Адбіткі мінуўшчыны: дзе друкаваліся Багдановіч і Багушэвіч
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю, У белым доме ля сіняй бухты, Я не самотны, я кнігу маю 3 друкарні пана Марціна Кухты. Гэтыя радкі – апошнія, якія Максім Багдановіч напісаў перад заўчаснай смерцю ў Ялце ў траўні 1917-га года. Яны не толькі ўвекавечылі выдаўца яго адзінага прыжыццёвага зборніка, але і засведчылі, наколькі важнай падзеяй […]
Ў краіне светлай, дзе я ўміраю,
У белым доме ля сіняй бухты,
Я не самотны, я кнігу маю
3 друкарні пана Марціна Кухты.
Гэтыя радкі – апошнія, якія Максім Багдановіч напісаў перад заўчаснай смерцю ў Ялце ў траўні 1917-га года. Яны не толькі ўвекавечылі выдаўца яго адзінага прыжыццёвага зборніка, але і засведчылі, наколькі важнай падзеяй для маладога паэта было выданне сваёй кнігі.
Беларусы ў розныя гістарычныя перыяды сутыкаліся з перашкодамі, калі хацелі апублікаваць свае творы: ім чынілі палітычны пераслед, часам бракавала сродкаў ды магчымасцяў. Але ў той жа час беларускія аўтары нейкім дзіўным чынам давалі рады гэткім цяжкасцям. Дзякуючы намаганням супольнасці і паасобных людзей адкрываліся друкарні – і з-пад станкоў шпарка ляцела беларускае слова.
Таму сёння MALDZIS згадвае некаторыя друкарні ХІХ-ХХ стагоддзяў, дзе публікаваліся беларускія выданні.
Друкарня Кухты. Вільня
Пачнем з месца, дзе акурат і выйшлі ў свет уступныя радкі гэтага матэрыялу. У 1906-ым годзе літовец Марцін Кухта адкрыў у Вільні ўласную друкарню, якая стала цэнтрам беларускага, літоўскага і польскага друку. Марцін шчыра спрыяў развіццю беларускага кнігадрукавання і нацыянальнага руху. У сваім лісце прафесару Адаму Мальдзісу паэтка Зоська Верас, імкнучыся высветліць адрасы друкарні, зазначала: “Друкарня Марціна Кухты для нас – гістарычная”.
Тыпаграфія месцілася на вуліцы Універсітэцкай, 4 (цяпер там кнігарня “Акадэмічная кніга”), а з 1911-га года пераехала на вуліцу Татору, 20. У 1907-1922 гадах тут выдалі больш за 60 кніг на беларускай мове. Дарэчы, прадаваліся беларускія кніжкі ў той час у літоўскай кнігарні Марыі Пясяцкайце-Шлапялене на вуліцы Дамініканскай.
У розныя часы ў друкарні выйшлі кнігі Францішка Багушэвіча, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Канстанцыі Буйло, Ядвігіна Ш. ды іншых класікаў нашаніўскай пары, розныя этнаграфічныя матэрыялы, ноты з беларускімі песнямі і апісаннем танцаў. Тут пабачыла свет “Беларуская граматыка для школ” Браніслава Тарашкевіча, а таксама выдавалася газета “Гоман”.
У друкарні публікавалася і “Наша Ніва”. Першы яе нумар выпусцілі 10-га лістапада 1906-га года праз месяц пасля адкрыцця тыпаграфіі. Хаця часам гэта было небяспечна, Марцін Кухта нават даваў выданню крэдыты: часам 5-6 нумароў газеты запар выходзілі без аплаты. Дзякуючы гэтаму “Наша Ніва” выходзіла рэгулярна: за дзевяць гадоў свет пабачыў больш за мільён асобнікаў газеты.
У тым ліку і за выданне беларускіх кніжак, Кухту часта пераследавалі ўлады, якія ў той час хутка мяняліся ў горадзе. Напрыклад, у лістападзе 1907-га года яе закрылі царскія жандары на два тыдні за друк збору вершаў Цёткі – нібыта ў ім знайшлі “антыдзяржаўны змест”. Урэшце ў 1924-ым годзе выдавец быў вымушаны пераехаць у Коўна разам з паліграфічным абсталяваннем, дзе і пражыў да сваёй смерці ў 1956-ым годзе.
