Беларускія мясціны ў Вечным горадзе
“Усе дарогі вядуць у Рым”, – гэткае выслоўе з’явілася яшчэ ў глыбокай старажытнасці, калі Рым быў сталіцай шматлюднай імперыі, землі якой ляжалі ажно на трох кантынентах – у Еўропе, Азіі і Афрыцы. Жыццёвыя сцежкі-дарожкі ў розныя часы прывялі ў гэты горад і шмат каго з беларусаў. Дзе ж цяпер шукаць знакі і памяткі беларускай прысутнасці […]
“Усе дарогі вядуць у Рым”, – гэткае выслоўе з’явілася яшчэ ў глыбокай старажытнасці, калі Рым быў сталіцай шматлюднай імперыі, землі якой ляжалі ажно на трох кантынентах – у Еўропе, Азіі і Афрыцы. Жыццёвыя сцежкі-дарожкі ў розныя часы прывялі ў гэты горад і шмат каго з беларусаў. Дзе ж цяпер шукаць знакі і памяткі беларускай прысутнасці на маляўнічых рымскіх вуліцах і ўтульных плошчах – пра гэта гаворка ў матэрыяле ініцыятывы MALDZIS.
Рым – гэта не толькі адзін з найважнейшых хрысціянскіх цэнтраў, сядзіба пантыфікаў – папаў рымскіх, але і вельмі прыцягальны кірунак для безлічы турыстаў з усяго свету. Сучасная сталіца Італіі прываблівае надзвычай багатай і насычанай мінуўшчынай, авеянай міфамі і легендамі, а таксама цэлым мноствам унікальных культурных і гістарычных славутасцяў.
Каб не сталася так, што “мы былі ў Рыме, але не пабачылі папы”, то бок абмінулі ўвагай самае важнае, мы мусім найперш скіравацца да самай галоўнай у свеце каталіцкай святыні – сабора святога Пятра.
Гэтая велічная спаруда, якая ўражвае дасканалымі прапорцыямі і вытанчаным аздабленнем, штодзённа адчыняе дзверы для тысячаў пілігрымаў і наведнікаў. Не кожны, праўда, ведае, што ў гэтай базіліцы знаходзяцца рэліквіі беларускага святога – Язафата Кунцэвіча.
Святы Язафат (1580-1623) быў вялікім прыхільнікам адзінства ўсходніх і заходніх хрысціянаў, абаронцам Грэка-каталіцкай царквы, у якой захоўвалася ўсходняя, візантыйская абраднасць, але дагматыка была аднолькавай з Каталіцкім касцёлам. Гэты царкоўны дзеяч стаў першым уніяцкім ігуменам у Жыровіцкім манастыры і шмат у чым прычыніўся да славы і росквіту гэтага месца.
Язафат быў аскетам у жыцці, таленавітым прамоўцам і аўтарам багаслоўскіх тэкстаў. Шчыраваў ён і на ніве рэформаў у манаскім і святарскім жыцці, вялікую ўвагу надаваў адпаведнай падрыхтоўцы духоўных асоб, пашырэнню адукацыі і навукі.
У 1618-ым годзе ён стаў віцебскім епіскапам, а праз год атрымаў прызначэнне на полацкага архіепіскапа. У гэты ж час у Вялікім Княстве Літоўскім узрастала апазіцыя да ўніяцтва – да спрэчак і нязгоды ўвесь час пад’юджвала з усходу Маскоўскае царства. 12-га лістапада 1623-га года натоўп праваслаўных вернікаў гвалтам уварваўся ў дом архіепіскапа. Уладыка выйшаў да віцяблянаў з лагоднымі словамі:
“Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?”
У адказ нападнікі два разы ўдарылі сякерай па галаве Язафата. Пазней мёртвага выцягнулі яго з дома і здзекаваліся з цела, скінуўшы яго з гары, а потым утапіўшы у Дзвіне. Каралеўскія ўраднікі, якія праводзілі следства ў справе забойства, адзначалі, што Язафат Кунцэвіч быў забіты бязвінна, а забойцы не мелі асабістай крыўды да архіепіскапа і не мелі падставаў да такога жорсткага злачынства.
