ТОП-5 жанчын у гісторыі Беларусі: намінацыя “Палітыка”

У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія мелі ўладу і палітычны ўплыў у краіне ці змагаліся за тое, каб мець такую ўладу самастойна ці ў складзе пэўнай палітычнай сілы.  Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, […]

У гэтай намінацыі прадстаўленыя жанчыны, якія мелі ўладу і палітычны ўплыў у краіне ці змагаліся за тое, каб мець такую ўладу самастойна ці ў складзе пэўнай палітычнай сілы. 

Сярод крытэраў адбору намінантак – іхняя дзейнасць на тэрыторыі сучаснай Беларусі, ступень уплыву на грамадства ў свой час, а таксама сталая праца на карысць абранай сферы і, адпаведна, колькасць укладзеных сілаў, сродкаў і часу. 

Дадатковыя крытэры – ступень уплыву, шырыня дзейнасці ці сродкаў уплыву, удзел у значных гістарычных падзеях. Апроч гэтага, мы імкнуліся звярнуць увагу на забытых жанчын, каб наноў адкрыць іх імёны.

Галасаванне ў намінацыях “Мецэнацтва”, “Навука” і “Палітыка” скончылася. Прапануем прагаласаваць у намінацыі “Мастацтва”!

Соф’я Шамардзіна – футурыстка, феміністка і “першая лэдзі” 

Фота: svaboda.org

Як толькі ні называюць гэтую жанчыну! І валькірыяй сексуальнай рэвалюцыі, і маці савецкага беларускага фемінізму, і нават першай беларускай футурысткай. Соф’я Шамардзіна паказвала, як можна жыць і кахаць па-новаму, застаючыся пры гэтым актыўнай дзяячкай на палітычнай сцэне. Яна яшчэ ў пачатку 1920-ых гадоў змагалася за правы жанчын, якія і ў нашыя часы лічацца недастаткова абароненымі.

Соф’я Шамардзіна нарадзілася ў Нясвіжы, закончыла Менскую гімназію. Яна ўваходзіла ў футурысцкія колы, а пасля рэвалюцыі 1917-га года стала займаць розныя партыйныя пасады і нават працавала ў штабе гарадской міліцыі. Напрыклад, Соф’я была старшынёй Жаночага аддзела ЦК КП(б)Б, падарожнічала з лекцыямі і прамовамі для беларускіх жанчын. Галоўныя яе ідэі – бытавая роўнасць мужчыны і жанчыны, грамадзянскі шлюб, лёгкія разводы, аборты. У сваіх выступах яна казала, што галоўная задача жанчыны – служэнне грамадству.

У яе было багатае асабістае жыццё. Соф’я Шамардзіна не ўступала ў шлюбы і верыла ў свабоднае каханне. У сваю чаргу яна сама стала вялікім каханнем і музай для Уладзіміра Маякоўскага, ад якога зацяжарыла, але зрабіла аборт. Маякоўскі нават выкарыстоўваў ейны вобраз у сваіх творах, у тым ліку ў знакамітым вершы “Воблака ў штанах”. 

Пасля Маякоўскага яе партнёрам – менавіта такі фармат стасункаў быў прымальны для Соф’і – стаў старшыня Камітэта народных камісараў Беларусі Язэп Адамовіч. Фактычна гэтак яна стала і “першай лэдзі” ў савецкай Беларусі. Аднак кажуць, стасункі былі свабоднымі.

Яшчэ ў 1924-ым годзе яна пазначыла сябе беларускай у партыйнай анкеце, хаця ейны бацька паходзіў з сібірскіх татараў. А ў 1926-ым годзе, калі яна была старшынёй Галоўпалітасветы, Соф’я адмяніла рашэнне цэнзуры аб забароне купалаўскіх “Тутэйшых”, і п’еса пабачыла свет. Таксама захаваліся звесткі, што жанчына займалася ўшанаваннем памяці Максіма Багдановіча і вучыла Маякоўскага беларускай мове.

Пасля самагубства Адамовіча жанчына правяла 10 гадоў у ГУЛАГу, праз два гады пасля вызвалення (у 1949-ым) была зноўку арыштаваная. Яе асудзілі да спецпасялення ў горадзе Ігарка Краснаярскага краю, дзе будавалася Транспалярная чыгуначная магістраль. Абедзве пастановы аб арыштах адмянілі ў 1955-ым годзе. 

Пасля вызвалення атрымала маленькі пакой у маскоўскай камуналцы. Пасля рэабілітацыі прасіла спрыяць захаванню памяці Язэпа Адамовіча, Аляксандра Чарвякова і Мікалая Галадзеда, якія загінулі падчас рэпрэсій. Соф’я Шамардзіна памерла ў маскоўскім прытулку для старых бальшавікоў у Перадзелкіне ў 1980-ым годзе. 

