MALDZIS вяртае Трэці Статут ВКЛ

У межах працы па вяртанні беларускіх каштоўнасцяў ініцыятыва MALDZIS выкупіла Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года (Трэці Статут), надрукаваны ў Вільні ў 1693-ім годзе на польскай мове.  Статут ВКЛ 1588-га года – самае важнае выданне, надрукаванае ў Вялікім Княстве Літоўскім за ўсе часы яго існавання, і адзін з самых дасканалых прававых дакументаў у тагачасным свеце.  […]

У межах працы па вяртанні беларускіх каштоўнасцяў ініцыятыва MALDZIS выкупіла Статут Вялікага Княства Літоўскага 1588-га года (Трэці Статут), надрукаваны ў Вільні ў 1693-ім годзе на польскай мове. 

Статут ВКЛ 1588-га года – самае важнае выданне, надрукаванае ў Вялікім Княстве Літоўскім за ўсе часы яго існавання, і адзін з самых дасканалых прававых дакументаў у тагачасным свеце. 

Фота: Аліна Мазавец

Кажа Павел Мацукевіч, кіраўнік ініцыятывы MALDZIS:

“Трэці Статут ВКЛ – гэта помнік беларускай прававой культуры, у якім можна ўбачыць ідэю ўсталявання прававой дзяржавы і першы крок да яе. Статут абараняў незалежнасць ВКЛ і ў ім была рэалізаваная агульнапрынятая сёння ідэя падзелу ўлады на тры галіны: заканадаўчую, выканаўчую і судовую.  

Статут дзейнічаў цягам больш як 250 гадоў, перажыў падзелы Рэчы Паспалітай і знікненне ВКЛ у выніку ўключэння беларускіх зямель у склад Расейскай імперыі. Для параўнання, найстарэйшая ў свеце Канстытуцыя ЗША толькі набліжаецца да свайго 240-гадовага ўзросту”.

Фота: Аліна Мазавец

Здабыты старадрук знойдзены ў антыкварнай краме ў Калішы (Польшча) і набыты на сродкі беларускіх ахвярадаўцаў: Сяргея Казлоўскага, Рамана Андрыянава, Філіпа Дайнэкі і Дар’і Сліж. 

Бліжэйшым часам Статут будзе выстаўляцца на адмысловых мерапрыемствах па-за Беларуссю, але праз некаторы час будзе перададзены ў першую меркаваную сталіцу ВКЛ – Наваградак, у мясцовы гісторыка-краязнаўчы музей, у якасці грамадскага падарунка. 

Набыты Статут выйшаў у свет у друкарні Віленскай акадэміі езуітаў у 1693-ім годзе паводле рэдакцыі 1648-га года. Выданне 1693-га года маецца ў шэрагу буйных бібліятэк і музеяў свету, у тым ліку і ў Беларусі. 

Арыгінальны Статут ВКЛ 1588-га года быў напісаны на “рускай мове”, якая з усіх найбольш блізкая да сучаснай беларускай. Першы польскі пераклад з’явіўся праз чвэрць стагоддзя пасля прывілею польскага караля і вялікага князя літоўскага Жыгімонта III Вазы, які 28-га студзеня 1588-га года і зацвердзіў Статут.

Фота: Аліна Мазавец

Кажа Рыгор Астапеня, апякун ініцыятывы MALDZIS:

“Статут ВКЛ быў узорам для іншых дзяржаў, у прыватнасці Расеі і Прусіі, якія выкарыстоўвалі яго пры распрацоўцы свайго права. Да распрацоўкі Статута прычыніліся славутыя беларускія дзяржаўныя дзеячы і дыпламаты Астафій Валовіч і Леў Сапега, якія складаюць гонар нацыі. Падобныя вяртанні, як набыццё Статута, паказваюць, што іх праца шануецца нашчадкамі і з’яўляецца істотным элементам сённяшняй ідэнтычнасці беларусаў”. 

Пра MALDZIS і магчымасці падтрымаць ініцыятыву

Ініцыятыва атрымала назву ў гонар Адама Мальдзіса, які шукаў і вяртаў з забыцця страчаныя беларускія каштоўнасці і імёны. MALDZIS працягвае гэтую справу і бачыць сваю місію ў аб’яднанні беларусаў вакол нацыянальнай ідэнтычнасці і ўмацаванні вобраза Беларусі як еўрапейскай нацыі. 

Фота: Аліна Мазавец

Такія набыткі, як Трэці Статут ВКЛ, магчымы дзякуючы грамадскім ахвяраванням. Цяпер MALDZIS мае найбольшую патрэбу ў падтрымцы даследчай працы ў пошуку каштоўнасцяў, іх набыцці, ушанаванні памяці слынных беларусаў і беларусак ды вяртанні забытых імёнаў. Асабліва карыснымі для ініцыятывы з’яўляюцца штомесячныя ахвяраванні, нават малога памеру.

Запісаў пакуль няма