Сцежкамі ВКЛ у Вільні: якія месцы важныя для беларускай гісторыі?

Вільня – гэта разгорнуты падручнік, паводле якога можна вывучаць гісторыю розных перыядаў і розных народаў, у тым ліку беларускага. Тут з-пад старадаўніх касцёлаў вызіраюць яшчэ больш старыя паганскія капішчы, а абразы захоўваюць пах фарбаў некалькіх эпох. Калісьці гэты горад быў сталіцай ВКЛ – княства, у якое ўваходзілі землі сучаснай Беларусі. Таму калі прайсціся сцежкамі сучаснага […]

Вільня – гэта разгорнуты падручнік, паводле якога можна вывучаць гісторыю розных перыядаў і розных народаў, у тым ліку беларускага. Тут з-пад старадаўніх касцёлаў вызіраюць яшчэ больш старыя паганскія капішчы, а абразы захоўваюць пах фарбаў некалькіх эпох.

Калісьці гэты горад быў сталіцай ВКЛ – княства, у якое ўваходзілі землі сучаснай Беларусі. Таму калі прайсціся сцежкамі сучаснага горада, можна незаўважна для сябе занурыцца ў тыя часы – горад нашэпча табе ўсе гісторыі, што ён памятае, нягледзячы на свой сталы век. MALDZIS запрашае на шпацыр па месцах ВКЛ у Вільні.

Кафедральная плошча

Раней у гэтым месцы знаходзіўся мураваны абарончы комплекс, які складаўся з Верхняга і Ніжняга замкаў. Ніжні замак – былая рэзідэнцыя вялікіх князёў. Тут былі абарончыя муры, бастыёны і іншыя будынкі, цякла рэчка, у былым рэчышчы якой цяпер пракладзеная дарога. Таму ад былых часоў амаль нічога не засталося – нават парку, які быў на месцы ўсёй плошчы за часамі Расейскай імперыі. 

Від на Вільню з Замкавай гары. Фота: Лікі Юр’евай

Аднак гэта важны пункт у адчуванні гісторыі ВКЛ у Вільні, бо на ім завязаны шэраг атмасферных падзей таго часу. Адам Кіркор згадваў, што яшчэ ў XIX стагоддзі тут знаходзілася ацалелая паганская святыня бога Перуна, на месцы якога і пабудавалі Кафедральны сабор. 

Дарэчы, шмат якія храмы ў Вільні будаваліся на месцы былых паганскіх капішчаў. Кафедральны сабор (касцёл у гонар святога Станіслава) тут узвёў яшчэ Ягайла ў 1387-ым годзе, але ад таго будынка амаль нічога не засталося. Сучасны будынак сфармаваўся на пераломе XVIIІ-XIX стагоддзяў па праекту архітэктара Лаўрэнція Гуцэвіча. Тут каранаваліся вялікія князі ВКЛ, пахаваны князь літоўскі і кароль польскі Аляксандр Ягелон, а таксама дзве жонкі караля Жыгімонта Аўгуста – Лізавета Габсбург і Барбара Радзівіл (апошняй у Вільні ўсталяваны помнік). 

Помнік Барбары Радзівіл. Фота: Лікі Юр’евай

Калі прайсці яшчэ крыху далей, можна трапіць у кавярню, якая названая акурат “Аўгуст і Барбара” – у гонар гістарычнага кахання Барбары Радзівіл і караля польскага і вялікага князя літоўскага Жыгімонта Аўгуста.

Сёння можна пашпацыраваць гэтымі месцамі і ўявіць сабе, як тут было раней, дзякуючы намаганням рэстаўратараў. У мясцовым музеі ў Палацы вялікіх князёў літоўскіх змешчаныя артэфакты, якія знайшлі пры раскопках. Кафля, посуд, мапы, дахоўкі, колы, гербы, даспехі, чарніліцы – чаго тут толькі няма?! Таксама ў музеі можна пабачыць гістарычны падмурак. На Кафедральнай плошчы ўсталяваны помнік князю ВКЛ Гедзіміну. Постаць сімвалічна паказвае сваім мячом на месца, дзе будзе заснаваная Вільня. Гэтак помнік пераказвае нам легенду пра ўзнікненне літоўскай сталіцы. Калі прайсціся яшчэ крыху далей, можна ўскараскацца на магільную гару Гедзіміна – паводле легендаў, менавіта тут пахаваны вялікі князь.

Месцы Льва Сапегі

У 2024-ым годзе пасля рэканструкцыі адкрылі палац Сапегаў на Антокалі. Гэта былая рэзідэнцыя знакамітага магнацкага роду і месціцца ў атачэнні старых дрэваў і гмахаў тэхнічнага парку (якія раней былі карпусамі лякарні).