Вера Маслоўская – руплівая Мурашка беларушчыны

Фота: Arche

Паўстанка і настаўніца, паэтка і нацыяналістка – у міжваенны час Вера Маслоўская працавала на карысць незалежнай Беларусі і марыла аб’яднаць беларускія землі. Цяпер пра яе не так шырока вядома, таму мы выпраўляем гэтую несправядлівасць.

27-гадовая Вера Маслоўская была ключавой фігуранткай гучнага “Працэсу 45-ці” – палітычнай працэсу над беларускімі дзеячамі ў Польскай Рэспубліцы. Іх абвінавачвалі ва ўдзеле ў нелегальнай беларускай арганізацыі і падрыхтоўцы ўзброенага паўстання і імкненні адарваць землі, населеныя беларусамі, ад Польшчы. 

Апроч гэтага, Вера стала адной з пачынальніц беларускага школьніцтва на Беласточчыне – цяпер яе называюць жанчынай, якая дала беларусам школу на роднай мове. Сама яна завочна закончыла Свіслацкую настаўніцкую семінарыю, вучыўшыся па начах. Ейны бацька цягам двух дзён вёз дачку ў семінарыю на канях, каб яна магла атрымаць дыплом настаўніцы. Потым Вера цягам жыцця настаўнічала ў шматлікіх адукацыйных установах.

Ейная палітычная дзейнасць пачалася з 1919-га года, калі Вера ўступіла ў Беларускую партыю сацыялістаў-рэвалюцыянераў і выступала супраць польскага рэжыму, адстойваючы беларускую нацыянальную ідэю. А ў канцы 1920-га Маслоўская ўжо стварыла на тэрыторыі Беластоцкага, Бельскага і Сакольскага паветаў падпольную паўстанцкую арганізацыю, атрымаўшы заданне ад эмігранцкага ўрада БНР. 

Яна адзіная сярод жанчын ёсць на фотаздымку ўдзельнікаў Усебеларускай канферэнцыі ў Празе ўвосень 1921-га года. На сходзе яна праславілася тым, што прапанавала рэзалюцыю аб неабходнасці барацьбы за аб’яднанне ўсіх беларускіх земляў. Праз два гады яе арыштавалі і пасадзілі ў беластоцкую турму. Падчас “Працэсу 45-ці” яна размаўляла на вытанчанай беларускай мове і падкрэслівала, што хацела злучыць усе часткі падзеленай Беларусі ў адно цэлае, але вінаватай сябе не прызнала. Для яе патрабавалі пажыццёвай катаргі, на што Маслоўская засмяялася ў вочы пракурору. Яе асудзілі на шэсць гадоў турэмнага зняволення.

Пасля вызвалення яна не магла працаваць настаўніцай, аднак пры савецкай уладзе вярнулася да гэтага. У родных Агароднічках (вёска ў Беластоцкім павеце Польшчы) яна стварыла беларускую няпоўную сярэднюю школу, якая працавала нават падчас нямецкай акупацыі. У 1946-ым годзе праз пагрозу з боку польскіх падпольшчыкаў яна з’ехала на пяць гадоў у Сілезію, аднак у сярэдзіне 1951-га года вярнулася ў Супрасль (горад у Польшчы). Была загадчыцай гарадской бібліятэкі, працавала ў Лізе жанчын і была дэпутаткай беластоцкай Павятовай народнай рады.

Пакінула пасля сябе вершы, якія пісала пад псеўданімамі “Мурашка”, “Беларуская Мурашка”. 

Каміла Марцінкевіч – ікона рэвалюцыйнага стылю

Фота: citydog.io

Гэтая жанчына магла стаць вядомай піяністкай, але правяла шмат гадоў у ссылцы. Музыка, асветніца, рэвалюцыянерка, якая закупляла зброю для Кастуся Каліноўскага, – усё гэта пра Камілу Марцінкевіч. 

Яна была дачкой вядомага пісьменніка Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і ўжо з дзяцінства мела талент піяністкі. Ад васьмі гадоў яна выступала з канцэртамі па ўсёй Еўропе, аднак ейнае музычнае развіццё спыніў недахоп грошай. Пасля гэтага Каміла грала ў бацькавых пастаноўках і выкладала музыку.

Увесь свой імпэт Каміла накіравала на рэвалюцыйную дзейнасць. Пасля расстрэлу царскімі войскамі ў Варшаве мірнай маніфестацыі ў 1861-ым годзе ў Менску пачаўся вялікі антыцарскі супраціў – Каміла Марцінкевіч стала адной з ключавых яго фігураў. Каміла спявала гімны ў касцёлах і грамадскіх месцах – аднойчы заспявала забаронены рэвалюцыйны гімн у Менскім катэдральным касцёле.