Кунцэвіча пахавалі ў полацкай царкве святой Сафіі, аднаўленнем якой іерарх і займаўся раней. Але і тут прах пакутніка не меў спакою, бо пагрозу ўвесь час стваралі наступы маскоўскага войска. Доўгі час астанкі архіепіскапа захоўваліся ў Бялай-Падлясцы на тэрыторыі сучаснай Польшчы, не нейкі час трапілі ў Вену, а пасля Другой сусветнай вайны іх перавезлі ў Рым.
У 1643-ым годзе папа рымскі Урбан VIII залічыў Язафата Кунцэвіча да ліку святых у ВКЛ і Рэчы Паспалітай, а ў 1867-ым годзе папа Пій IX абвясціў яго святым для ўсяго Каталіцкага касцёла.
Мошчы святога пакутніка захоўваюцца ў саборы святога Пятра ў Рыме, каля алтара святога Васіля Вялікага, але патрапіць туды не так проста. Справа ў тым, што месца спачыну святога Язафата знаходзіцца ў частцы базілікі, прызначанай для споведзі, таму, каб пазбегнуць шуму і сумятні, туды не пускаюць усіх наведнікаў. Але можна падысці да прадстаўніка службы парадку і папрасіць дазволу, каб памаліцца каля рэліквій святога. Звычайна на такую просьбу не адмаўляюць і заўсёды прапускаюць.
Зусім недалёка ад Калізея знаходзіцца яшчэ адно месца, звязанае з Беларуссю і гісторыяй ВКЛ, – гэта невялікая царква святых Сяргея і Вакха. Святыня знаходзіцца на адным з маленькіх пляцаў, згубленых сярод вузенькіх рымскіх вулічак (Piazza della Madonna dei Monti, 3). Дах царквы вянчае шасціканцовы крыж, падобны да таго, што знаходзіцца на гербе Пагоня.
Пасля падпісання Берасцейскай царкоўнай уніі ў 1596-ым годзе ўніяцкія іерархі пачалі шукаць месца ў Рыме, дзе б мог пасяліцца іх прадстаўнік пры папе рымскім. Турбавала іх таксама пытанне, а дзе маглі б прыпыніцца ў Вечным горадзе паломнікі-ліцвіны. У 1641-ым годзе папа рымскі Урбан VIII на патрэбы ўніятаў з Рэчы Паспалітай перадаў стары касцёл святых Сяргея і Вакха. Працаваць ды вучыцца сюды праехалі манахі-базыльяне са славутага на ўсё Вялікае Княства Літоўскага манастыра ў Жыровічах.
Як падаюць хронікі ордэна базыльянаў, царква святых Сяргея і Вакха стала знакамітай на ўвесь Рым у XVIII стагоддзі, бо пры рамонце ў закрыстыі ў 1718-ым годзе майстар выпадкова знайшоў пад тынкам невядомую фрэску Маці Божай. Акурат у гэты час базыльянскім настаяцелем у Рыме быў манах-ліцвін з Жыровіч, які пазнаў у фрэсцы выяву Маці Божай Жыровіцкай, надзвычай шанаваную вернікамі розных канфесій у Вялікім Княстве Літоўскім. Базыльянін з ВКЛ, падобна, не мог паверыць уласным вачам і абвясціў пра цуд – гэтак уразіла яго тое, што так далёка ад Радзімы ён знайшоў абраз Багародзіцы з роднага мястэчка.
Вестка пра гэту падзею надзвычай хутка распаўсюдзілася ў Рыме, а гараджане пачалі прыбываць, каб памаліцца перад фрэскай. Хворыя, якія прыйшлі ўшанаваць святыню, атрымлівалі аздараўленне. Да фрэскі пацягнуліся цэлыя натоўпы скалечаных і нямоглых. Людзей стала так шмат, што яны пачалі нават праз памылку заходзіць у келлі да манахаў. Базыльяне нават пабудавалі перад уваходам у царкву мур ды выставілі варту, але людзі ўсё роўна прыбывалі і прасілі ўпусціць іх да фрэскі. Бачачы ўсё гэта, манахі пастанавілі выбіць кавалак сцяны з фрэскай ды перанесці яго ў царкву для публічнага ўшанавання.
