ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі: намінацыя “Мастацтва”
У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны-творцы, які ўнеслі значны ўклад у развіццё мастацтва, літаратуры, балету, рэжысуры ды іншых кірункаў творчасці. Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу. Апроч гэтага, […]
У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны-творцы, які ўнеслі значны ўклад у развіццё мастацтва, літаратуры, балету, рэжысуры ды іншых кірункаў творчасці.
Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу. Апроч гэтага, мы імкнуліся звярнуць увагу на забытых жанчын, каб наноў адкрыць іх імёны.
Стэфанія Станюта – акторка-эпоха
Стэфанія Станюта правяла 60 год на тэатральнай сцэне Беларусі. Яна заспела амаль усё ХХ стагоддзе, грала ў Першым таварыстве беларускай драмы і камедыі, у Нацыянальным тэатры імя Янкі Купалы, шпіталях перад параненымі ў часы Другой сусветнай вайны. Усяго ў яе партфоліа налічваецца амаль 300 роляў у тэатры (каля 200 з іх – на сцэне Купалаўскага тэатра) і звыш 70 – у кіно і на тэлебачанні.
Геаграфія яе здымак – Менск, Масква, Ленінград, Тбілісі, Гагры, Таржок, Кіеў, Валдай, Селігер, Краснаярск, Іўе, Нароўля, Талін… Яна аб’ехала ўсю Беларусь, здымалася ва ўсіх кінастудыях СССР. Каб сыграць адзін эпізод у дзіцячым фільме “Пра Чырвоную Шапачку”, Стэфанія Міхайлаўна прыляцела з Крыма ў Калінінград.
Яна грала сялянак і шляхцянак аднолькава пераканаўча, хаця пра сельскае жыццё ведала няшмат, бо заўсёды была жыхаркай горада. А галоўным фільмам для яе стала “Развітанне” паводле аповеду Валянціна Распуціна, дзе яна сыграла сталую сялянку.
Яна збірала не толькі рысы людскіх характараў, якія дапамагалі ёй яскрава выконваць розныя ролі, але і жалуды, ягады рабіны і шыпшыны, насенне пладоў і іншыя дробязі, каб рабіць з гэтага ўпрыгожанні і дарыць сябрам.
Нават пасля 70 гадоў Стэфанія Міхайлаўна танцавала і магла сесці на шпагат. Яе імя носіць закрытая “элітная” вуліца ў Менску, на доме на праспекце Незалежнасці, дзе яна жыла, усталяваная шыльда. Яна стала адзінай беларускай акторкай, у гонар якой выдалі паштовую марку з ейным партрэтам.
Соф’я Хамянтоўская – душа пінскай фатаграфіі
Ці ведаеце вы беларускую фатографку, якая была вядомая на ўвесь свет? На сваю любімую Leica яна здымала гістарычныя кадры па ўсім свеце, перамагала ў найбуйнейшых фотаконкурсах, друкавала здымкі ў найбуйнейшых выданнях Еўропы, паказвала свае працы на дзясятках фотавыставаў. Але ніколі не забывала пра сваё любімае Палессе і вёску Парахонск пад Пінскам, дзе яна нарадзілася.
Гаворка ідзе пра Соф’ю Хамянтоўскую. Яна жыла і працавала на Палессі і ў Варшаве, а памерла ў Буэнас-Айрэсе ў Аргенціне. Яе актыўная дзейнасць прыйшлася на 30-я гады ХХ стагоддзя, пасля яна фіксавала падзеі Другой сусветнай вайны. У пачатку 2010-ых гадоў у Польшчы ладзілі вялікую выставу яе работ пра міжваеннае Палессе.
У яе фотаздымках – палескія дзяды і бабулі, якія ўжо зніклі з успамінаў, рыбакі, балоцістыя пейзажы Палесся, жанчыны, якія збіраюць ягады. Яна перадавала простыя вобразы з неймавернай дабрынёй, падкрэсліваючы натуральнасць людзей кампазіцыяй і святлом.
Выстаўляцца жанчына пачала яшчэ ў 26 гадоў, удзельнічала і перамагала ў міжнародных выставах і фотаконкурсах. Ейная асаблівасць была ў тым, што яна паказвала жыццё як яно ёсць, не баялася разбураць стэрэатыпы. Сваю канцэпцыю яна дакладна паказала ў відэа “Я здымаю”. Гэтая стужка прывяла яе да ўзнагароды на Усеагульнай нацыянальнай выставе ў Познані ў 1929-ым годзе.