Хутка ўлады забаранілі такія спевы – тады Каміла прыдумала новы крок, які ўжо ў 2020-ым годзе ў нечым паўтарылі беларускія жанчыны. У знак салідарнасці і ў памяць аб загінулых патрыётах яна адной з першых у Менску стала адзяваць жалобную чорную сукенку і капялюшык. Сотні жанчын краю сталі рабіць гэтаксама. 

Яна знаходзіла ўсё новыя і новыя метады супраціву царскай уладзе. Калі ў чэрвені 1861-га года па горадзе прагульваўся менскі губернатар Эдуард Келер, дзяўчына на вачах мінакоў выбегла яму насустрач і выліла яму на галаву мачу. За гэта яе арыштавалі і змясцілі ў лякарню для вар’ятаў. У яе абарону мясцовыя жыхары сталі ладзіць акцыі пратэсту: прыносілі кветкі і спявалі песні ля сцен. Хутка Камілу адпусцілі, але забаранілі ёй прыязджаць у Менск без дазволу.

Жанчына не здавалася і пасля гэтага арганізавала ў мястэчку Гарадок пад Маладзечнам школу для бедных дзяцей. У 1863-ім годзе яе зноў арыштавалі праз фотаздымак паўстанцаў, на якім яна была адзінай жанчынай. Вядома, што ў ейным доме збіраліся паўстанцы, яна раскідвала ўлёткі і здабывала зброю. Каб арыштаваць яе, у Гарадок адправілі 50 паліцыянтаў.

Гэтым разам Каміла сядзела ў Пішчалаўскім замку – месцы, якое пазней стане вядомым як следчы ізалятар №1 або “Валадарка”. Са сваёй камеры яна кінула кветкі пад ногі паўстанцу Жмачынскаму, якога вялі на шыбеніцу. Пасля гэтага ўчынку ўлады не вытрымалі: 29-гадовую Камілу Марцінкевіч адправілі ў ссылку ў сібірскі Салікамск на 25 гадоў. На радзіму яна вярнулася хворай толькі праз 20 гадоў.  

Надзея Грэкава – беларуская Маргарэт Тэтчэр

Фота: xpress.by

Ці ведалі вы пра тое, што ў Беларусі ўжо была свая прэзідэнтка? У 1938-ым годзе старшынёй Вярхоўнага Савета БССР стала Надзея Грэкава, якой на той момант было 28 гадоў. Цяпер гэтая пасада аналагічная прэзідэнцкай – паводле Канстытуцыі, яна фактычна кіравала рэспублікай. Паралельна яна была сакратаркай Камуністычнай партыі тагачаснай Беларусі ў галіне прамысловасці.

Надзея Рыгораўна кіравала БССР дзевяць гадоў, стаўшы адзінай жанчынай у палітычнай гісторыі СССР, якую абралі на такі высокі пост. Здарылася гэта на ўсенародных выбарах у 1938-ым годзе. Ейную кандыдатуру ўхваліў Сталін, параіўшы змяніць прозвішча “Грэк” на “Грэкава”, каб усе бачылі, што ва ўладзе БССР знаходзіцца жанчына.  

Яна пачынала як швачка ў Менску, а пасля – кіравала краінай, у якой у тыя часы з нуля стваралася прамысловасць, фармавалася сістэма кіравання, нарошчваўся культурны патэнцыял. У гэтых умовах Надзея Грэкава развівала прамысловыя аб’екты, якія цяпер сталі візітоўкай Беларусі: Рагачоўскі камбінат, Добрушскую папяровую фабрыку, Аршанскі льнокамбінат.  

Разам з тым гэта былі часы пастаянных рэпрэсій. Дачка Грэкавай згадвала, што ў кватэры заўсёды стаяла “трывожная” валізка на выпадак арышту, а пасля працы яна часам не ішла дадому, а гуляла па Менску да раніцы: лічылася, што быць арыштаванай удзень не так страшна. Яна дапамагала сваякам рэпрэсаваных, што пісалі ёй лісты з просьбамі, падпісваючы адрасата “Цёця Грэкава” ці проста “Менск, Грэкава”. У справе бязвінна схопленых ёй даводзілася пісаць асабіста да Берыі і Цанавы.

Падчас вайны Грэкава апынулася на расейскай тэрыторыі, бо ў 1941-ым, калі горад занялі нацысты, яна вучылася ў Маскве. Падчас працы ў Казані яна дапамагала беларускім партызанам і чатыры разы хадзіла за лінію фронту, каб падтрымаць людзей.