Погаласка пра цуды каля абраза Багародзіцы з Жыровіч яшчэ доўга неслася па Рыме. У 1801-ым годзе царкву наведаў папа рымскі Пій VII, а яго наступнік Леў XII выдаў дэкрэт, у якім прысвяціў царкву Багародзіцы з Жыровіч.
Рымлянам жа надзвычай цяжка было прамовіць назву беларускага мястэчка, таму яны пачалі называць абраз La Madonna del Pascolo – “Багародзіца з пашы”. Назва падкрэслівала, згодна з рэлігійным паданнем, што выява Жыровіцкай Божай Маці аб’явілася дзецям на грушы-дзічцы, якая расла на выгане каля ракі Шчары. Тыя дзеці былі беднымі пастухамі, што наймаліся летам пільнаваць гавяду.
Сучасныя даследчыкі кажуць, што абраз Маці Божай Жыровіцкай мог з’явіцца ў Рыме праз тугу па Бацькаўшчыне. Фрэску маглі намаляваць у XVII стагоддзі першыя манахі з Жыровіч, якія сумавалі па роднай старонцы. Потым пра фрэску забылі, калі яна крыху выблякла, яе замазалі тынкам. Калі фрэску зноў адкрылі ў XVIII стагоддзі, то настаяцель таксама праз сум па Радзіме мог успрыняць гэта як Боскі знак і звышнатуральную з’яву.
Цяпер царква святых Сяргея і Вакха належыць украінскай супольнасці, але, безумоўна, гэтае месца варта наведаць кожнаму беларускаму турысту ў Вечным горадзе.
Усім беларусам, а асабліва выхадцам з Нясвіжа, будзе цікава наведаць самы галоўны храм ордэна езуітаў – касцёл Найсвяцейшага Імя Езуса (Іl Gesu). Лічыцца, што касцёл Божага Цела ў Нясвіжы з’яўляецца яго “паменшанай копіяй”. Тут жа ў капліцы Святой Тройцы знаходзіцца часцінка мошчаў святога Андрэя Баболі, езуіта і місіянера Палесся, які ў XVI стагоддзі быў закатаваны казакамі ў Янаве Палескім.
У гэтым жа храме можна пабачыць і надмагільную пліту з гербам княскага роду Радзівілаў – тры паляўнічыя трубы. Справа ў тым, што ў касцёле пахаваны Юры Радзівіл (1556-1600) – першы каталіцкі кардынал у гісторыі Вялікага Княства Літоўскага. На свае грошы ён адкрыў у 1582-ім годзе каталіцкую духоўную семінарыю ў Вільні, удзельнічаў у двух канклавах па выбары рымскіх папаў.
У Рыме ёсць яшчэ адно месца, звязанае з гісторыяй роду Радзівілаў. На вуліцы Boncompagni 22 знаходзіцца чатырохпавярховы будынак, які ім некалі належаў. Радзівілы прадалі яго ў 1930-ыя гады, а ў 1946-ым годзе тут размясцілі дзяржаўны ліцэй. Сам палац быў пабудаваны ў ХІХ стагоддзі ў стылі італьянскага неакласіцызму.
Апошняй уладальніцай палаца была Марыя Ружа Радзівіл (1863-1941). Яна паходзіла з вельмі багатага роду Браніцкіх і была жонкай князя Юрыя Радзівіла (1860-1914). Палац Марыі Ружы быў месцам творчых і свецкіх сустрэчаў. Яго наведвалі шматлікія прадстаўнікі манаршых родаў, арыстакраты, багацеі, паэты, дыпламаты, мастакі і палітыкі. Княгіня Радзівіл прымала ў сябе таксама італьянскую каралеву Алену Савойскую, вядомую мецэнатку і дабрадзейку. У будынку на вуліцы Boncompagni 22 каралева разам з Марыяй Ружай неаднойчы пілі разам каву.
Марыя Ружа акурат перабывала ў сваім палацы ў Нясвіжы, калі туды ў верасні 1939-га года ўварваліся савецкія войскі. Новыя ўлады дазволілі ёй застацца ў рэзідэнцыі ў якасці “жывога музейнага экспаната”. І толькі ўмяшанне італьянскай каралевы Алены дапамагло княгіні выехаць з СССР у Рым, дзе яна неўзабаве памерла.
