна прэтэндавала на гэтую пасаду разам з 30 выкладчыкамі-мужчынамі. Кажуць, яна не стала кіраўніцай толькі праз праблемы са здароўем.
Апроч гэтага, Ганна змагалася за правы жанчын. У 1928-ым годзе яна ўзяла ўдзел у першай Швейцарскай выставе жаночай творчасці і працавала над “Каталогам публікацый швейцарскіх жанчын”. Таксама яна публікавала артыкулы ў галіне жаночага пытання.
У 1943-ім годзе яна была вымушаная сысці з выкладчыцкай пасады, бо ў яе пачала развівацца слановая хвароба. Яе сяброўка – першая бернская школьная лекарка Іда Хоф – клапацілася пра яе да Ганніных апошніх дзён. Даследчыкі дагэтуль не кажуць упэўнена, ці былі яны парай, ці гэта быў “бостанскі шлюб” – падчас яго дзве незамужнія жанчыны арганізоўвалі сумесны побыт, каб быць больш фінансава незалежнымі і будаваць кар’еры. Разам яны падарожнічалі па Швейцарыі, а Іда Хоф – адна з першых жанчынаў у Еўропе, якая набыла ўласны аўтамабіль.
У памяць аб філосафцы ў Бернскім універсітэце існуе навуковая праграма ANNA. У холе старога корпуса гэтага ўніверсітэта Ганне Тумаркінай прысвечаны вялікі інфармацыйны стэнд. А вуліца каля ўніверсітэту носіць імя Ганны Тумаркінай.
Зінаіда Мажэйка – першая беларуская прадзюсарка этнічнай музыкі
Зінаіда Мажэйка не праводзіла доследаў з хімічнымі рэагентамі, не складала матэматычных формул, якія маглі б прывесці да Нобелеўскай прэміі. Яна даследавала беларускую душу – традыцыйную музычную культуру Беларусі. Жанчына стала доктаркай навук і падрыхтавала шмат кніг і кінафільмаў пра песенныя скарбы Беларусі, разам з Уладзімірам Караткевічам ладзіла экспедыцыі па ўсёй краіне.
Распавядаюць, што жанчына з самага дзяцінства хадзіла па вёсках, таму добра ведала беларускі народ. Першай ейнай кнігай стаў аповед пра песенную культуру сяла Тонеж – ужо з адной гэтай публікацыі можна зразумець, наколькі глыбока Зінаіда Мажэйка ведала аўтэнтычны фальклор. Яго вывучэнню яна прысвяціла ўсё сваё жыццё.
Яна фактычна заснавала беларускую этнамузыкалогію і стала адной з найбольш грунтоўных аўдыявізуальных антрапалагінь Усходняй Еўропы. Сярод яе вядомых прац – даследаванні песеннай культуры Беларускага Палесся, Паазер’я, вывучэнне музыкі беларускага вяселля. Інтэрнацыянальны біяграфічны цэнтр у Кембрыджы уключыў яе ў спіс “200 галоўных жанчын-інтэлектуалак свету” і “2000 выбітных інтэлектуалаў ХХІ стагоддзя”.
Апроч непасрэдна даследаванняў Зінаіда Мажэйка ладзіла канцэрты фальклорных калектываў, працавала над запісам музычнага фальклору на грампласцінкі, а таксама пісала сцэнары для фільмаў. Паводле іх “Беларусьфільм” зняў фільмы “Палескія калядкі”, “Крывыя вечары”, “Галасы вякоў” і іншыя, якія распавядалі пра беларускія традыцыі. Яна распрацавала кірунак аўдыявізуальнай культурнай антрапалогіі, займалася этнамузыказнаўчымі спецыяльнымі праектамі.
Цягам 50 гадоў яна працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, была навуковай супрацоўніцаю інстытута і абараніла кандыдацкую дысертацыю – усё пра тыя ж спевы Палесся на прыкладзе вёскі Тонеж. Ужо ў 1990-ых яна абараніла і доктарскую дысертацыю пра каляндарна-песенную культуру Беларусі.
У 1988-ым годзе ЮНЭСКА ўганаравала ейную працу Гран-пры. Дзейнасць Мажэйкі аказала ўплыў на творчасць этна-трыа “Троіца”, у чым прызнаваўся лідар калектыву Іван Кірчук. Жыццю даследчыцы прысвяцілі фільм “А я песню сваю дапяю”.