Пасля вайны яна выклікала здзіўленне тым, што так шмат увагі надавала адраджэнню культуры і навукі. Жанчына ратавала каштоўныя кнігі, якія акупанты вывезлі з Менска, кантралявала збор матэрыялаў пра злачынствы супраць чалавечнасці і апекавалася вызваленымі вязнямі з лагера смерці Азарычы ў сакавіку 1944-га года. Матэрыялы, якія яна сабрала пра злачынствы нацыстаў, потым выкарыстоўваліся падчас Нюрнбергскага працэсу. Надзея Рыгораўна брала на рукі вызваленых дзяцей і дапамагала падымацца ў машыны тым, хто не мог гэтага зрабіць. 

У 1944-ым годзе яна вярнулася ў Менск узнаўляць народную гаспадарку, а пазней пераехала ў Маскву. Там праз яе пачалі ціснуць на мужа – галоўнага інспектара Савецкай арміі Малініна. Тады 42-гадовая жанчына напісала заяву на звальненне і больш ніколі не вярнулася на чыноўніцкую пасаду. Яна выхоўвала дзяцей і працавала ў грамадскіх арганізацыях, што займаліся пытаннямі жанчын і ветэранаў.

Соф’я Гальшанская – маці каралёў

Выява: wikipedia.org

Гэтая жанчына была ўключаная ў палітычныя гульні сваіх зямель амаль ад самага нараджэння. Яна была прадстаўніцай княскага роду Гальшанскіх і ёй наканавана было стаць родапачынальніцай каралеўскай дынастыі Ягелонаў. Гэтая дынастыя панавала ў некалькіх краінах Еўропы больш за 150 гадоў. 

Аднак і сама каралева вызначалася талерантнасцю, мудрасцю і адыграла значную ролю ў палітычным жыцці дзяржавы. У часы Сярэднявечча гэта было зусім няпроста! У 17 гадоў Соф’я Гальшанская стала чацвёртай жонкай нашмат старэйшага за яе польскага караля Ягайлы – на той час яму было больш за 70 гадоў. У шлюбе яна нарадзіла трох сыноў, запачаткаваўшы дынастыю Ягелонаў. Пры гэтым яна пастаянна адбівалася ад абвінавачванняў у здрадзе мужу. Цяпер імя дынастыі носіць Ягелонскі ўніверсітэт у Кракаве. Па сутнасці, сам шлюб маладой Соф’і ўжо стаў палітычным крокам: яна пайшла на яго, каб уратаваць краіну ад крыжакоў.

Кажуць, Соф’ю не любілі ў Кракаве, бо яна выхоўвала сыноў у павазе да сваёй гістарычнай радзімы – ВКЛ. 

Пасля смерці свайго мужа яна не стала рэгенткай 10-гадовага сына Уладзіслава, але ўвайшла ў рэгенцкую раду. Соф’я прымала ўдзел у палітычным жыцці краіны, перадусім турбуючыся, хутчэй за ўсё, за карысці для сваіх сыноў. 

Напрыклад, калі Уладзіслаў знік у бітве пад Варнай, Соф’я, хаця і спадзявалася, што ён трапіў у палон да туркаў, прыклала ўсе намаганні, каб польскі трон дастаўся ейнаму малодшаму сыну Казіміру. На той час ён быў князем ВКЛ, як кажуць, таксама не без спрыяння каралевы. Спачатку ён адмовіўся, верачы ў вызваленне брата, хаця каралева асабіста прымала ўдзел у пасольстве з прапановай польскай кароны і ўгаворвала яго прыняць уладу. Урэшце ёй удалося яго намовіць. Пры гэтым каралева агучыла ўмову: калі вернецца Уладзіслаў, Казімір уступіць яму месца.    

А гісторык Ян Длугаш быў упэўнены, што толькі дзякуючы падбухторванням і абяцанням з ейнага боку была ўтвораная прагусіцкая Навакорчынская канфедэрацыя. Каралева імкнулася да пашырэння польскіх зямель і хацела далучыць Луцкую зямлю да Польшчы. Соф’я цягам пяці дзён умольвала сына паклапаціцца пра пашырэнне Польскага каралеўства, але гэтым разам ён не паддаўся на яе ўгаворы.

Каралева Соф’я прыбягала і да хітрыкаў. Напрыклад, аднойчы адправіла пасла ў Рым, каб выказаць павагу новаму папу Пію ІІ, хоць насамрэч ейнай сапраўднай мэтай было даведацца пра меркаванне папы наконт вайны Польшчы з ордэнам крыжакоў, якая ішла ў той час.   

Галасаванне ў намінацыях “Мецэнацтва”, “Навука” і “Палітыка” скончылася. Прапануем прагаласаваць у намінацыі “Мастацтва”!