У Рыме нейкі час жыла таксама загадкавая і неадназначная жанчына, якую адныя шанавалі як жывую святую, а іншыя лічылі хітрай ашуканкай. Кім жа была насамрэч Макрына Мечыслаўская – спрэчкі не сціхаюць да гэтай пары.
Справа выглядала так, што ў 1845-ым годзе эміграцыя з былой Рэчы Паспалітай вельмі сардэчна прывітала ў Парыжы палітычную ўцякачку з Расейскай імперыі – матку Макрыну Мечыслаўскую, якая, паводле яе словаў, была колішняй ігуменняй манастыра базыльянак у Менску.
Як распавядала Макрына, расейскія ўлады гвалтам змушалі сясцёр-базыльянак да пераходу з уніяцтва ў праваслаўе. Манахінь вывезлі ў манастыр пад Віцебскам, дзе закулі ў кайданы, білі нагайкамі, а нават паленамі па галаве, змушалі да цяжкой працы пры будове епіскапскага палаца, знарок калечылі і гвалцілі. Некаторых базыльянак вывезлі на працу ў Табольск. Аднойчы, калі праваслаўныя святары і іх служкі ў епіскапскай сядзібе напіліся гарэлкі ды паснулі, манахіні збеглі. Сярод іх была і матка Макрына, якой удалося дабрацца да Заходняй Еўропы. Тут жа ведалі пра пераслед уніятаў у Расейскай імперыі і з вялікім спачуваннем ды павагай аднесліся да самой асобы былой настаяцельніцы. Пра яе пісалі ў прэсе, запрашалі на спатканні арыстакратыі, ахвяравалі грошы і прасілі пра малітоўнае заступніцтва. З ёй сустрэўся сам легендарны Адам Міцкевіч, а адзін з самых вядомых польскіх паэтаў Юліюш Славацкі прысвяціў ёй паэму “Размова з маткай Макрынай Мечыслаўскай”.
У кастрычніку 1845-га года Макрына прыехала ў Рым, дзе яе прыняў на аўдыенцыі папа Рыгор XVI. Пантыфік загадаў запісаць усе сведчанні і словы настаяцельніцы з Менска. У 1846-ым годзе жанчыну асабіста наведаў папа Пій IX. Ад 1847-га да 1849-га года яны жыла ў кляштары Trinità dei Monti недалёка ад славутых Гішпанскіх сходаў у Рыме.
Сёстры-манахіні падкрэслівалі незвычайную пабожнасць маткі Макрыны. Слава пра яе шырылася ў Рыме, бо ёй прыпісвалі аздараўленне аднаго з французскіх місіянераў, да якога вярнуўся зніклы голас. Неўзабаве эмігранты з Рэчы Паспалітай сабралі грошы і купілі для маткі Макрыны пакінуты кляштар і касцёл святога Эўзэбія. І да меркаванай былой базыльянкі пацягнуліся маладыя дзяўчаты з ліцвінскіх і польскіх сям’яў, каб разам заснаваць новую манаскую супольнасць. У манахіні з Менска, праўда, заўважалі адсутнасць добрых манераў і выхавання, а таксама празмерную жорсткасць, якая выяўлялася ў тым, што яна ўжывала цялесныя кары да сясцёр. Яна бескрытычна ўспрымала сны як боскія знакі і магла сабе дазволіць выказванні, што “падпарадкаванне сялянаў панам – цалкам натуральная рэч”.
Пачалі з’яўляцца галасы, якія паддавалі сумневам праўдзівасць аповедаў маткі Макрыны. Звярталі ўвагу на непаслядоўнасці ў расказах ігуменні, якая блыталася, называючы колькасць манахіняў у менскім кляштары, не ведала царкоўна-славянскай мовы, замест жаночых базыльянскіх кляштараў называла мужчынскія і гэтак далей.
Часам яе сведчанні зусім не адпавядалі праўдзе, бо жанчына, напрыклад, даводзіла, што Варшаўскае каталіцкае біскупства было цалкам замененае на праваслаўнае. Да таго ж расейскія амбасадары ў Еўропе адмаўлялі пераслед уніятаў у сваёй імперыі. Эмігранцкія дзеячы не верылі ў гэтыя запэўніванні і працягвалі падтрымліваць матку Макрыну, хоць сумневаў станавілася ўсё больш.