Гісторыя будынка вельмі даўняя і перадусім звязаная з іменем канцлера і гетмана ВКЛ Льва Сапегі. Кажуць, што менавіта тут у 1633-ім годзе ён і памёр, праўда, тады на ўскраіне горада стаяла яшчэ драўляная сядзіба.

Напрыканцы XVII стагоддзя на яе месцы пабудавалі каменны палац – дакладны год заканчэння будаўніцтва невядомы. Гэтак тут з’явіўся барочны маёнтак, які належаў Казіміру Яну Сапегу і потым пераходзіў у спадчыну ад адных да іншых яго нашчадкаў. Кожны з іх перабудоўваў палац на свой лад. Пазней расейскія ўлады стварылі тут вайсковы шпіталь, знішчылі большую частку ўбрання – звонку палац аднавілі толькі ў 1927-1928 гадах. 

Палац Сапегаў на Антокалі падчас рэканструкцыі летам 2022 году. Фота: Лікі Юр’евай

Апошняя рэстаўрацыя вялася з 2012-га года – і нарэшце палац адкрылі для наведнікаў. Першы паверх можна паглядзець бясплатна, а потым трэба абавязкова пашпацыраваць па мясцовым старым парку, які называюць Сапежынамі, і папіць смачнай кавы ў кавярні Taste Map

У Вільні захавалася яшчэ адно месца, якое памятае Льва Сапегу. Старажытныя муры, збудаваныя не пазней за пачатак XVI стагоддзя, належалі знакамітаму канцлеру, які склаў трэцюю рэдакцыю Статута ВКЛ 1588-га года. Статут дагэтуль лічыцца ўзорам права ў еўрапейскіх краінах. 

Пахаваны Леў Сапега таксама непадалёку – у касцёле святога Міхаіла, фундатарам узвядзення якога ён быў. Цяпер тут месціцца Музей царкоўнай спадчыны, дзе сярод іншага можна ўбачыць мармуровы помнік канцлеру ў стылі ракако. 

Помнік Льву Сапезе ў Музеі гісторыі рэлігіі. Фота: Лікі Юр’евай

Тут пахаваныя таксам абедзве жонкі Льва Сапегі – Дарота Фірлей і Альжбета Радзівіл, сыны Крыштаф і Ян Станіслаў ды іншыя прадстаўнікі роду. У 1655-ым годзе касцёл быў спалены і разрабаваны маскоўцамі, астанкі нябожчыкаў рабаўнікі выкінулі з трунаў. Пасля выгнання расейскіх войскаў Сапегі былі перапахаваныя пад галоўным алтаром.

Касцёл святога Мікалая

Гэта адзін з самых старажытных касцёлаў на тэрыторыі сучаснай Літвы. Упершыню касцёл святога Мікалая згадваецца яшчэ ў 1387-ым годзе. Адам Кіркор разважаў, што яго маглі пабудаваць нямецкія купцы з ганзейскіх гарадоў, якіх у Вільню запрасіў князь Гедзімін.

Гатычны касцёл Святога Мікалая. Фота: Лікі Юр’евай

Тут ёсць слупы, якія падтрымліваюць зоркавыя і сотавыя скляпенні, барочная званіца. Таксама тут захаваўся абраз святога Мікалая, які быў напісаны ў XVI стагоддзі на дошцы, а цяпер змешчаны ў галоўным алтары бажніцы. 

Касцёл не адзін раз гарэў у пажарах, разбураўся падчас войнаў, яго ўдасканальвалі, рамантавалі і перабудоўвалі. Напрыклад, у 1514-ым годзе ўнутраную прастору храма перакрылі гатычнымі скляпеннямі, пасля пажараў сярэдзіны XVIII стагоддзя пабудавалі хоры і вежу-званіцу. У XIX стагоддзі тут з’явіліся капліца і гзымс на паўночным фасадзе вежы. Таму касцёл у асноўным захаваў першасны гатычны выгляд, але мае пры гэтым элементы раманскага стылю, барока і класіцызму. Пазней, у міжваенны перыяд, тут адбываліся адныя з першых беларускіх набажэнстваў, якія правёў ксёндз Адам Станкевіч. 

Дарэчы, калі прыглядзецца, ён вельмі падобны да касцёла Святой Тройцы ў Ішкалдзі пад Баранавічамі.

Царква святой Тройцы

Цяпер у Базыльянскіх мурах месціцца ўкраінская царква, але старажытны будынак памятае шмат гістарычных падзеяў, звязаных з беларускай гісторыяй. 