Дзякуючы ў тым ліку яе здымкам аднавілі варшаўскі Каралеўскі замак. У 1975-ым годзе пасля 30 гадоў эміграцыі яна прыехала ў Варшаву, каб падарыць гораду свае даваенныя здымкі інтэр’ераў. У той жа час яна арганізавала фотавыставу, прысвечаную гісторыі горада. Прозвішча нашай зямлячкі значыцца ў спісе аўтараў, пра чые працы найчасцей пыталі ў лічбавым архіве Музея Варшавы.
Цяпер дзякуючы тысячам яе фотаздымкаў, можна вывучаць жыццё Заходняй Беларусі і Польшчы, якое паказваецца праз рэгіянальную культуру, побыт і архітэктуру.
Удзельнічаючы ў падзеях сусветнага маштабу, Хамянтоўская спрыяла і развіццю свайго роднага рэгіёна. Яна прывозіла ў Парахонск мастакоў, пісьменнікаў, фатографаў і дыпламатаў, каб людзі пабачылі Палессе і адкрылі яго для сябе. Дзякуючы ёй у вёску неаднаразова завітваў і знакаміты фатограф Ян Булгак.
Ларыса Геніюш – нязломная паэтка
Гэтая жанчына скарае не толькі сваёй літаратурнай дзейнасцю, але і непахіснасцю. Жыццё Ларысы Геніюш было няпростым, але яна змагла пражыць яго так годна, што запомнілася як адна з самых выбітных беларусак ХХ стагоддзя.
Дзякуючы перакананням і цвёрдаму характару пісьменніцу называлі Нязломнай і Няскоранай: яна прайшла эміграцыю, арышты, лагеры, але да канца жыцця ні яна, ні яе муж Янка Геніюш не прынялі савецкага ладу і грамадзянства. У тым ліку дзякуючы гэтаму яна стала сімвалам антысавецкага супраціву.
Восем гадоў яна правяла ў лагеры, яе дапытвалі і катавалі, а пасля вызвалення – трымалі пад пастаянным ціскам. Імя Геніюш дагэтуль не рэабілітавана.
Вершы Геніюш зняволеныя беларусы называлі “глюкозай”, бо ў тых складаных умовах паэтычныя творы былі для вязняў крыніцай энергіі. Сама паэтка таксама падкрэслівала, што пісала для таго, каб падтрымліваць беларусаў маральна.
У Празе Ларыса Геніюш даглядала хворага старшыню ўрада БНР Васіля Захарку. Перад сваёй смерцю ён перадаў ёй палітычны тастамент, архіў і пячатку з Пагоняй. Ларыса Геніюш захоўвала і парадкавала архіў БНР, а найбольш каштоўную яго частку схавала. Захарка хацеў, каб яна стала ягонай пераемніцай, але засумняваўся ў гэтым, бо Геніюш была жанчынай.
Каб атрымаць доступ да архіва, яе катавалі службоўцы ў савецкай Беларусі, абяцаючы голай павесіць на вуліцах Менску. На што жанчына адказвала: “Усіх нас вам не перавешаць”.
Калі яна вызвалілася са сталінскага лагера, то жыла ў Зэльве. Там і дагэтуль стаіць дом, у якім жыла паэтка. Ейны сын Юрка застаўся ў Польшчы. Калі ён памёр, то Ларысе Геніюш нават не дазволілі прыехаць на ягонае пахаванне.
Пра сваё жыццё паэтка напісала ў легендарнай “Споведзі”, якую і сёння балюча чытаць.
Вольга Ладыгіна – жанчына, якая ўзнаўляла Менск
Гэтая жанчына з дзяцінства марыла ўзводзіць цудоўныя будынкі, каб у іх можна было радасна ды шчасліва жыць і працаваць. Калі дзяўчынка вырасла, яна стала вядомай архітэктаркай Вольгай Ладыгінай, чые праекты дапамаглі ўзнавіць пасляваенны Менск і сталі візітнай карткай сталіцы.
Ладыгіна – родная пляменніца прымы беларускай оперы Ларысы Александроўскай. Вольга нарадзілася ў Маскве, бо ў той час бацька працаваў там, але, калі ёй было чатыры гады, сям’я вярнулася на радзіму маці – у Менск.
Потым рэпрэсіі вымусілі сям’ю эвакуявацца ў Саратаў, а калі пачалася вайна, Вольга толькі закончыла першы курс Ленінградскага інжынерна-будаўнічага інстытута. Від будынкаў, якія рушыліся, зрабілі на яе такое моцнае ўражанне, што пасля яна прысвеціць усё жыццё іх аднаўленню.