Матка Макрына Мечыслаўская пражыла ў кляштары святога Эўзэбія да сваёй смерці ў 1869-ым годзе. У гэтым кляштары яе і пахавалі. Праўда, магіла ігуменні і сам кляштар былі знішчаныя падчас вялікай перабудовы ў Рыме ў 1873-ім годзе.
Нашмат пазней з’явіліся даследаванні, што манахіні з іменем Макрына Мечыслаўская ніколі не існавала. Апошнюю настаяцельніцу кляштара базыльянак у Менску звалі Пракседа Ляўшэцкая. Яна сапраўды разам з сёстрамі адмовілася пераходзіць у праваслаўе, за што гэтых бызыльянак скіравалі ў бернардынскі кляштар у Мядзеле. Там яны жылі да 1844-га года, калі і той кляштар расейскія ўлады ліквідавалі. Апошнім манахіням тады дазволілі вярнуцца да сваіх сем’яў. Гістарычныя дакументы кажуць, што ў Мядзеле ў 1840–1843 гадах сапраўды з манахіняў здзекаваўся праваслаўны святар з прозвішчам Міхалевіч.
Выказваецца здагадка, што Макрына насамрэч была кухаркай у кляштары бернардынак у Вільні і магла чуць там аповеды сапраўдных базыльянак пра іх пакуты. З цягам часу жанчына заўважыла, што да гэтых манахінь ставяцца з вялікай пашанай, і, магчыма, захацела выкарыстаць гэта для ўласнай карысці. Яна магла прыкідвацца былой базыльянкай спачатку ў шляхецкіх маёнтках у Літве і Беларусі, а потым выехала ў Заходнюю Еўропу. Магчыма, гісторыя Макрыны Мечыслаўскай – напамін для ўсіх нас, што рэальныя пакуты і выпрабаванні заўсёды прыцягваюць і тых, хто хоча пажывіцца на іх. У кожным разе, наведваючы адзін з самых папулярных турыстычных пунктаў у Рыме – Гішпанскія сходы, можна прыпыніцца ды згадаць пра адзін са складаных момантаў у нашай гісторыі.
Яшчэ адно рымскае месца, якое моцна знітаванае з нашай гісторыяй – гэта, як ні дзіўна, Грэцкі калегіум (Collegium Graecum па адрасе Via del Babuino, 149).
Гэтая навучальная ўстанова працуе ад 1576-га года для каталікоў, якія захоўваюць усходнюю абраднасць: грэкаў, албанцаў, балгараў і г.д. Тут здабывалі адукацыю рэлігійныя дзеячы, дастойнікі і іерархі Грэка-каталіцкай царквы ў Вялікім Княстве Літоўскім і Рэчы Паспалітай. Сярод іх, да прыкладу, былі:
- Язэп Руцкі (1573-1637) – мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, ачольнік Грэка-каталіцкай царквы ў ВКЛ, прадстаўнік наваградскай шляхты;
- Антоні Сялява (1583-1655) – мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, а таксама настаяцель ордэна базыльянаў, які быў родам з Полаччыны;
- Рафаіл Корсак (1595-1640) – мітрапаліт Кіеўскі і ўсяе Русі, прыхільнік ушанавання пакутніка Язафата Кунцэвіча;
- Лявон Крэўза-Жавускі (ІІ палова XVI ст. – 1637) – уніяцкі архіепіскап смаленскі ў часы, калі Смаленшчына ўваходзіла ў склад ВКЛ.
- Андрэй Кваснінскі (1599-1665) – наступны архіепіскап смаленскі. Калі ж Смаленск захапіла Масковія ў 1654-ым годзе, быў прызначаны епіскапам пінскім і тураўскім.
У Грэцкім калегіуме вучыўся таксама надзвычай заслужаны дзеяч беларускай эміграцыі, заснавальнік і кіраўнік бібліятэкі імя Францыска Скарыны ў Лондане, апостальскі візітатар для беларусаў-каталікоў у замежжы, перакладчык літургічных тэкстаў на беларускую мову, навуковец і багаслоў – айцец Аляксандр Надсан (1926-2015).