Драўляную царкву пабудавалі на месцы смерці трох віленскіх пакутнікаў у часы князя ВКЛ Альгерда. Легенды кажуць, што тры прыдворныя саноўнікі князя Альгерда – Іаан, Антоній і Яўстафій, хрысціяне ўсходняга абраду – прынялі пакутніцкую смерць з рук паганцаў у 1347-ым годзе, бо пашыралі хрысціянства ў Літве. На месцы іх гібелі збіраліся на малітву хрысціяне, якія збудавалі тут пазней невялікую капліцу. На жаданне Альгердавай жонкі Ульяны на месцы капліцы была пабудаваная царква ў імя Святой Тройцы, у якую былі перанесены астанкі пакутнікаў.

Вежа царквы Святой Тройцы. Фота: Лікі Юр’евай

Гісторыя ж мураванай Траецкай царквы звязаная са знакамітым гетманам Канстанцінам Астрожскім. Распавядаюць, што выпраўляючыся ў бітву пад Воршай у 1514-ым годзе, ён даў зарок: калі пераможа – збудуе на месцы драўлянай царквы мураваную. 

Так і адбылося. Цягам ХV-XVI стагоддзяў кляштар, што з’явіўся на гэтым месцы, быў культурным цэнтрам са школай, лякарняй і друкарняй. Пасля Берасцейскай уніі ў 1608-1827 гадах храм і кляштар належалі Базыльянскаму ордэну – ад гэтых часоў увесь комплекс называюць “Базыльянскімі мурамі”.

Шыльда Канстанціну Астрожскаму на будынку царквы Святой Троіцы. Фота: Лікі Юр’евай

Працягнулася гісторыя месца і пасля часоў ВКЛ. Напрыклад, тут месцілася Беларуская гімназія і музей Івана Луцкевіча, але гэта ўжо зусім іншая гісторыя. 

Віленскі ўніверсітэт

І хаця большая частка мінуўшчыны знакамітай адукацыйнай установы тычыцца пазнейшага перыяду, езуіты заснавалі Віленскі ўніверсітэт менавіта ў часы ВКЛ. 

Спачатку 27-га верасня 1570-га году на базе парафіяльнай школы езуіты заснавалі калегіўм. З 1578 года прывілеем Стэфана Баторыя ён стаў мець тыя ж правы, што і акадэміі і ўніверсітэты, аднак зацверджаны ён быў толькі з 1579 года. Гэта і лічыцца годам заснавання Віленскага ўніверсітэта. З тых часоў тут вучыліся і выкладалі шмат якія славутыя асобы беларускай гісторыі. 

Цяпер у архітэктурным ансамблі месцяцца не толькі факультэцкія будынкі, але і касцёл святых Янаў ды званіца. У бібліятэцы таксама захоўваецца арыгінал Бібліі Францішка Скарыны.

Месцамі Скарыны

У Вільні можна знайсці і месца, дзе была друкарня, якая дала свет першай старабеларускай кнізе, надрукаванай на тэрыторыі ВКЛ. У месцы, пазначаным на мапе, стаяў будынак, дзе былі надрукаваныя “Малая падарожная кніжка” ў 1522-ім годзе і “Апостал” у 1525-ым. Там ёсць шыльда знакамітаму першадрукару, а таксама ўтульны ўнутраны дворык са скульптурай

Скарына з’ехаў з Вільні пасля пажару, у якім загінула яго жонка Маргарыта, але яго друкарню сталі выкарыстоўваць браты Мамонічы. Менавіта дзякуючы ім на свет выйшаў і знакаміты Статут 1588-га года, які мы ўжо згадвалі.

Вострая брама

Месца паломніцтва хрысціянаў, незалежна ад нацыянальнасцяў, мае багатую гісторыю. Перадусім Вострая брама знакамітая абразом Вастрабрамскай Божай Маці. 

Паводле аднаго з паданняў, гэты абраз князь Альгерд падараваў сваёй жонцы – віцебскай князёўне Марыі, якая ахвяравала выяву кляштару Святой Тройцы. Сама Вострая брама пабудаваная ў 1514-ым годзе. Раней у ёй захоўваліся дзве іконы: у бок Беларусі быў звернуты абраз з абліччам Хрыста, а ў бок Вільні быў скіраваны абраз Маці Божай. 

Цяпер усё, што мы бачым, – зусім іншае. 

Пры падрыхтоўцы тэксту выкарыстаныя матэрыялы кнігі Лявона Луцкевіча Вандроўкі па Вільні.

Запісаў пакуль няма