Пад Коўнам доўгі час жыў сын Кухты – Эдмундас Манставічус. Ён распавядаў, што ў яго дома захаваліся выданні, надрукаваныя ў тыпаграфіі бацькі, у тым ліку – беларускія. Спадар Эдмундас браў удзел і ва ўсталяванні мемарыяльнай шыльды Марціну Кухту на вуліцы Татору, 20 у Вільні – на былым месцы друкарні.
Друкарня Рыпінскага. Лондан
У лонданскім Тотэнхэме крыху раней дзейнічала іншая, не настолькі вядомая друкарня. Яе адкрылі Аляксандр Рыпінскі (адзін з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа, удзельнік паўстання 1830-1831 гадоў, паэт, адзін з першых беларускіх фатографаў) і пісьменнік Ігнат Яцкоўскі.
Рыпінскі пераехаў у Лондан у 1846-ым годзе. Ён пачаў выдаваць тут эмігранцкую газету і заснаваў вольную славянскую друкарню (1852 год). Рыпінскі быў першым аўтарам і выдаўцам, які ўвёў ва ўжытак літару “Ŭ” (“у нескладовае”) у беларускіх тэкстах, пісаных лацінкаю.
“У з кароткім знакам, гэта значыць з паўколам наверсе, – зліваецца з папярэднім галосным гукам, як у словах: аўтар, Эўропа”, – так Рыпінскі апісваў “навінку” ў прадмове да аднаго з твораў.
У друкарні яму даводзілася адразу быць, як ён потым успамінаў, “аўтарам, наборшчыкам, карэктарам, рэдактарам, друкаром, брашуроўшчыкам, нават кнігаром, апрача абавязкаў прафесара”.
У тыпаграфіі ён выдаў зборнікі сваіх вершаў па-польску, а таксама беларускамоўную рамантычную баладу “Нячысцік” (выдавалася ажно тройчы!). Яна стала адной з першых баладаў у беларускай літаратуры, у аснову якой пакладзены фальклорныя матывы. Апроч гэтага, у яго друкарні выйшаў хрэстаматыйны верш “Зайграй, зайграй, хлопча малы…” Паўлюка Багрыма (паводле некаторых даследчыкаў, аўтар твору не Багрым, а Ігнат Яцкоўскі і Юльян Ляскоўскі).
Адрас друкарні адшукаў знакаміты лонданскі славіст і апантаны прыхільнік беларушчыны Гай Пікарда. Ён знайшоў таксама і месца, дзе стаяў дом Рыпінскага. У 1855-ым годзе Рыпінскі плаціў 20 фунтаў арэнды за тыпаграфію. На месцы друкарні пазней працаваў паб “Swan”. Адам Мальдзіс у 1982-ім годзе, наведваючы яго разам з Гаем Пікарда, прапанаваў гаспадару паба павесіць тут шыльду ў гонар Рыпінскага.
Беларускі навуковец выклаў самы пераканаўчы аргумент.
“Калі б была шыльда, дык кожны беларус пакінуў бы ў гэтым пабе не адзін фунт”.
“А колькі ж тых беларусаў?” – зацікавіўся карчмар. “Дзесяць мільёнаў”, – з гонарам вымавіў Мальдзіс.
“Менавіта тут, паўтара стагоддзі таму, вы толькі ўявіце сабе, у невялікай прыватнай друкарні беларускі эмігрант з Віцебшчыны, паўстанец 1831-га года, удалы прадпрымальнік, гаспадар фотастудыі Рыпінскі выдаваў беларускія кнігі. Гэта і зараз гучыць фантастычна. А тады? Што такое свая фотастудыя? Колькі каштуе друк? І няўжо камусьці патрэбныя гэтыя беларускія кнігі? Лонданскі даследнік беларускай спадчыны Мікола Пачкаеў лічыць, што на той час гэта быў вельмі дзіўны ўчынак”, – казаў у перадачы “Забыты адрас” Зміцер Бартосік.