Рым сапраўды можна лічыць горадам святых і блаславёных. З гэтым горадам была звязаная і дзейнасць шляхцянкі з-пад Воршы, блаславёнай Каталіцкага касцёла – Цэліны Бажэнцкай (1833-1913).
Цэліна нарадзілася ў багатай шляхецкай сям’і Хлюдзінскіх у вёсцы Антовіль пад Воршай. З юнацтва хацела стаць манахіняй, але за намовай родных і свайго спаведніка пастанавіла стварыць сям’ю. У 1853-ім годзе выйшла замуж за шляхціца Юзафа Бажэнцкага і пераехала ў мужаў маёнтак Амбрэмбшчына пад Горадняй. Тут у сужэнства нарадзілася чацвёра дзяцей, двое з якіх памерлі ў маленстве.
Цэліна разгарнула дабрачынную дзейнасць, дапамагаючы мясцоваму сялянству, а таксама хавала паўстанцаў Кастуся Каліноўскага ў 1863-ім годзе. За гэта царскія ўлады схапілі жанчыну і кінулі ў гарадзенскую турму, дзе яна перабывала з маленькай дачкой, якой было ўсяго толькі некалькі тыдняў.
У 1874-ым годзе пасля працяглай хваробы памёр Юзаф Бажэнцкі, які ў сваім тастаменце выказаў вялікае каханне і захапленне мудрасцю і разважлівасцю сваёй жонкі. Пасля смерці мужа Цэліна з дочкамі пераехала ў Рым. Там у 1887-ым годзе Цэліна Бажэнцкая адкрыла школу для дзяўчат, дзе ў якасці капелана служыў Джакама дэла К’еза (будучы папа Бенедыкт XV).
Цэліна з дачкой Ядвігай пастанавілі заснаваць новую манаскую супольнасць, якая клапацілася б пра маральнае адраджэнне і духоўнае ўзмацненне вернікаў. Падчас малітвы ў рымскім касцёле святога Клаўдзія яе наведала містычная відзежа, у якой яна пабачыла будучы манаскі строй для планаванай кангрэгацыі. У гэты касцёл, як распавядаюць, раней часамі заходзіў таксама пясняр Літвы – Адам Міцкевіч. Храм месціцца па адрасе Via del Pozzetto, 160.
6-га студзеня 1891-га года Цэліна разам з дачкой Ядвігай у доме на вуліцы Via Veneto, 95 заснавалі новую кангрэгацыю сясцёр Змёртвыхпаўстання Пана Нашага Езуса Хрыста і склалі манаскія зарокі. Шлях да гэтага быў нялёгкі і цярністы, бо эмігранцкае асяроддзе звысоку глядзела на Цэліну і Ядвігу ды кпіла з іх, кажучы, што тыя “забаўляюцца рэлігіяй”.
У 1900-ым годзе манахіні купілі зямлю на будову генеральнага дома (Via Marcantonio Colonna, 52), які быў урачыста асвячаны 17-га кастрычніка 1902-га года і існуе да сённяшняга дня пад назвай “Дом Маткі” (“Casa Madre”).
У 1906-ым годзе Цэліна перажыла чарговы ўдар – памерла яе дачка Ядвіга, якая была адначасова найбліжэйшай супрацоўніцай і паверанай асобай. Сама Цэліна адышла з жыцця ў 1913-ым годзе. Пахаваная побач з дачкой у горадзе Кэнты на поўдні сучаснай Польшчы. Цэліна была абвешчаная блаславёнай Каталіцкага касцёла 27-га кастрычніка 2007-га года папам Бенедыктам XVI. Беатыфікацыйны працэс яе дачкі Ядвігі яшчэ трывае.
Яшчэ адно асаблівае месца для беларусаў у Рыме – гэта беларуская рэдакцыя Ватыканскага радыё.
Рэгулярнае вяшчанне Ватыканскага радыё па-беларуску пачалося 6-га студзеня 1950-га года. Да гэтага, 24-га снежня 1949-га года, на хвалях папскай радыёстанцыі, бадай, упершыню ў гісторыі на беларускай мове прагучала пасланне рымскага пантыфіка – папы Пія XII – з нагоды ўрачыстасці Божага Нараджэння і пачатку юбілейнага года хрысціянства.
