
Выйшаў другі наклад падарункавай Радзівілаўcкай мапы
Радзівілаўская карта ВКЛ 1613-га года зноў ёсць у продажы
У беларускім выдавецтве Gutenberg Publisher выйшаў у свет другі наклад лімітаванай падарункавай копіі рарытэтнай Радзівілаўскай карты Вялікага Княства Літоўскага, арыгінал якой быў набыты ініцыятывай Maldzis.

Гэта наш сумесны праект з выдавецтвам Gutenberg Publisher і са студыяй старадаўніх карт і гравюр Imago.by. У межах ініцыятывы мы робім дасяжнымі для ўсіх ахвотных важныя артэфакты беларускай культурнай спадчыны.
Падарункавае выданне з’яўляецца двухбаковым, як і набытая Maldzis арыгінальная карта, – адваротны бок асобніка ад Maldzis утрымлівае старонкі з атласа з лацінскім тэкстам пад назвай “Descriptio Lithuaniae”. Гэта геаграфічнае і гісторыка-культурнае апісанне ВКЛ.


Набыць карту можна тут: https://gutenbergpublisher.eu/shop/mapa-maldzis-vip/
Радзівілаўская карта ахоплівае тэрыторыю ВКЛ у межах да падпісання Люблінскай уніі 1569-га года і часткова землі суседніх краінаў. Ініцыятарам яе стварэння і фундатарам быў князь Мікалай Крыштап Радзівіл Сіротка, і ў выніку мапа ўвайшла ў гісторыю пад ягоным прозвішчам. Аўтарам эскіза карты з’яўляецца нясвіжскі гравёр Тамаш Макоўскі.
Мапа была шырока вядомая ў Еўропе і да гэтага часу застаецца каштоўнай гістарычнай крыніцай. На ёй пазначаныя звыш 1000 населеных пунктаў, з якіх больш за 300 – на землях сучаснай Беларусі.
Нагадаем таксама пра магчымасць набыцця лімітаванай падарункавай копіі нядаўняга здабытку ініцыятывы Maldzis – карты Аркадзя Смоліча, першай беларускамоўнай карты Беларусі, што была надрукаваная ў Вільні ў 1919-ым годзе.

Яе аўтар – адзін з бацькаў-заснавальнікаў БНР, першы прафесар геаграфіі БССР Аркадзь Смоліч. Падарункавы асобнік гэтай мапы можна набыць у выдавецтве Gutenberg Publisher у двух варыянтах: у раме альбо ў тубе з драўляным падвесам.