Пустыя магілы: тры гісторыі пра кенатафы беларусаў у Вільні
Часам аказваецца так, што немагчыма паўнавартасна пахаваць чалавека. Ці праз абставіны смерці, ці праз крэмацыю сляды яго цела губляюцца, але гэта не значыць, што мусіць згубіцца і памяць пра яго. У такіх выпадках нашчадкі ставяць у гонар людзей сімвалічныя помнікі, пад якімі насамрэч няма парэшткаў целаў памерлых. Гэткія помнікі называюць кенатафамі. Напрыклад, ва ўрочышчы Курапаты […]
Часам аказваецца так, што немагчыма паўнавартасна пахаваць чалавека. Ці праз абставіны смерці, ці праз крэмацыю сляды яго цела губляюцца, але гэта не значыць, што мусіць згубіцца і памяць пра яго. У такіх выпадках нашчадкі ставяць у гонар людзей сімвалічныя помнікі, пад якімі насамрэч няма парэшткаў целаў памерлых. Гэткія помнікі называюць кенатафамі.
Напрыклад, ва ўрочышчы Курапаты пад Менскам – месцы масавага расстрэлу беларусаў сталінскай уладай – існуе кенатаф Вацлаву Ластоўскаму. Рэпрэсаваны беларускі навуковец быў расстраляны ў 1938-ым годзе ў Саратаве, куды быў сасланы. Аднак у Курапатах пастаўлены сімвалічны помнік яму.
На могілках у Радашковічах, што пад Маладзечнам, размясцілі кенатаф сына вядомага беларускага вучонага-мовазнаўцы Браніслава Тарашкевіча – Радаслава. На радзіме ксяндза Адама Станкевіча ў Арлянятах таксама ўсталяваны сімвалічны помнік яму. Памёр ён у лагеры сістэмы ГУЛАГ і пахаваны на могілках палітзняволеных каля вёскі Шаўчэнка Тайшэцкага раёну Іркуцкай вобласці ў Расеі.
Сярод вядомых кенатафаў – помнік Осіпу Мандэльштаму на Старакунцаўскіх могілках у Маскве. Паэт памёр у ссылцы, таму месца яго пахавання невядомае – камень у яго памяць усталявалі побач з драўляным крыжам на магіле яго жонкі Надзеі.
Адзін з найбольш вядомых кенатафаў у Еўропе – помнік невядомаму салдату, які загінуў падчас Першай сусветнай вайны. Ён месціцца ў Лондане на вуліцы Уайхол, уяўляе сабой слуп вышынёй 11 метраў, да якога штогод у Дзень памінання нясуць кветкі міністры, каралеўская сям’я і вайскоўцы. Гэты кенатаф стаў кананічным, пасля яго помнікі палеглым падчас вайны сталі ўсталёўваць па ўсёй тэрыторыі былой Брытанскай імперыі.
Цікава, што пахаванне вядомага мастака і графіка Альбрэхта Дзюрэра на могілках Ёганісфрыдхоф (Johannisfriedhof) у Нюрнбергу – таксама кенатаф. У Дзюрэра і яго жонкі не было дзяцей, таму за іх магіламі не было каму даглядаць. Пахаванне выкапалі, бо ніхто за яго не плаціў. Таму цяпер засталася толькі арыгінальная надмагільная пліта, а парэшткі лічацца згубленымі.
Часам здараецца, што месца пахавання людзей вядома, аднак кенатафы ім ставяцца ў іншых месцах праз шэраг прычын. Напрыклад, цікавым кенатафам з’яўляецца Факел Свабоды ў Парыжы. Ён стаў месцам паломніцтва людзей, якія хочуць ушанаваць памяць прынцэсы Дзіяны, хаця быў усталяваны задоўга да яе трагічнай смерці.
А рэжысёр Андрэй Таркоўскі хоць і знайшоў спачын пад Парыжам, ушанаваны кенатафам на падмаскоўных могілках побач з пахаваннем бацькі.
У замежжы існуюць таксама беларускія кенатафы – часам яны ўспрымаюцца як сапраўдныя пахаванні, бо выглядаюць адпаведна. Людзі нясуць да іх знічы і кветкі, прыходзяць схіліць галаву і паразважаць пра вечнае.
Некалькі сімвалічных беларускіх пахаванняў можна пабачыць на віленскіх могілках Росы – вядомым некропалі, дзе знайшлі апошні спачын знакамітыя постаці беларускай гісторыі.
Бацькі БНР
На самай вяршыні Літарацкай горкі стаяць помнікі братам Луцкевічам – асветнікам, “бацькам БНР”. Сляды іх парэштак згубіліся праз цяжкія абставіны смерці і далейшыя выпрабаванні для іх нашчадкаў.
Іван Луцкевіч памёр ад сухотаў у польскім Закапанэ, дзе і быў пахаваны. У 1991-ым годзе гісторык з Беластока Алег Латышонак знайшоў гэтае месца, але пахаванне Івана выкраслілі з рэестра могілак у 1960-ых гадах, і там было ўжо іншае пахаванне. Таму да помніка ў Вільні прывезлі толькі сімвалічную прыгаршч зямлі з таго месца.
Антон Луцкевіч памёр па дарозе ў ссылку ў лагеры расейскага горада Аткарска ў Саратаўскай вобласці. Ніхто не ведае дакладнага месца яго апошняга спачыну. Урачыстае асвячэнне кенатафа адбылося 27-га сакавіка 1993-га года.
Калі цяпер прыйсці да помніка на Росах, то пад імем Івана Луцкевіча можна пабачыць надпіс: “Іване, ты жывеш!”