Першым кіраўніком і цягам доўгага перыяду адзіным працаўніком беларускай рэдакцыі быў рымска-каталіцкі святар Пётр Татарыновіч (1896-1978).
Айцец Пётр быў шчырым прыхільнікам беларусізацыі рэлігійнага жыцця. Шмат высілкаў прысвяціў ён перакладчыцкай і выдавецкай працы. 25 гадоў, ад 1950-га да 1975-га, ён рэдагаваў і друкаваў у Рыме лацінкай беларускі рэлігійна-грамадскі часопіс “Зніч”.
У савецкай Беларусі ў гэты час пераследаваліся святары і вернікі, а рэлігійная літаратура знішчалася, таму Пётр Татарыновіч выкарыстаў магчымасці эміграцыі, каб узбагаціць корпус духоўных тэкстаў па-беларуску і спатоліць прагу беларускіх вернікаў мець малітвы на сваёй мове. Святар пераклаў у Рыме і выдаў часткі Новага Запавету, падрыхтаваў да друку малітоўнік па-беларуску “Голас душы” (1949), пераклаў на беларускую мову і выдаў раман Генрыка Сянкевіча “Quo vadis?”.
26-га мая 1961-га года Апостальскі Пасад надаў яму званне прэлата – ганаровы тытул, які даецца асабліва заслужаным святарам.
Пэўны час беларускую рэдакцыю на Ватыканскім радыё ўзначальваў айцец Леў Гарошка (1911–1977) – архімандрыт, даследнік гісторыі рэлігіі ў Беларусі, культуролаг, літаратар, аўтар артыкулаў і кніг, выдавец. Леў Гарошка змог пераканаць Кангрэгацыю па справах усходніх цэркваў, што энцыкліка папы Пія ХІІ “Orientalis omnes” з нагоды 350-ых угодкаў Берасцейскай уніі мусіць быць выдадзеная і на беларускай мове, а лацінскае слова “Rutheni” ў ёй – перакладзенае як “беларусы і ўкраінцы”. Гэта стала важным момантам для таго, каб Апостальская Сталіца пачала надаваць больш увагі беларусам як асобнай і самабытнай нацыі.
Кіраўніком беларускай рэдакцыі ў Ватыкане быў і айцец Роберт Тамушанскі (1940-1996) – грамадзянін ЗША, чые дзяды былі беларускімі сялянамі-ўніятамі з Аўгустоўшчыны (цяпер тэрыторыя Польшчы). У юнацтве праз пошукі каранёў ён захапіўся беларушчынай і гісторыяй Грэка-каталіцкай царквы, а гэта прывяло яго да святарства і працы на беларускай мове ў Ватыкане.
Супрацоўнічаў з беларускай рэдакцыяй і епіскап Часлаў Сіповіч (1914-1981) – першы беларускі грэка-каталіцкі біскуп у XX стагоддзі, генерал Кангрэгацыі марыянаў, апостальскі візітатар беларусаў-каталікаў у замежжы, доктар багаслоўскіх навук, адзін з беларускіх тэарэтыкаў і прапаведнікаў экуменізму, публіцыст і перакладчык. Епіскап Сіповіч быў, бадай, адзіным беларусам, які ўдзельнічаў у ІІ Ватыканскім саборы (1962–1965), які вельмі істотна змяніў і рэфармаваў Каталіцкі касцёл.
Беларуская рэдакцыя на Ватыканскім радыё дзейнічае ў Рыме і дагэтуль. З 1970-га года Ватыканскае радыё знаходзіцца ў Палацы Пія, недалёка ад базілікі святога Пятра. Супрацоўнікі беларускай рэдакцыі абяцаюць пазнаёміць наведнікаў са сваёй працай, распавесці пра гісторыю радыё і правесці экскурсію па сваім будынку. Дзеля гэтага ім неабходна загадзя патэлефанаваць ці папярэдзіць аб сваім візіце праз электронную пошту.
У Рыме ёсць, напэўна, і больш месцаў, звязаных з беларускай гісторыяй, але яны чакаюць яшчэ свайго адкрыцця, даследавання і апісання.
Артыкул першапачаткова апублікаваны на zerkalo.io.