Адам Мальдзіс знайшоў сем сшыткаў рукапісаў Аляксандра Рыпінскага, у якіх апісваецца паўстанне 1831-га года на Вілейшчыне, Дзісненшчыне і Свянцяншчыне. Дакументы захоўваюцца цяпер у аддзеле рукапісаў Польскай бібліятэкі ў Парыжы. Таксама ад імя камісіі “Вяртанне” і Беларускага фонду культуры ён накіраваў польскім арганізацыям ліст з просьбай усталяваць памятную шыльду, аднак і дагэтуль яе ў былым будынку паба няма. Закрыўся і паб, пасля чаго ў тым будынку месцілася клініка кітайскага дантыста, а цяпер тут – піцэрыя.
Друкарня Анчыца. Кракаў
Кракаў яшчэ з сярэдзіны ХІV стагоддзя быў вядомым культурным цэнтрам. Месцілася тут і шмат друкарняў. Напрыклад, менавіта тут Мікола Гусоўскі выдаў “Песню пра зубра” (1523).
Але калі казаць пра пазнейшы час, то ад 1878-га года тут дзейнічала друкарня Уладзіслава Людвіка Анчыца. Меркавалася, што тут, у Кракаве, які на той час ляжаў у Аўстра-Венгрыі, будзе выдавацца ўсё, што не дазвалялі друкаваць у Варшаве царскія цэнзары.
Уладзіслаў памёр у 1883-ім годзе, а яго справы пераняў сын Вацлаў Анчыц. Пры ім друкарня стала сусветна вядомай. Першай у Галіцыі яна займела лінатыпы, уласную шрыфталіцейную і пераплётную майстэрні. Паперу сюды імпартавалі з іншых еўрапейскіх краін – напрыклад, Нямеччыны, а таксама пастаўлялі з мясцовых папяровых фабрык, якія славіліся якаснай прадукцыяй.
Менавіта пры Вацлаве Анчыцы ў 1891-ым годзе была надрукаваная “Дудка беларуская” Францішка Багушэвіча. “Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі!” – тут выйшлі з друку гэтыя словы аўтара, якія хаваўся за псеўданімам “Мацей Бурачок”. У 1892-ім годзе тут выйшла апавяданне “Тралялёначка”. Тут жа выходзілі таксама творы Генрыка Сянкевіча і Адама Міцкевіча.
Друкарня месцілася спачатку на вуліцы Старавісельнай, а потым – на вуліцы Кананічнай, 9, насупраць Петрапаўлаўскага касцёла. У тым жа будынку і жыла сям’я Анчыцаў. Цяпер тут месціцца факультэт кананічнага права Папскага ўніверсітэта Яна Паўла ІІ. У 1901-ым годзе друкарня пераехала на Звежынецкую, 2. Будынак на гэтым месцы не захаваўся.
Дарэчы, у іншай кракаўскай друкарні Уладзіслава Тэадарчука ў 1904-ым годзе з’явіліся мінімум дзве беларускія кнігі – пераклады з польскай мовы, якія здзейсніў Янка Сваяк, аповесці “Янка-музыкант” Генрыха Сянкевіча і апавядання “Ведзьма” невядомага аўтара.
Пазней Адам Мальдзіс шукаў архіў Анчыца, які застаўся пасля таго, як друкарню закрылі. Ён спадзяваўся, што сярод папераў Анчыца і познанскага друкара Нікульскага маглі захавацца аўтографы Багушэвіча. Ён пабываў у бібліятэцы Ягелонскага ўніверсітэта, наведаў унучку Анчыца Зоф’ю Тшэбіцкую, дырэктара новай друкарні на вуліцы Звежынецкай, сябра Анчыцаў, уладальніка букіністычнай крамы Мар’яна Кшыжаноўскага, аднак не знайшоў слядоў таго архіва. Мо гэтыя знаходкі яшчэ наперадзе?