Гэтыя словы – сведчанне вялікага кахання паміж беларускім дзеячам і Юліянай Менке, на руках якой ён і памёр. Юліяна пакінула ўспаміны пра свайго каханага, напісаўшы іх у Нюрнбергу напрыканцы жыцця. Вось што яна ў іх дакладна напісала:
“Я ж і так верыла, што ягоная светлая, чыстая душа жыве далей і, ведаю, яна жыве і ў душах беларускага народу, якому ён аддаў усе сілы душы сваёй. Ведаеш, Ляля, калі Бог пазволіць перавезці цела Івана ў Вільню, то я яму на камні накажу зрабіць надпіс, як рабілі першыя хрысціяне ў катакомбах сваім дарагім памершым: ІВАНЕ, ТЫ ЖЫВЕШ!”
Дзякуючы кенатафу Луцкевічаў, там змаглі пахаваць Антонавага сына – Лявона Луцкевіча і яго жонку Галіну Войцік, дачку Зоські Верас. Яны ў вялікай ступені прычыніліся дзеля захавання беларускасці ў Вільні пасля вайны.
Бацька беларускага тэатра
Непадалёк ад кенатафа братоў Луцкевічаў на Літарацкай горцы стаіць помнік Францішку Аляхновічу – ён адзін з пачынальнікаў беларускага прафесійнага тэатра, вязень ГУЛАГа, жахі якога першы ў гісторыі апісаў у сваёй аўтабіяграфічнай кнізе “У капцюрох ГПУ”. Твор упершыню быў апублікаваны ў 1934-ым годзе ў польскамоўнай віленскай газеце “Słowo”. Яшчэ ў міжваенны час аповесць была выдадзеная на сямі еўрапейскіх мовах.
Аляхновіча застрэлілі ў Вільні ў 1944-ым годзе. Таямніца яго забойства доўгі час была нераскрытая. Паводле розных версіяў, пазбавіць яго жыцця маглі савецкія партызаны, байцы польскай Арміі Краёвай або немцы. Увесну 2024-га года апублікаваныя новыя факты: у знойдзеных дакументах пра забойства Аляхновіча ёсць справаздача Літоўскага штаба партызанскага руху на чале з Я. Сіманавічусам (Пятрайцісам).
Пахавалі драматурга на Кальвінісцкіх могілках. Кажуць, што жалобная працэсія тады расцягнулася больш чым на кіламетр. Аднак напрыканцы 1950-ых на месцы могілак пабудавалі Палац шлюбаў, знішчыўшы ўсе старыя пахаванні. Потым знеслі і Палац, цяпер на месцы могілак – Лютэранскі сад. Перанесці парэшткі Аляхновіча не было каму, таму цяпер вядомае толькі меркаванае месца яго пахавання.
Ужо пазней, у 1989-ым годзе, віленскія беларусы дамагліся таго, каб драматургу паставілі яму сімвалічны помнік на Росах – туды прынеслі сімвалічную жменьку зямлі з меркаванага месца яго апошняга спачыну.
Аднак вялікіх сродкаў на помнік не было, таму яго зрабілі са шкловалакна і баксітнай смалы, мяркуючы, што гэта часовае вырашэнне. Увесь гэты час пастамент хіліўся і разбураўся, пакуль у 2020-ым годзе яго не вывезлі на рэстаўрацыю, усталяваўшы замест яго драўляны крыж. Сродкі на ўзнаўленне – 6500 еўра – беларусы сабралі талакой, і нарэшце напярэдадні Дзядоў у 2022-ім годзе адноўлены помнік усталявалі. Са скульптуры Эдуарда Падбярэскага літовец Аідас Рыціс Васіляўскас зрабіў аўтарскую рэнавацыю.
Бацькі паўстання 1863-1864
Калі перанесціся на іншы канец Вільні, на Лукішскую плошчу, можна знайсці яшчэ адзін непрыкметны на першы погляд помнік.
Сціплы мемарыяльны знак паведамляе, што на гэтым месцы былі пакараныя смерцю ўдзельнікі паўстання 1863-1864 гадоў і яго кіраўнікі Зыгмунт Серакоўскі і Кастусь Каліноўскі. Надпіс спачатку быў на польскай мове, потым – на літоўскай і расейскай мовах, а цяпер – на літоўскай, польскай, беларускай і англійскай.
Хутчэй за ўсё, паўстанцаў павесілі насупраць – каля Музея ахвярам генацыду. Менавіта тут Каліноўскі прамовіў сваю знакамітую фразу: “У нас няма дваранаў, усе роўныя!” А пахавалі паўстанцаў на Замкавай гары, дзе раней стаяў расейскі вайсковы гарнізон. Расейскія ўлады закапалі парэшткі таемна, каб пахаванне паўстанцаў не стала месцам паломніцтва.
Праз змену ўладаў у гэтым месцы то ўзнікалі, то знікалі памятныя знакі – крыжы, шыльды. Памяць пра месца пахавання захоўвалася, дзякуючы старажылам. Таксама ацалелі і некаторыя фотаздымкі. Аднак пасля 40-х гадоў месца пахавання не было ніяк абзначана, перапахаваннем паўстанцаў таксама не займаліся.
Толькі ў 2016-ым годзе пасля апоўзняў на гары Гедзіміна пачалі працаваць археолагі. У студзені 2017-га года яны выявілі пахавальную яму з парэшткамі 20 паўстанцаў, сярод якіх быў Кастусь Каліноўскі і Зыгмунт Серакоўскі. Іх парэшткі перапахавалі ў асобнай каплічцы ў цэнтры Росаў, аднак кенатаф на Лукішскай плошчы пакінулі, але ўжо ў форме іншай шыльды.
Туды і дагэтуль прыходзяць людзі, каб ушанаваць памяць знакамітых паўстанцаў.