Яна пабудавала безліч будынкаў, шмат з якіх цяпер сталі сімваламі Менска. Сярод іх – Палац воднага спорту, жылыя дамы-”кукурузы” на вуліцы Кульман, дамы насупраць цырку, чые фасады ўпрыгожылі вянкі з кветак і вазы з фруктамі. Ейныя “кукурузы” сталі першымі каркаснымі, а не панэльнымі дамамі-шматпавярховікамі. Таксама яна спраектавала “долар” – цагляны дом на вуліцы Кульман, які нагадвае літару “S”.
Амаль усё жыццё яна працавала ў праектным інстытуце “Белдзяржпраект”, дайшоўшы ў ім да пасады галоўнай архітэктаркі. Усяго яна рэалізавала больш за 80 праектаў. Апроч таго, яна будавала гарадскія масты – праз Заходнюю Дзвіну ў Віцебску і праз Днепр у Магілёве, а таксама міні-ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы.
У 1961-64 гадах яна нават была старшынёй Беларускага саюза архітэктараў. Падчас гэтай дзейнасці яна адрамантавала будынак № 14 на вуліцы Карла Маркса, частка якога і была аддадзеная творчаму аб’яднанню. Адна з вядомых ейных прыдумак падчас рамонту – пераробка афіцыйнай залі пасяджэнняў ва ўтульную бібліятэку. Архітэктарка сама падбірала мэблю і дэталі інтэр’еру.
Вольга Ладыгіна ездзіла на міжнародныя імпрэзы, дзе прэзентавала Беларусь і СССР. Ейныя праекты нават дэманстраваліся ў Парыжы на выставе прац жанчын-архітэктарак. Яна стала адной з першых, хто атрымаў званне заслужанай архітэктаркі БССР.
Надзя Хадасевіч-Лежэ – беларуская Фрыда
Яна нарадзілася ў невялічкай вёсцы Асецішчы, што на Віцебшчыне, а стала вядомай на ўвесь свет мастачкай, праславіўшыся ў Францыі. Але ніколі не забывалася пра сваю радзіму, у тым ліку дорачы беларускім музеям свае творы.
Надзея ці Надзя, як яна сама сябе называла падчас жыцця ў Францыі, працавала ў галінах жывапісу, графікі, скульптуры і мазаікі. Яна была аўтаркай твораў манументальнага і станковага жывапісу, манументальна-дэкаратыўнага мастацтва, стварыла кампазіцыі для аэрапортаў у Парыжы і Вашынгтоне. Працавала ў стылі супрэматызму, рэалізму, пурызму і прымітывізму.
Да поспеху быў доўгі шлях. Напрыклад, падчас вучобы ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Варшаве яна працавала нянькай у польскай сям’і, майстрыхай па вырабе шляп, жыла ў манастырскім прытулку. У Акадэмію сучаснага мастацтва ў Парыжы яе прынялі без іспытаў. Значна пазней яна стане спачатку асістэнткай, а затым жонкай яе заснавальніка, вядомага мастака Фернана Лежэ.
Апроч гэтага, яна была і культурнай менеджаркай. Пасля смерці мужа ў 1955-ым годзе Надзея занялася папулярызацыяй ягонай творчасці. У 1960-ым годзе яна стварыла Музей Фернана Лежэ ў Б’ёт (Прыморскія Альпы) – першы ў свеце монамузей, дзе размясціла 385 мастацкіх твораў: кераміку, габелены, мазаіку. Побач экспанавала і свае мазаічныя творы. Праз дзесяць гадоў Музей Фернана Лежэ быў падараваны Надзеяй французскаму народу.
Не забывалася яна і пра Беларусь. У фондах Нацыянальнага мастацкага музея захоўваюцца 12 супрэматычных кампазіцый мастачкі – рэпрадукцыі з сапраўдных графічных лістоў юнай Надзі Хадасевіч 1920-ых гадоў. Выкананыя яны ў тэхніцы шаўкаграфіі, адбіткі датуюцца канцом 1960-ых. Хадасевіч-Лежэ падчас аднаго з наведванняў Савецкага Саюза падарыла іх тагачаснай кіраўніцы музея Алене Аладавай.
Апроч гэтага, у музеі дзякуючы ёй з’явіліся работы Фернана Лежэ і Пабла Пікаса. Знакамітая мастачка і тым, што П’ер Кардэн стварыў упрыгожанні паводле эскізаў Лежэ.
Надзя была вядомая і сваім актывізмам – мела пацыфісцкія і камуністычныя погляды, удзельнічала ў французскім руху Супраціву і была вядомая пад рознымі імёнамі ў Францыі.